Выбрать главу

Тут я даведаўся, што маму арыштавалі. Пеця дома не начаваў. У мамы дапытваліся пра Стася. Відаць, нехта нешта пранюхаў і данёс. Але мама казала адно: сына забілі партызаны за тое, што ён служыў у немцаў. I маму выпусцілі. Аднак мы адчувалі, што за нашым домам пільна сочаць. Нас хацелі захапіць з партызанамі. Але і мы сачылі за паліцэйскімі шпіёнамі. Калі зрабілася ўжо зусім небяспечна, прыйшоў наш знаёмы Міша з пісьмом ад брата: усім нам пакінуць горад як мага хутчэй...

3

Лёгка сказаць: усёй сям'ёй выехаць, калі за намі ўвесь час сочаць! Доўга раіліся, як перахітрыць нямецкіх сабак. Нарэшце мама прыдумала такі план, які нават Пеця ўхваліў.

Мы пачалі рыхтаваць дровы на зіму. Куплялі воз, другі, адчынялі вароты — хай усе бачаць. Сена вязём для каровы, свінню гадуем. Суседзі глядзяць і зайздросцяць. Маці пачала прыбіраць хату, расчыніла ўсе вокны, мые іх, а падлогу шаруе гарачай вадой. Бацька беліць кухонную печку. Уладзік або Пеця страху папраўляюць, стукаюць малатком на ўсю вуліцу.

— Чаго гэта вы так прыбіраецеся? — пытаюцца суседзі.

— На вяселле едзем, а потым маладыя да нас прыязджаюць. Яны будуць у нас жыць, пакуль знойдуць сабе кватэру.

Уся вуліца пра гэта ведае. Ведаюць і паліцэйскія. Уладзік на машыне прыязджае, возіць маму на рынак, катае нас. Зусім шчаслівае жыццё.

Нарэшце прыйшоў дзень ад'езду. Мама звярнулася да суседкі:

— Паглядзі за нашым домам. Карову падоіш. Свінню пакорміш. Прыедзем з маладымі — ты першая госця будзеш.

Пад'ехаў Уладзік з машынай. Уся наша сям'я весела размясцілася ў ёй. У мяне ў руках гармонік. Мы пакацілі з горада, пакінуўшы ўсю нашу маёмасць і гаспадарку.

4

Я ўжо сапраўдны партызан, або, лепш сказаць, партызанскі кур'ер. Маю сваю клічку: Мальчык. Ад нашых зямлянак да Барысава сорак пяць кіламетраў. I гэты шлях мне прыходзілася пераадольваць многа разоў.

Ідзеш ноччу па бальшаку. Вакол ціха і спакойна, але напружанне надзвычайнае. Усё здаецца, што нехта сочыць за табой. Вось там павінна быць нямецкая застава. Я зварочваю з дарогі і праз балота абыходжу яе. Падыходжу да горада, прабіраюся па знаёмых мне завулках да дома Папекава Гогі, перадаю яму лістоўкі і мокрую ад поту запіску Сяляннікава. Але начаваць у сваім родным горадзе небяспечна, і я зараз жа адпраўляюся назад. Паспаць я магу дзе-небудзь у полі ці ў лесе.

Пасля кожнага паходу мне даюць некалькі дзён адпачынку. Я скідаю свае лапці і рваную світку і бадзяюся па зямлянках. Атрад ужо быў вялікі і рыхтаваўся да сур'ёзных аперацый. Перадаваць партызанскія пакеты зрабілася для мяне справай звычайнай.

Аднаго разу, у лютым месяцы, выклікае мянё камандзір і кажа:

— Вось што, Віця, мы дамо табе падводу, паедзеш у горад і прывязеш адтуль пішучую машынку.

— Я, можа, і так як прынясу.

— Не данясеш: яна грувасткая і цяжкая.

Мы распаролі хамут, напхалі туды лістовак і зноў зашылі. Потым запрэглі ў санкі каня, і я паехаў. Доўга еду па снежных глухіх дарогах. Прыехаў у горад, на вуліцу Розы Люксембург. Там жыве жонка нашага партызана Адамовіча. Заехаў у двор, дастаў лістоўкі, перадаў пісьмо і атрымаў машынку. Закапаў у сена і паехаў назад. Пры выездзе з горада спыніў мяне нямецкі вартавы і спытаў, куды я еду. Я спакойны, а ўсярэдзіне ў мяне ўсё дрыжыць.

Пачаў тлумачыць:

— Дахаты еду. У вёску Сорская. Мутэр кранк — у бальніцу адвёз.

Немец паверыў і адпусціў. Калі я прывёз машынку, то ўсе хвалілі мяне, нават падкідалі. Машынку перадалі брыгадзе «Смерць фашызму».

Такім самым чынам я прывёз яшчэ шэсць вінтовак і пяцьсот патронаў, якія дастаў для нас сувязны Аляксееў.

Але бывалі і непрыемнасці. Так, 3 сакавіка 1944 года я пайшоў у горад, каб перадаць пісьмо сувязному Анохіну Віктару. Перадаў пісьмо, пад'еў і застаўся начаваць. Раздзеўся, накрыўся і пачаў драмаць. Раптам чую — пад'ехала машына і спынілася ля дома. Я ўсхапіўся і выскачыў праз акно ў агарод. Бегчы далей баюся, бо я белы, у адной бялізне. Схаваўся, сяджу, дрыжу ад холаду і ад страху. Эсэсаўцы ўвайшлі ў дом, усё ператрэслі і, нічога не знайшоўшы, паехалі. Я вярнуўся ў хату, адзеўся і выбраўся з горада.

5

У тым жа сакавіку была ў мяне яшчэ адна непрыемнасць. Камандзір, даючы мне пакет, сказаў:

— Берагчы! Разумееш? Берагчы!

— Разумею,— адказаў я, хоць не разумеў, чаму гэтае даручэнне важнейшае за іншыя. Па-мойму, партызанскія пакеты заўсёды важныя.

Але ў гэты раз, на ўсякі выпадак, мяне азнаёмілі са зместам пакета: атрад пераходзіў на другі бок чыгункі. Можа, таму я і папаўся, што адчуваў вялікую важнасць справы і меў не такі спакойны выгляд, як заўсёды.

Ля ваеннага гарадка мяне спыніў нямецкі вартавы.

— Пропуск! — сказаў ён па-руску.

А ў мяне ніякага пропуска не было. Што рабіць? Трэба плакаць. Плачучы, пачаў тлумачыць, што іду да маткі ў бальніцу. Паказваю свой кошык, у ім луста хлеба, кавалачак сала, некалькі яек. Але вартавы глядзець не захацеў і павёў мяне ў дзяжурную.

Там мяне абшукалі, але нічога не знайшлі. Каб мяне зусім раздзелі, то, пэўна, знайшлі б пакет...

Сяджу ля печкі. Немец ад мяне не адыходзіць. Пакет пры мне. А што, калі зноў пачнуць шукаць? Загадаюць раздзецца дагала? Тады і атрад можа загінуць.

У гэты час пад'ехала легкавая машына. З яе выйшлі два унтэр-афіцэры і адна жанчына, перакладчыца. Унтэр-афіцэры прывялі жанчыну да мяне, а самі выйшлі. Жанчына пачала мяне дапытваць. Ходзіць па пакоі, курыць, падыходзіць да акна, глядзіць у яго, чакае ад мяне адказу. Тады я дастаў прыліплае да цела пісьмо — і ў рот.

— Ты што робіш? — заўважыла яна.

— Есці хачу,— адказаў я і запхнуў у рот кавалак хлеба.

Жаваць паперу, хоць і з хлебам, вельмі нясмачна. Ледзь-ледзь праглынуў.

Нічога не дабіўшыся, перакладчыца выйшла, але замест яе астаўся адзін афіцэр. Некаторы час ён моўчкі хадзіў па пакоі, а потым падышоў да мяне ззаду і ўдарыў кулаком па шыі.

— Ну, партызан, кажы, чаго прыйшоў?

Мне захапіла дух. Я маўчаў.

Тады ён ударыў мяне кулаком па твары. Я зваліўся. Кроў пайшла з носа і рота. Я паспрабаваў падняцца, але ён зноў збіў мяне. У вушах звінела, у вачах пацямнела...

Потым мяне павялі ў паліцыю. Ахапіў яшчэ большы жах: там служыць Мардасаў, які ведае мяне і ўсю нашу сям'ю... На шчасце, Мардасава не было відаць. Мяне прыняў другі паліцэйскі і спытаў:

— Ты за што папаўся?

— Самагон прадаваў,— кажу я.

— Ну, самагон — справа невялікая,— сказаў ён.— Бяры рыдлёўку і ідзі чысці двор.

Разам са мной ён узяў яшчэ двух арыштаваных. Мы пайшлі чысціць двор. Праз некаторы час у кутку двара я заўважыў уборную, якая часткова хавалася за будынкам. За ўборнай быў звычайны плот. Я папрасіўся туды. Вартавы мяне адпусціў. Падышоўшы да ўборнай, я павесіў знадворку на відным месцы сваю куртку, зайшоў у куток і пераскочыў цераз плот у агарод, а потым прабраўся на рынак. Там я пайшоў ціха, павольна, пакуль не дайшоў да кватэры Адамовіча. Мне далі запэцканую спяцоўку, я вымазаў яшчэ сабе твар і выбраўся з горада. Праз некаторы час я быў ужо ў сваёй групе, якая знаходзілася ў вёсцы Расочная.