Выбрать главу

5

У тым жа сакавіку была ў мяне яшчэ адна непрыемнасць. Камандзір, даючы мне пакет, сказаў:

— Берагчы! Разумееш? Берагчы!

— Разумею,— адказаў я, хоць не разумеў, чаму гэтае даручэнне важнейшае за іншыя. Па-мойму, партызанскія пакеты заўсёды важныя.

Але ў гэты раз, на ўсякі выпадак, мяне азнаёмілі са зместам пакета: атрад пераходзіў на другі бок чыгункі. Можа, таму я і папаўся, што адчуваў вялікую важнасць справы і меў не такі спакойны выгляд, як заўсёды.

Ля ваеннага гарадка мяне спыніў нямецкі вартавы.

— Пропуск! — сказаў ён па-руску.

А ў мяне ніякага пропуска не было. Што рабіць? Трэба плакаць. Плачучы, пачаў тлумачыць, што іду да маткі ў бальніцу. Паказваю свой кошык, у ім луста хлеба, кавалачак сала, некалькі яек. Але вартавы глядзець не захацеў і павёў мяне ў дзяжурную.

Там мяне абшукалі, але нічога не знайшлі. Каб мяне зусім раздзелі, то, пэўна, знайшлі б пакет...

Сяджу ля печкі. Немец ад мяне не адыходзіць. Пакет пры мне. А што, калі зноў пачнуць шукаць? Загадаюць раздзецца дагала? Тады і атрад можа загінуць.

У гэты час пад'ехала легкавая машына. З яе выйшлі два унтэр-афіцэры і адна жанчына, перакладчыца. Унтэр-афіцэры прывялі жанчыну да мяне, а самі выйшлі. Жанчына пачала мяне дапытваць. Ходзіць па пакоі, курыць, падыходзіць да акна, глядзіць у яго, чакае ад мяне адказу. Тады я дастаў прыліплае да цела пісьмо — і ў рот.

— Ты што робіш? — заўважыла яна.

— Есці хачу,— адказаў я і запхнуў у рот кавалак хлеба.

Жаваць паперу, хоць і з хлебам, вельмі нясмачна. Ледзь-ледзь праглынуў.

Нічога не дабіўшыся, перакладчыца выйшла, але замест яе астаўся адзін афіцэр. Некаторы час ён моўчкі хадзіў па пакоі, а потым падышоў да мяне ззаду і ўдарыў кулаком па шыі.

— Ну, партызан, кажы, чаго прыйшоў?

Мне захапіла дух. Я маўчаў.

Тады ён ударыў мяне кулаком па твары. Я зваліўся. Кроў пайшла з носа і рота. Я паспрабаваў падняцца, але ён зноў збіў мяне. У вушах звінела, у вачах пацямнела...

Потым мяне павялі ў паліцыю. Ахапіў яшчэ большы жах: там служыць Мардасаў, які ведае мяне і ўсю нашу сям'ю... На шчасце, Мардасава не было відаць. Мяне прыняў другі паліцэйскі і спытаў:

— Ты за што папаўся?

— Самагон прадаваў,— кажу я.

— Ну, самагон — справа невялікая,— сказаў ён.— Бяры рыдлёўку і ідзі чысці двор.

Разам са мной ён узяў яшчэ двух арыштаваных. Мы пайшлі чысціць двор. Праз некаторы час у кутку двара я заўважыў уборную, якая часткова хавалася за будынкам. За ўборнай быў звычайны плот. Я папрасіўся туды. Вартавы мяне адпусціў. Падышоўшы да ўборнай, я павесіў знадворку на відным месцы сваю куртку, зайшоў у куток і пераскочыў цераз плот у агарод, а потым прабраўся на рынак. Там я пайшоў ціха, павольна, пакуль не дайшоў да кватэры Адамовіча. Мне далі запэцканую спяцоўку, я вымазаў яшчэ сабе твар і выбраўся з горада. Праз некаторы час я быў ужо ў сваёй групе, якая знаходзілася ў вёсцы Расочная.

6

Аднаго разу прыйшоў я змораны. Вельмі балелі крывавыя мазалі на пальцах ног. З радасцю лёг спаць і быў упэўнены, што і на гэты раз, як звычайна, буду некалькі дзён адпачываць. Але ў дванаццаць гадзін ночы мяне сталі будзіць:

— Уставай, Віця, уставай!

Я нічога слухаць не хачу, брыкаюся, закрываю галаву, але голас паўтарае:

— Уставай, Сяляннікаў Фёдар Іванавіч цябе кліча.

Нічога не зробіш. Калі начальнік кліча, трэба ісці. Устаю, апранаюся. Іду.

— Вось што, Віця. Хоць ты і стаміўся, але трэба ісці. Заўтра трэба даставіць гэты пакет жонцы начальніка паліцыі.

— Кабачысе?

— Так, Марусі Кабаковай. Ну, браток, жывей!

Кабакоў быў начальнік нямецкай паліцыі ў Барысаве. Яго жонку называлі Кабачыхай. Усе ў горадзе ведалі не толькі яго, але і яе. Яна была маладая, прыгожая жанчына, франціха, гордая, фанабэрыстая. I да яе трэба несці пакет!

Але разважаць не прыходзіцца. Сабраўся, прыладзіў пісьмо ў належным месцы і пайшоў.

Зноў пачалася знаёмая дарога. Але на гэты раз ісці было цяжка. Праз некаторы час разышоўся і не адчуваў цяжкасці і болю ў нагах.

Удзень падышоў да дома начальніка паліцыі. Увайшоў у кухню і ўбачыў Кабачыху.

— Начальнік дома?

— А табе што трэба? — пытаецца яна.

— Мне трэба ведаць, ці дома Кабакоў.

— Яго няма дома.

Тады я адвярнуўся, дастаў пісьмо і падаў ёй.

— Што гэта такое? — сказала яна строга.

— Мне загадалі перадаць вам гэтае пісьмо...

Яна ўзяла пісьмо і павяла мяне ў сталовую.

Наліла чаю, паставіла вішнёвае варэнне, булачку. З вялікай ахвотай пачаў я есці, а яна з пісьмом выйшла ў другі пакой. Потым вярнулася і далей стала мяне частаваць.