Выбрать главу

Раптам з вуліцы ўвайшоў Кабакоў. Памятаю, ён быў у цёмна-сінім кіцелі, з нямецкімі пагонамі, з шасціканцовай нямецкай зоркай на грудзях, у форменнай шапцы, чысты, важны.

— Гэта хто ў цябе? — спытаў ён.

— Сваяк мой, хлапчук,— адказала яна.

Я ўстаў, апусціў рукі па швах і чакаю, што ён скажа. Але ён больш нічога не сказаў і выйшаў з сталовай.

Тады яна падала мне пісьмо і трывожна сказала:

— Хутчэй! Ідзі хутчэй!

Я сціснуў у кулак пісьмо і выйшаў.

Вечарам я перадаў начальніку адказ Марусі Кабаковай.

— Маладзец! — сказаў начальнік і нават стаў мне кудлачыць валасы.

Вельмі прыемна, калі начальнік партызанскага атрада цябе хваліць і кудлачыць твае валасы.

Я і да гэтага часу не ведаю, якое даручэнне было жонцы начальніка нямецкай паліцыі.

ВІКТАР ГІНЦ (1929 г.)  

г. Нова-Барысаў. 

ВОСЕМ СУТАК

У канцы красавіка 1943 года камандзір дванаццатай кавалерыйскай брыгады імя Сталіна Ціхаміраў загадаў адправіць за лінію фронту пяць цяжка раненых байцоў і шасцёра малых дзяцей. Сярод іх былі я, Тоня Іванова, Святлана Урублеўская, Соня Сухман, Эдзік Глушко, які ў зімнюю блакіроўку адмарозіў ногі, і сын машыністкі Галі — Лёня.

Мая мама працавала партызанскім доктарам, бацькі Тоні — байцы, маці Святланы была ў атрадзе, а бацька ў арміі. Сонін бацька — у гаспадарчай роце. У Эдзіка з родных нікога не было: бацька ваяваў на фронце, а маці і браціка забілі немцы.

Нас пасадзілі на чатыры падводы, далі санітарку цётку Веру, двух конных разведчыкаў і шасцёра байцоў. З Чэрвеньскага раёна нам трэба было прабрацца ў Клічаўскі, ва Усакінскія лясы, дзе знаходзіўся партызанскі аэрадром. Мы ведалі, што хутка будзем на Вялікай зямлі, як гаварылі партызаны, і ехалі з ахвотай. Плакала толькі Святлана: яна не хацела пакідаць маму.

— З кім я там буду? — хныкала яна.

— Не плач, дзіцятка, ты ж едзеш да таткі, за фронт,— заспакойвала маці.

Мы развіталіся з бацькамі, мамкамі і пасля абеду крануліся ў дарогу. Ноччу пераправіліся цераз раку Бярэзіну і прыехалі да бацькоў цёткі Веры. У іх прабылі двое сутак. Разведчыкі, пасланыя наперад, вярнуліся і сказалі, што шлях вольны.

Увечары трэцяга дня мы былі ва Усакінскіх лясах, на аэрадроме. Ён размяшчаўся ў густым лесе. Гэта была вялікая паляна. Дрэвы на ёй высечаны пад корань, а зямля старанна разраўняна. З аднаго боку было балота, а з другога — сасновы бор. Па краях ляжалі кучы дроў, сям-там відаць былі вялікія вогнішчы ад кастроў.

У лясным гушчары, бліжэй да балота, убачылі тры буданы, абстаўленыя яловымі лапкамі. Побач нашы партызаны збудавалі яшчэ два такія буданы. У адным змясцілі раненых, у другім — нас.

Недалёка ад аэрадрома знаходзіўся партызанскі атрад № 208. Старшы групы Жора пайшоў у штаб, каб далажыць аб нашым прыездзе. Мы сядзелі і чакалі. Калі ён вярнуўся, мы абступілі яго і спыталі, ці будзе сёння самалёт.

— Кладзіцеся спаць, самалёта не будзе,— адказаў ён.— Чакаецца заўтра.

Паселі ў будане і засумавалі.

Раптам ноччу запаліліся кастры. Мы паўскаквалі і памчаліся на аэрадром. За намі пабеглі і байцы. У будане застаўся адзін толькі Эдзік. Ён аж заплакаў ад крыўды, што не можа бегчы. У паветры прагудзелі два самалёты, зрабілі некалькі кругоў і кінулі чырвоную ракету. З зямлі пусцілі белую. Самалёты скінулі груз на парашутах і паляцелі.

Мы вярнуліся ў будан. Доўга шушукаліся між сабой, шкадавалі, што самалёты не апусціліся.

Назаўтра вечарам з штаба прыехаў нейкі дзядзька і сказаў адвезці раненых і дзяцей на аэрадром, на самую паляну. Як пачулі мы гэта, ад радасці закрычалі, запляскалі ў ладкі.

Прыехалі і сталі чакаць. Праз гадзіну, а мо і болей, угары нібы чмель загудзеў: «Гу-гу-гу...» Потым мацней і мацней.

«Самалёт!» — здагадаліся мы і пазадзіралі галовы. Глядзім, а нічога не бачым. Гудзіць, і толькі. На зямлі запалілі чатыры кастры, а потым яшчэ шэсць. На паляне стала відно, як удзень. Самалёт пачаў кружыцца і зніжацца. Ракету чырвоную кінуў. I з зямлі кінулі чырвоную. А потым ён вынырнуў з цемры і з ровам пабег па зямлі. I так загрукацеў, што ў вушах зазвінела. Прабег па зямлі і стаў. Мы — да яго. Сэрца дрыжыць, і радасць у грудзях. Падбеглі, а прапелер круціцца і вецер гоніць. Такі вялікі, што мы не ўтрымаліся на нагах і паваліліся. Бедная Святланка аж заплакала: як толькі паспрабуе падняцца, яе і валіць на зямлю.

Падбег камандзір і загадаў усім адысці. А нам не хочацца. Бачым — адчыніліся дзверы, і па лесвіцы з самалёта злезлі тры лётчыкі. У скураных вопратках і шапках. Партызаны сталі разгружаць самалёт. А мы да лётчыкаў: