Выбрать главу

— Дзядзькі, возьмеце нас? — пытаем.

— Усіх забяру, усіх,— адказаў адзін лётчык і, дастаўшы з сумкі шакалад, пачаў частаваць нас. А другі булак даў. Добрыя лётчыкі, спадабаліся нам.

Разгрузілі самалёт, раненых палажылі. Дайшла чарга да нас. Мы развіталіся з байцамі, з цёткай Верай і палезлі ў самалёт. А ў ім крэслы па абодвух баках. Смешныя такія. Адкінеш яго, сядзіш і сядзіш. А як устанеш, яно — хлоп! — і апусціцца.

У сценках акенцы маленькія, чорныя, і нічога не відаць.

Сядзім, а самалёт як зараве — ледзь не паглушыў. I пакаціўся. А потым стаў. Яго павярнулі. Ён пракаціўся і зноў стаў. Потым яшчэ і яшчэ. Як затым дазналіся, многа паклалі на самалёт, і ён не мог узняцца. Тады хадзячых выгрузілі. Нам таксама прыйшлося злезці, хоць і не хацелася. А Эдзік застаўся. Самалёт яшчэ два разы пракаціўся і — не паляцеў. А тут пачало світаць. Самалёт падцягнулі да кустоў і замаскіравалі. Лётчыкі пайшлі ў атрад. На паляне паставілі варту.

Усіх выгрузілі з самалёта, а Эдзіка не. Калі яго хацелі выцягнуць, дык ён заплакаў і сказаў:

— Не пайду!

Так і праляжаў ён у ім цэлы дзень.

Днём мы аглядалі самалёт, залазілі ў яго. Толькі цяпер убачылі, які ён вялікі, прасторны. Ледзь дачакаліся вечара.

Як сцямнела, самалёт узяў цяжка раненых, пошту і Эдзіка, разбегся і паляцеў. А мы засталіся. Прыйшлі ў будан сумныя. Ляглі спаць, але сон не ішоў. У вачах стаяў самалёт, які павёз Эдзіка. Як нам хацелася быць разам з ім!

На другую ноч меліся прыляцець яшчэ два самалёты і забраць астатніх, але гэта не ўдалося зрабіць. I вось чаму.

Уранні над лесам паказаліся нямецкія самалёты і пачалі кідаць бомбы. Ад выбухаў дрыжала зямля. Пасля пачулася страляніна з гармат, кулямётаў і вінтовак. Спачатку ў адным баку, а потым і ў другім.

У дзесяць гадзін прыехаў з штаба пасыльны і сказаў, каб усіх грузілі на падводы і везлі ў атрад. Немцы пайшлі на лес блакіроўкай.

Нас пасадзілі на падводы і прывезлі ў атрад. Там іхнім абознікам і нам загадалі ехаць у глыб лесу і чакаць.

Пакуль ехалі, страляніна ўзмацнілася. Цяпер ужо грымела навокал. Над лесам кружыліся самалёты і скідалі бомбы і лістоўкі. Зрабілася страшна. Тут мы прасядзелі цэлы дзень. Вечарам сказалі збірацца. Ездзілі цэлую ноч, але выехаць не ўдалося. Немцы акружылі лес кальцом. Павярнулі мы назад. Праездзілі цэлы дзень і без толку.

Вечарам надышлі баявыя групы. Нам загадалі пакінуць падводы і праз балота ісці пешшу. Балота было гразкае, а навокал цёмна. Хутка мы змарыліся, прысталі і не маглі ісці. Нас і некалькі раненых байцоў неслі на руках. Выйшлі на сухое месца. На коней, якія засталіся, пасадзілі раненых, а нам сказалі ісці.

На світанні выйшлі на палянку, якую называлі палігонам. Раптам наляцелі чатыры самалёты і пачалі бамбіць. Усе пахаваліся. Мы плакалі. Калі самалёты паляцелі, мы ўзняліся. Ісці было цяжка. Дарослыя бралі нас па двое за рукі і цягнулі. У час бамбёжкі двое было забіта і некалькі ранена. Забітых хуценька пахавалі, а раненых панеслі.

Зайшлі ў балота і селі. Недалёка ад нас немцы палілі лагер. У ім чуліся выстралы, крыкі салдат, брэх сабак. З трэскам гарэў лес. Тут мы прасядзелі да вечара. Калі сцямнела, камандзір сказаў:

— Ісці як мага цішэй. Ідзём на прарыў.

Уперадзе пайшлі аўтаматчыкі, за імі ўсе астатнія партызаны і мы. Воддаль была рэчка. Злева ад нас гарэў лес. Пайшлі каля яго, таму што трэск заглушаў нашы крокі. Ішлі ціха, нават баяліся дыхаць.

Раптам пачалася вялікая страляніна. Пачуліся крыкі «ўра!».

Усе беглі наперад. I мы за імі. Я трымалася за руку цёткі Веры. Жора вёў Тоню, дзядзька Вася — Соню, Лёню — малады партызан Міша, а Святлану нёс на руках дзядзька Віця.

А страляніна мацнела. Потым, памятаю, Лёня крыкнуў:

— Ма-ма-а!..— і паваліўся. Міша хутка падняў яго і, сказаўшы: «Забілі», апусціў на зямлю і пабег.

Усе беглі наперад, стралялі і крычалі «ўра!», і цётка Вера таксама страляла, а потым і яна павалілася. Я крыкнула:

— Цётку Веру забілі!

Да яе падскочыў нейкі партызан. А я з дзецьмі пабегла далей. А потым стала так страшна, што я ўпала на зямлю. Калі паднялася, партызан паблізу ўжо не было. Яны крычалі і стралялі недзе наперадзе. Я пайшла адна і хутка пачула плач. Па галасах пазнала Тоню і Святлану. Соні не было. Дзе яна дзелася, я не ведаю.

Убачыўшы дзяўчынак, я ўзрадавалася. Утраіх мы праседзелі ноч, а раніцай падаліся ў глыб лесу. Мне тады было дзевяць гадоў, Тоні — сем, а Святлане — толькі пяць.

Чым далей мы ішлі ў лес, тым ён стакавіўся гусцейшы. Высокія тоўстыя сосны і елкі абступалі нас. Мы прабіраліся між іх, як мурашкі. Страшна было адным у гэтым непраходным, бязлюдным лесе. Але мы ішлі і ішлі, стараючыся знайсці дарогу.