Выбрать главу

Зноў настала ноч, а мы ўсё ішлі. Раптам над лесам успыхнула вісячая ракета. Як вялікі ліхтар, яна асвяціла ўсё навокал. Мы ўважліва прыглядаліся, але дарогі не было. Хутка натрапілі на якуюсьці вузенькую, зробленую сялянскай падводай, дарожку. Пайшлі па ёй. Калі развіднела, мы заўважылі, што ўсю ноч кружылі на адным месцы.

Звярнулі з гэтай дарожкі ўлева і пайшлі далей. Неўзабаве лес змяніўся. Замест высокіх сосен стаялі тонкія, абгарэлыя елачкі і хвойкі. Унізе таксама ўсё выгарала: зямля была голая, чорная. Раптам каля адной елачкі ўбачыла абпаленага чалавека. Ён ляжаў тварам дагары. Валасы ў яго абгарэлі, вочы закрыты, а на шчоках відаць былі раны і запёкшаяся кроў. Левая рука падабрана пад сябе, а правая, з растапыранымі пальцамі, адкінута ўбок. Адна нага была ў чаравіку, а другая зусім голая. Ад вопраткі засталіся лахманы.

Мы спалохаліся і адбегліся ад яго. Праз некалькі крокаў з жахам заўважылі другога забітага, а потым яшчэ і яшчэ. Хто такія былі загінуўшыя, мы не ведалі. Азіраючыся, абышлі гэтае месца і рушылі далей. Куды мы ішлі — не ведалі. Помню толькі, сонца ў нас стаяла высока над галавою і крышку справа.

Мінуў дзень, надышла ноч. Мы зайшлі ў гразкае балота, выбрацца з якога ўжо не маглі. У лесе нічога не было відаць, і мы вельмі змарыліся ад доўгай хады. Пашапталіся і рашылі астацца тут на ноч. Пачалі шукаць месца, дзе б прысесці. Натрапілі на зламанае дрэўца. Гэта была тонкая бярозка. Пазналі яе па белай кары. Мы паселі на бярозку і прыціснуліся адна да адной. Святлану, як меншую, пасадзілі пасярэдзіне. Нам было цёпла, але мы дрыжалі ад страху. Не спалі ўсю ноч, прыслухоўваючыся да начных гукаў.

На світанні рашылі перайсці ў лепшае месца, каб нас не заўважылі немцы. Вельмі хацелася есці, але ў нас нічога не было: свае кавалачкі хлеба з'елі яшчэ ўчора.

Мы елі заечую капусту. Гэта такая трава. На ёй тры лісцікі, роўная сцяблінка, на смак кіслая. Цэлы дзень мы вандравалі па лесе, збіралі і елі гэтую капусту. У нізкіх месцах было шмат чарнічніку. Ён якраз цвіў. Мы абрывалі кветачкі і з'ядалі іх. Рабілі звычайна так. Адна з нас ішла збіраць капусту, а дзве заставаліся ва ўтульнай мясціне. Потым другая ішла. Так мы і мяняліся. Гуртам хадзіць баяліся, каб нас не ўбачылі немцы.

У атрадзе мы часта спрачаліся, а цяпер між намі завязалася моцная-моцная дружба. Кожная з нас думала пра сваіх сябровак. За некалькі дзён зайшлі далёка ў глыб лесу. На сваім шляху не сустрэлі ніводнага жывога чалавека. Нас мучыла смага, а навокал было толькі гразкае балота. Часам у ямках і выбаінах блішчала мутная, жаўтаватая вада, у якой плавалі апалонікі і нейкія дробненькія казюлькі. I мы пілі гэтую брудную смярдзючую ваду.

Цяжэй за ўсё нам было ноччу. Асабліва нас палохалі дзікія непрыемныя крыкі пугачоў і соў. Нам здавалася, што недзе паблізу сядзіць немец і падае сігналы. Мы падоўгу ўзіраліся ў чорную цемрадзь, але заўважыць што-небудзь не маглі.

Калі зусім станавілася цёмна, мы выбіралі сушэйшую мясцінку, садзіліся на купіну, пакрытую густым мяккім мохам, і па чарзе адпачывалі. Легчы нельга было: з-за кожнага дрэва і куста на нас пазіралі розныя страхі, і мы з Тоняй не маглі нават закрыць вочы. Спала толькі маленькая Святлана, палажыўшы сваю галоўку на нашы калені. Я і Тоня паціху шапталіся паміж сабой.

Аднойчы Тоня, плачучы, мне кажа:

— Іна, мы тут без яды, без людзей напэўна прападзём.

Святланачка прачнулася пачуўшы гэтыя словы, таксама пачала плакаць. Я стала супакойваць іх:

— Дзяўчаткі, плакаць і баяцца не трэба. Мы не прападзём, знойдзем партызан.

Святлана перастала румзаць, супакоілася і Тоня. Тады я сказала:

— Тоня і Святлана, калі нас знойдуць немцы, мы павінны гаварыць усе аднолькава.

— Што нам гаварыць? — спытала Тоня.

— Мы ўцякалі ад бамбёжкі ў лес. Нас пакінулі мамы, калі мы заснулі ў лесе. Партызан мы не бачылі і не ведаем, якія яны,— навучала я.— I яшчэ не павінны выдаваць, хто мы і хто нашы мамы і бацькі.

Дзяўчынкі выслухалі і згадзіліся. Тады я сказала:

— Ну, Тоня, паўтары, як будзеш адказваць.

Яна паўтарыла. За ёю гэта самае сказала Святлана. Спачатку яна блыталася, забывалася, гаварыла другія словы. Я папраўляла. Нарэшце яна завучыла гэтыя словы на памяць.

На чацвёрты дзень у Святланы пачалі апухаць ножкі. Яна змардавалася і не магла ісці.

— Не магу ісці, баляць ножкі,— плакала яна і садзілася на зямлю.

Нам прыходзілася браць яе за рукі і весці. Яна ледзь перастаўляла ногі. Часта падала і не хацела ўставаць.