Выбрать главу

Мы ўгаварвалі яе, прасілі:

— Святланачка, устань, трэба ісці.

Калі гэта не дапамагала, пачыналі гразіць:

— Не ўстанеш, пакінем адну. Цябе з'ядуць ваўкі або зловяць немцы...

Яна паднімалася і з вялікай цяжкасцю ішла. Мы рады былі, што не трэба яе несці.

Каб пад нагамі не трашчала і нас ніхто не пачуў, стараліся абыходзіць купіны, зламаныя сучкі, сухое галлё. Брылі і з нецярпеннем чакалі, калі скончыцца блакада.

Потым з усіх бакоў пачуліся стрэлы. Яны ўвесь час набліжаліся. Кулі са свістам праляталі над нашымі галовамі. Яны стукаліся ў дрэвы і сукі, падалі ўніз, на зямлю. Мы шчыльней прыціскаліся адна да адной і па гуку сачылі, куды яны ляцяць. Але ўсё-такі ішлі.

На шосты дзень, уранні, да нашых вушэй сталі даносіцца нямецкія размовы. Нам зрабілася жудасна.

Тоня і кажа:

— Давайце схаваемся.

Пачалі шукаць выгаднае месца. I вось мы ўбачылі многа спілаваных дрэў, абыяк складзеных адно на другое. Між імі былі вялізныя дзіркі.

— Палезем у іх,— сказала я.

Так і зрабілі.

Першая ў адтуліну папаўзла Святлана, потым Тоня, за ёю я. Забраліся ў самы дальні куток і сядзім. Праз некалькі хвілін пачуўся трэск ламачча, і скрозь шчыліны мы ўбачылі немцаў. Іх было шмат. Узяўшыся за рукі, яны ішлі ціха, не страляючы, часта паўтараючы слова «партызан».

Наблізіўшыся да нашага ўкрыцця, яны сталі паднімаць галінкі дрэў. Мы ляжалі, затаіўшы дыханне. На наша шчасце, яны нас не прыкмецілі.

— Нікс партызан,— сказаў адзін з іх, і яны пайшлі далей.

Пасля таго як яны пайшлі, мы доўга яшчэ ляжалі і дрыжалі, баючыся вылезці. Нам здавалася, што немцы пільнуюць дзе-небудзь паблізу.

Святлана ціха прашаптала:

— Я баюся, будзем тут начаваць...

Мы паслухалі яе і засталіся на ноч. Але нават у сховішчы не маглі заснуць: думалі, што немцы пойдуць яшчэ.

Раніцай вылезлі, агледзеліся — усё ціха. Вельмі хацелася есці. Пайшлі шукаць заечую капусту. Пад'елі крыху і зноў у дарогу.

На восьмыя суткі, у полудзень, зноў пачуліся стрэлы і крыкі. Недалёка ад нас расла невысокая маладая елачка. Яе густыя галінкі спускаліся да самай зямлі. Прыгнуўшыся, пабеглі да яе, залезлі пад лапчастыя галіны, селі і глядзім.

Вось паказаліся шарэнгі немцаў. Як і першы раз, яны ішлі ланцугом. Хутка яны падышлі да нас усутыч, але на нашу елачку не звярнулі ўвагі. Мы думалі, што ўсё абыдзецца добра. Але выйшла зусім не так. Тры паліцэйскія, што ішлі апошнія, захацелі заглянуць пад елачку. Убачыўшы нас, яны на ўсё горла закрычалі:

— Сюды! Тут група партызан.

З выстаўленымі наперад аўтаматамі збегліся немцы. Яны са злосцю і крыкамі выцягнулі нас з-пад елкі.

Немцы глядзелі на нас і штосьці балбаталі па-свойму. Мы іх не разумелі. Паліцэйскія сталі перакладаць нам.

Высокі лысы немец з круглым тварам і вялікімі, як у савы, вачыма злосна дапытваўся, чые мы дзеці, як трапілі сюды, дзе партызаны.

Мы адказвалі так, як умовіліся. Святлана і тая гаварыла, бы па-пісанаму. Немец, мусіць, здагадаўся, што мы хлусім. Ён узлаваўся і ўдарыў спачатку мяне, а потым Тоню і Святлану нейкай гібкай жалезнай спружынай. Але ніхто з нас не заплакаў і больш нічога не сказаў.

Не дабіўшыся толку, немцы пагналі нас перад сабой. Галодныя, змучаныя, мы ледзь рухаліся. Салдаты ўвесь час падганялі. Толькі і чулася: «Рус шнэль!» Ішлі даволі доўга. Нарэшце прыгналі нас у лагер.

Лагер размяшчаўся ў сасновым бары і складаўся з некалькіх буданоў з галля. Навокал яго стаялі павозкі, чымсьці нагружаны даверху і накрытыя брызентам. Пасярод лагера ярка палаў касцёр. Каля яго завіхаліся паліцэйскія: секлі дровы, варылі ў катлах яду. Некалькі немцаў, распрануўшыся да пояса, загаралі на сонцы.

Ля аднаго будана нас зноў сталі дапытваць: хто мы, чые мы, якіх партызан ведаем, ці ведаем мы Балана, Ціхамірава, Караля.

Пра гэтых камандзіраў мы ведалі, але нічога не сказалі. Тады немцы паспрабавалі задобрыць нас: давалі бутэрброды, шакалад, цукеркі. Мы былі вельмі галодныя, а таму бралі і з прагнасцю з'ядалі ўсё, але нічога не гаварылі.

Калі і гэта не дапамагло, яны пачалі запалохваць.

— Мы вас расстраляем,— сказаў адзін паліцай па-руску.

А другі крыкнуў:

— Гаварыце, а то заб'ю!

Мы маўчалі.

Вечарам немцы і паліцаі пачалі збірацца. Нас пасадзілі на падводу і павезлі. Прывезлі ў якуюсьці вёску — яна была цэлая — і змясцілі ў хаце аднаго селяніна. Потым сталі выклікаць на допыт у штаб. Першую павялі мяне.

У штабе было чацвёра. За сталом сядзеў чалавек у пенснэ і курыў папяроску. Перад ім ляжалі паперы, стаяла попельніца. Астатнія трое прымасціліся ля акна, на лаве. Той, што ў пенснэ, назваў сябе палкоўнікам Галавінкіным і ветліва сказаў: