Выбрать главу

У чэрвені 1944 года прыйшлі нашы. З брыгады прыслалі партызана, які забраў мяне і адвёз у атрад. Тут я сустрэлася з мамкай. Ад радасці маці не вытрымала і заплакала. Потым яна спытала, як мы бадзяліся па лесе, як жылі. Я падрабязна ўсё расказала.

Пасля расфарміравання брыгады я з мамай прыехала ў Мінск. Хутка вярнулася сястра. Я пайшла вучыцца ў 2-ую сярэднюю жаночую школу. Вучуся на пяцёркі.

Дзе цяпер Тоня і Святлана — не ведаю.

ІНА КРАСНАПЁРКА (1934 г.)

вул. Гандлёвая, 26.

ПРА МАЙГО ТАВАРЫША

З Міхасём Заловічам мы шчыра сябравалі. Жыў ён ад мяне недалёка. Мы разам вучыліся ў школе, разам коўзаліся на самаробных каньках, каталіся на санках, гулялі ў снежкі. Улетку працавалі на калгасных палях, а ў вольны час бегалі на рэчку купацца. I часта на лузе, дзе-небудзь пад кустом, праседжвалі цэлыя гадзіны за чытаннем цікавай кнігі. Чыталі мы звычайна ўголас, па чарзе. Любілі таксама памарыць аб тым, як мы, скончыўшы сямігодку, паедзем у горад вучыцца, кім хто з нас будзе. Апрача ўсяго, Міхась ведаў шмат казак і ўмеў іх цікава расказваць. Непрыкметна беглі дні нашага шчаслівага дзяцінства.

I раптам усё гэта абарвалася: пачалася вайна...

У гэтай вайне загінуў мой таварыш.

Вось як гэта было.

Вечарэла. На вуліцы, як звычайна, было шумна ад нашых галасоў. Мы ганяліся за жукамі, дражнілі кажаноў, а кажаны нас.

I раптам усюды загаманілі: «Вайна...», «Вайна...». Такую страшную вестку прынёс з мястэчка адзін наш калгаснік. Мы кінулі гульні і засмучоныя разышліся па хатах. Гэта была апошняя бесклапотная гульня.

Праз некалькі дзён вайна дайшла і да нашага калгаса. Спачатку мы чулі выбухі, ад якіх дрыжала зямля. Потым выбухі гэтыя пачалі мацнець, і ў вокнах нават звінелі і высыпаліся шыбы. А вечарамі мы бачылі водблескі вялікіх пажараў на захадзе.

Але самае страшнае і горшае пачалося з таго часу, калі да нас уварваліся немцы. У першыя дні яны, як галодныя ваўкі, накідваліся на курэй і парсюкоў, а потым пачалі распраўляцца і з людзьмі. Якія толькі пакуты не цярпелі нашы людзі, трапіўшы ў лапы да лютых фашыстаў.

Мы з Міхасём хадзілі на балота і там хаваліся ад немцаў, бо яны часта наляталі на нашу вёску. На гэтым балоце пасля баёў засталося нямала зброі. I вось мы пачалі збіраць зброю. Увечары, як цямнела, мы вярталіся дадому і прыносілі з сабой то вінтоўку, то рэвальвер, то гранату або яшчэ што-небудзь. Усё гэта хавалася ў патаемныя мясціны. Хавалі мы свае трафеі паасобку і думалі, калі хто і знойдзе, дык не ўсё. Вядома, я ведаў Міхасёву схову, а ён маю. Частку зброі мы закопвалі проста на балоце.

Аднойчы ў асеннюю ноч немцы з паліцаямі зрабілі налёт на нашу вёску. Яны ўварваліся ў хату Міхасёвага бацькі. Міхась паспеў выскачыць у сенцы. Тут яго затрымаў паліцай.

— Пусці мяне,— смела сказаў Міхась.— Я не з гэтага дома, я пастух і быў тут на чарзе.

Паліцай паверыў і прапусціў яго. Было холадна, дзьмуў сыры вецер. Міхась быў у адной сарочцы, але ён не зважаў на холад і з усёй сілы бег за вёску.

Тым часам немцы схапілі Міхасёвых бацькоў, трох сясцёр і меншага брата і, не даўшы ім нават апрануцца, выгналі на двор. Потым іх пагналі за вёску. Брат Міхасёў кінуўся наўцёкі, але тут жа быў смяртэльна ранены. Бацькі рвалі на сабе валасы, бачачы, як памірае іх сын.

Нямецкія каты прывялі сям'ю Заловіча да гумна, якое стаяла за вёскай наводшыбе, паставілі ўсіх да сцяны і расстралялі.

Цяжка і апісаць, як балюча перажываў мой таварыш смерць сваіх бацькоў і родных. Некалькі дзён ён плакаў горкімі слязьмі. Людзі стараліся суцешыць яго, ды гэта не дапамагала. Цяпер ён застаўся адзін-адным з усёй сям'і.

Міхась не знаходзіў сабе месца. У яго была адна думка: адпомсціць нямецкім катам. Але як гэта зрабіць?

Недалёка за лесам праходзіла шаша. У ціхія дні адтуль даносіўся да нас шум нямецкіх машын. Гэта навяло Міхася на думку пайсці на дарогу і зрабіць засаду. Ён адкапаў дзве гранаты, дастаў з-пад бэлькі запалы, схаваныя ў анучцы, сабраўся і пайшоў з дому.

Прыйшоў на дарогу, выбраў зручнае месца, уставіў запалы ў гранаты і стаў чакаць.

Неўзабаве на дарозе паказаліся машыны. Міхась падрыхтаваўся да сустрэчы. Першую машыну ён прапусціў: на ёй ехалі салдаты. Але вось за ёй ідзе другая, адкрытая легкавая машына. Міхась убачыў афіцэраў з срэбнымі пагонамі. «Вось каго я павінен знішчыць»,— парашыў ён. I калі машына падышла блізка, ён размахнуўся і шпурнуў гранату. Раздаўся выбух... Машына ўзарвалася разам з нямецкімі афіцэрамі.

Задняя машына з салдатамі спынілася. Міхась, не доўга думаючы, кінуў у яе другую гранату, а сам скокнуў у лес.