Выбрать главу

Усё, што ўспамінаецца з жыцця жыдоўскага насельніцтва нашага мястэчка, і вясёлае, і не, і ўсе вобразы людзей, менш блізкіх і бліжэйшых мне, — усё абрываецца той небывала, неверагодна жахлівай трагедыяй, якую і ў наш зялёна-сонечны прыпушчанскі куток прынесла фашысцкая акупацыя.

І другое. Пра Грамузду.

У ліпені сорак чацвёртага, калі прыйшло вызваленне, дзядзька Тодар быў у Ніжніх Байдунах старастам. Стаў вінаватым без віны. Ніхто тады, пры гітлераўцах, не хацеў у нас гэтай сабачай пасады, і таму вырашылі адбываць абавязак кожная хата па тыдню. Так і ішло сабе, пакуль чорт не прыгнаў павятовага бургамістра. Прыехаў ён, казалі, не адзін, з паліцаямі, пад аховай, і загадаў, каб мясцовая ўлада была пастаянная. Хто цяпер стараста? Тодар Клімовіч? Няхай і будзе ён. Так Грамузда і дастаршыняваў у нас апошні месяц акупацыі.

Неяк пад восень ён зайшоў да нас, у рэдакцыю раённай газеты, і, папрасіўшы мяне на двор, пачаў:

— Антонавіч, можа, што памаглі б? Усё цягаюць мяне… Трэці раз. Што ж я каму зрабіў?..

Ніколі яшчэ я не бачыў яго такім горкім. Ён гаварыў мне «вы», «Антонавіч» — упершыню ў жыцці. Зусім пажылы чалавек, два сыны якога былі на фронце, весялун, якога мой бацька калісьці з прыязнасцю старэйшага называў у гутарцы «галубчык Федзя» — добры, сумленны чалавек, ён не ўсміхаўся нават, хоць бы і сумна.

На вострым носіку, над паніклымі светлымі вусамі сабралася сляза…

Я ўжо раней заходзіў туды, дзе могуць памагчы. Я зноў пайшоў, зноў гаварыў пра тое, што было зусім ясна для нас, мясцовых партызан.

Больш мы не сустракаліся… Трыццаць гадоў мінула. Ніхто не скажа, што я — раённы літработнік, радавы партызан — мог тады зрабіць больш, чым я зрабіў, каб папярэдзіць яшчэ адну памылку. Ніхто не скажа, і сам я не скажу. Але, як гаварыў адзін з любімых, і тут застаецца яно: «но всё же, всё же, всё же…».

Усё ж лягчэй, прасцей было б успамінаць, каб і не гэтая адна праклятая сляза…

ЧЫРКУН І КУРАЎКА

Здаецца, люты трыццаць чацвёртага.

Глухая, белая, марозная зіма. Вёска заціснута ў цішыню, адарвана ад свету, ізалявана — як востраў які сярод белага, непарушнага акіяна.

І раптам — такая падзея! У Ніжнія Байдуны ўехалі поўныя сані-развалы музыкаў. Гармонік, скрыпка, бубен і кларнет. Уехалі ў вёску як немаведама адкуль, разбудзілі яе сярод белага, соннага адвячорка. Грымнулі, рэзнулі, жарнулі — як хочаш гавары, а да таго ж яшчэ — закукурыкалі.

Кукурыкаў адзін кларнет. У гэтым і была найбольшая незвычайнасць падзеі, бо музыка, урэшце, як музыка, полька як полька, а кларнеціст, што кленчыў у развалах на саломе, ускіне раптам сваю чорную дуду і самым сапраўдным чынам, толькі пісклява, закукурыкае. Нібы ад радасці якой, не могучы знайсці ёй іншага выхаду.

Дзень быў будзённы, і танцы наладзілі не дарослыя, а мы, падлеткі. У малой і сцюдзёнай, з тоўста замёрзлымі вокнамі хаце старога Ляпножкі. Якія там танцы — вучэбная таўкатня, нават ніхто не распранаецца, каб не калець у перапынках паміж полькамі, вальсамі, «кадрэлем».

І вось яно, тое пісклявае «кукурыку», адно за адным, спачатку пацешнае, потым, у хаце, да нудоты аднастайнае, успамінаецца цяпер яшчэ сумней, знакам таго, як яно бедна пачыналася, наша юнацтва, як нялюдска звязана было яно тым часам і тым ладам…

Уранні, падмацаваныя нашымі медзякамі, бадзягі адбылі ў той белы свет, адкуль прыехалі, ужо без «кукурыку», берагучы яго для наступнага вострава ў белай сумоце. І сёння не памятаю, і тады, здаецца, мы не ведалі, хто яны былі, тыя музыкі са сваёй фурманкай, адкуль прыехалі і куды падаліся. Гэтая загадкавасць толькі ўзмацняе ўсмешлівую горыч успаміну.

Цяпер у нашай вёсцы клуб. Не лепшы і не горшы, як у іншых вёсках наваколля. Ужо і пастарэў за дваццаць пяць гадоў, хоць з цэглы ды пад шыферам, атынкаваны. У клубе часта бывае кіно, сяды-тады наладжваюцца спектаклі, выступае свая і прыезджая самадзейнасць, а найчасцей, вядома, танцы. Тым больш што ёсць свой баяніст і свой скрыпач. Ды не абы-якія.

Скрыпач Петрык прыйшоў да нас у прымы з Плёхава, усе яго ў Ніжніх Байдунах ведаюць даўно, і ў нас ён хутка стаў яшчэ больш сваім, чым тады, калі толькі прыходзіў са скрыпкай ці так сабе. Музыка з тых, што апантаныя гэтым з пялёнак і нястомныя да самай дамавіны. А да таго ж яшчэ Петрык прынёс з вайны, у якасці трафея, не кавадла, як Цімох Ярмоліч, а скрыпку, якую называе «страдыварус». Слова, што прагучала ў Плёхаве і ў нас упершыню, дзякуючы Петрыку, які цяпер ужо нібы не са сваёй гвардзейскай танкавай, ордэна Кутузава, слова тое прынёс, а нават і свіней з ім пасвіў. «Мой страдыварус», — гэта гучыць у яго зусім упэўнена і прывычна. Не бянтэжыць і тое, што Петрыка амаль адразу ж і празвалі Страдыварусам.