Выбрать главу

Баяніст наш таксама прышлы. Гэты ўжо — бог ведае адкуль. Цыган Рома, які прыбіўся да хутарское Зіны, дачкі Крыстыны Роўбіхі, калі ўжо сама Крыстына памерла, а Зіна, наймалодшая ў яе, засталася на хутарку адна. Быстры хлапчына, чорны і кучаравы, як належыцца, а вочы, карыя і вялікія, не хітрыя зусім.

Бедны Рома! Так і карціць мне забегчы наперад, каб сказаць, як усе шкадавалі яго, калі ён так недарэчы, так непатрэбна загінуў, засыпаны ў толькі што выкапанай студні. Капаў ён, людзі казалі, выдатна. Некалькі студняў выкапаў на новым пасёлку, дзе будуюцца, жэнячыся, маладыя ніжнебайдунцы і куды сцягнулі некалькі нашых хутароў, у тым ліку і Ромаў. Ён вылез з ужо гатовай студні, а потым («такі заядлы!») апусціўся яшчэ раз, каб штосьці паправіць, ды ўжо і самога адтуль не адразу змаглі дастаць. Я пачуў пра гэта пазней. І быстры, шчыры, вясёлы хлапчына ўспамінаецца, хочаш не хочаш, праз агульны жаль па ім…

Калі наш Страдыварус іграў з душой і ў сорак пяць гулліва і нястомна па-юнацку, дык Рома, здаецца, яшчэ весялей. Усё пачутае і там, адкуль ён прыйшоў, і ў нашым ужо наваколлі, і ў свеце вялікім — па радыё, па тэлебачанні, з юнацкіх магнітафонаў і прайгравальнікаў, цыган, нібы вясняны шпак, лёгка ператвараў у сваё папуры, радасна новае, свежае нечаканасцю, сваё і для танцаў, і проста так, для слухання, калі вясёлага, а калі і з сардэчнай журбою. І ўсё гэта ён аддаваў з усмешкаю, у якой таксама спалучалася многа чаго: і дабрата, і гарэзлівасць, і сціпласць, і гордасці трохі, а больш за ўсё харошай чалавечай прастаты.

З гэтай усмешкай ён і жыве і хай жыве ў маёй і многіх іншых памяці, у радасным, вясняным шматгалоссі музыкі, Петрыкавай і яго.

Я ўжо казаў, што маладых у сваёй вёсцы пазнаю цяпер у большасці па бацьках: хто на маму сваю падобны, хто на тату. А то дык і спытацца трэба, чый гэта хлопец або чыя дзяўчына. Маіх аднагодкаў і старэйшых мужчын засталося ўжо няшмат. А хто жывы і ў клуб заходзіць, з тым добра ўспомніць былое. Нават не толькі з ім, але і пры ім, седзячы моўчкі, толькі ўсміхнуўшыся ці падміргнуўшы.

Калі маё пакаленне пачынала сваю маладосць, моднай была полька-цыганачка. Не трасуха, а, як казалі, «шырокім сцягам», «галоп». У нас — завіруха, а мужчыны навокал стаяць ды, як толькі танец аціхне, крычаць, як блазнота: «Хлопцы, нанава! Нанава!..»

Цяпер у модзе танцы іншыя, як бабы кажуць, гарадскія, бо і моладзь, калі паз'язджаецца ўлетку ці на святы, у большасці гарадская.

На крэслах, спалучаных радамі і парасстаўляных каля сцен, апроч тае, дзе сцэна, сядзяць у якасці прыязнай і зайздрослівай публікі больш і менш пажылыя жанчыны і некалькі мужчын.

З колішніх смехуноў сёння тут толькі Васіль Кураўка і Ўладзік Чыркун, інвалід з кавялою, той, што спяваў каля плота. Маўчым і прыглядаемся да танцаў.

Плёхаўскі кавалерчык. Цыбаты, з малою галоўкай, зверху да пояса рухавы, як кенгуру, а ногі значна цяжэйшыя, сяды-тады як анямелыя. «Бугі-вугі» яго бесталкова нервовыя, нібы знарок для кепікаў збоку. Куды там Сідар-гоп з яго падскокамі — тут дрыганне і крыўлянне свядомае. І валасаты, і з бародкай нейкаю. А важнасці — і не кажыце, пацеха! Калі чаго не хапае яшчэ, дык толькі гумавай жвайкі.

Як толькі танец закончыўся, Кураўка раптам устаў, падышоў да цыбатага юнака, ветліва папрасіў яго падысці з ім да Чыркуна і, паказаўшы на Ўладзіка, зусім сур'ёзна сказаў:

— Таварыш хоча з вамі пагаварыць.

Я затаіўся ў вясёлым чаканні. Яны ж, Кураўка і Чыркун, сядзелі абапал мяне і ні ў чым не змаўляліся — будзе чыстая імправізацыя.

— В меня вам тока адзін вапрос, — пачаў Уладзік, таксама, як і Кураўка, вельмі спаважна, нібы беручы гістарычнае інтэрв'ю. — Скажыце, пажалуста, гэта не вы на тым тыдні прывозілі з Хлюпіч прадаваць цабры і ражачкі? Хадзяін такі самы пажылы, як вы, з бародкаю. І кабыла пярэстая, як у адэскай пажарнай камандзе. Пры старым, канечне, рэжыме. Васіль Пятровіч, бойкі на возе, здаецца, таксама былі?

— Былі, Уладзімір Цупронавіч, — зусім сур'ёзна адказаў Кураўка.

Юнак стаяў разгублены.

— Вы панімаеце, што такое па-дзеравенскі бойка? — разварушваў яго Чыркун. — Такая храновіна з сасновых клёпак, у якой б'юць масла.

Юнак яшчэ ўсё маўчаў. Дзе там у чорта тыя Хлюпічы і што там за цабры ды ражачкі і бойкі?.. А навокал сабралася моладзь. Свае, заўсёды спадзеючыся па гэтых дзядзьках чагосьці вясёлага, а прышлыя ды прыезджыя — у недаўменні, як і той плёхаўскі кенгуру.

Момант гэтай напружанасці Чыркун запоўніў «замежнаю мовай». Гэта адна з дзвюх яго спецыяльнасцей: Уладзік мог вельмі добра імітаваць нямка і «гаварыць па-інастраннаму». Балбатаць чортведама што, ні крышку не збіваючыся, не трацячы важнасці тону. І цяпер ён пачаў плесці нешта, вельмі падобнае на чыюсьці мову. Звяртаўся то да Кураўкі, то да таго танцорчыка, то да ўсіх астатніх. Кураўка толькі ківаў галавою і час ад часу мармытаў сваё, ніжнебайдунскае «ага» або «яволь» і «йес», прынесеныя з міжнародных сустрэч на вуліцах разбітага Берліна і над Эльбай. Нарэшце Чыркун закончыў свой маналог нейкім складаным, доўгім выкрунтасам і сказаў Кураўку больш празрыстае «данкішэн». А той перадаў асноўны змест усяго сказанага кароткім паведамленнем таму, яшчэ ўсё збянтэжанаму, юнаку: