Выбрать главу

Чорны і сухашчавы вусач Харкевіч, суровы з выгляду і громападобны сваім, злёгку хрыпатым, басам, запісваў нас да споведзі па знаёмству, без чаргі, тым больш што хросны выйшаў з чародкі жадаючых трохі наперад і дзяк спачатку кіўнуў яму, а потым і сказаў: «Прошу вас, Рафаил Степанович!» Мяне ён бачыў у хроснага, можа, не раз і не два, але цяпер спытаўся прозвішча, імя, імя па бацьку, а тады, на нейкі доўгі момант, зверху ўпёршыся ў малога злоснымі вачыма, грымнуў:

— Холост?

І ад пытання, і ад голасу я задрыжаў, нібыта злоўлены ў чужым садзе. Ды хросны мой, які таксама ж быў у горадзе, засмяяўся ў адказ дзяку не менш культурна:

— Ах, Радзівон Парфіравіч, да ведзь жа младзенец, яшчэ і сіротка.

Дзяк пакруціў галавою:

— Младзенец? Поверим, Рафаил Степанович, поверим.

Хросны нават пагладзіў мяне па ім жа самім на бручку абстрыжанай учора галаве, відаць, і не падазраючы, што сцэнка гэтая, у маёй перадачы, сёння ж яшчэ насмяшыць нашу маму і Надзю з Андрэем.

Другі знаёмы духоўнага звання, дзед Бойка, жыў зусім недалёка ад царквы, пры якой быў старастам і званаром. Хатка яго стаяла ўнізе пад узгоркам, каля нізкага муру царкоўнай агароджы, у зацішным кутку пад высознымі ліпамі.

У хатцы і так была духата, а мы пілі гарачы чай. Дзед Бойка быў родам з Плёхава, але доўга жыў у Маскве і адтуль прывёз сваю бабу. На грудзях у дзеда, з выпадку свята, было начэплена некалькі медалёў, на адным з якіх я цераз стол прачытаў «За спасение утопающего», а на другім — «За отличную стрельбу». На іншых чатырох здалёк не змог разабраць. Дзедава баба чай піла ўпрыкуску, са сподачка, палажыўшы на прыпол сабе ручнік. Дзед і хросны таксама сёрбалі са сподачкаў, прасмоктваючы той чай цераз кавалачкі цукру. Толькі я піў салоджаны, з вялікага фарфоравага кубка, прыкусваючы хлебам з маслам. Пілі ўсе доўга. Баба выціралася адным ручніком, дзед з хросным другім, а я ўжо, як у тым анекдоце, абсыхаў і так.

Я кончыў піць хутчэй за ўсіх, мне пачало быць сумна ад іх бясконцай гутаркі і хлюпання, і дзед, дзякуй яму, здагадаўся — даў кнігу. Гэта быў, як я сказаў бы пазней, вялікі і раскошна выдадзены том біяграфій расейскіх пісьменнікаў, ад Ламаносава да Горкага. Не памятаю: можа, быў хто-небудзь і ранейшы за Ламаносава, аднак апошнім быў, бясспрэчна, Горкі.

З тых нямногіх кніжак, якія былі ў нас дома, я ведаў па партрэтах Ас-Пушкіна (так мы чыталі-забаўляліся з Качкавым Валодзем), Мю-Лермантава, Энвэ-Гогаля, Іа-Крылова. Гартаючы дзедаву кнігу, я пазнаваў там сваіх нешматлікіх знаёмых, а з мноства новых найбольш чамусьці ўразілі тры. Іменна той, апошні ў кнізе, Горкі, толькі Максім, без Аэм, а перад ім — Тэгэ-Шаўчэнка і Элэн-Талстой. У першага (хоць і апошняга ў кнізе) мне спадабалася і чорная, доўгая кашуля, падпяразаная шырокім рэменем, і доўгія, назад адкінутыя валасы. У другога — кажух, калматая папаха і вусы. У трэцяга — зноў жа доўгая і падпяразаная вузкім раменьчыкам, але белая кашуля і вельмі ж вясковая барада, амаль як у старога Чыркуна, дзеда Цупрона.

Неўзабаве і чаяванне, і гутарка хроснага з дзедам і бабай здаліся мне вельмі ж кароткімі. Хросны мяне ад кнігі проста адарваў, а дзед Бойка пацешыў, што, калі я буду добра паводзіць сябе, старанна вучыцца і шчыра хадзіць у царкву, — ён і яшчэ калі-небудзь кнігу гэтую мне пакажа. Нагаварыў амаль таго самага, што і поп, калі я стаяў у яго пад крылом, накрытытым «пітрахілем», ці як яно там называецца.

З той кнігай больш не паўтарылася. З душнай прыцаркоўнай хаціны (яе ўжо даўно, як і дзеда з бабай, няма) у памяці засталося толькі дзіцячае пачуццё, так сказаць, закаханасці з першага позірку, якое, можа, і было падсвядомым прадчуваннем пазнейшых сустрэч не толькі ўжо з партрэтамі тых трох, двух у кашулях і аднаго ў кажусе, але з вялізным і чароўным светам іхніх душ, без якога і мне цяпер не ўявіць свайго ўласнага існавання… А за паводзіны дзед Бойка меў потым права не раз і не два разы накруціць мне вушы.

Гэта тады ўжо, калі я хадзіў не ў ніжнебайдунскую, а ў местачковую школу. У будзень, пасля заняткаў, нам сяды-тады ўдавалася зайсці ў прычыненую царкву і, пакуль той стараста прыбіраў там недзе ў яе вялізнай, звонкай пустэчы, ціхенька, асцярожна ўзабрацца па крутых і вітых усходах званіцы ажно пад самае неба…

Куды там той «маяк», з якога Сідар-гоп скінуў галёш! Якое гэта, ні з чым не параўнанае, шчасце — глядзець на ўсё на свеце з вышыні! І на ўсё мястэчка, і на палі вакол яго, і на дарогі — і тыя, што ва ўсе бакі, і на тую адну, на гасцінец, па якім ты, нябачнай зверху сцежкай на абочыне, столькі пратупаў ужо і столькі яшчэ пратупаеш…