Выбрать главу

— Ой, нядобра, сынок, ой нядобра? Гэта ж ён хворы чалавек, ён нервенны. З такога брыдка смяяцца, грэх.

Не скажаш, што гэта так ужо да мяне і дайшло. Тым больш што мой настаўнік памаўчаў крыху над шытвом і раптам, штосьці ўспомніўшы, засмяяўся. Расказаў тое штосьці і мне.

— Ён і бабу сваю так ганяе. Не думай, што яны толькі чай папіваюць. Раз ён пры мне разышоўся, пачаў пасуду біць. Ой, а Лукер'я яго Цімафееўна… Нехта, відаць, навучыў, а можа, і сама даўмелася. Бо ціхая яна, благачасцівая. А то дык давай і яна малаціць па гаршках, па талерках! «Гасподзь з вамі, — кажу я, — што ж вы робіце, людзі такія харошыя!» А сам у кут, каб і мяне, чаго добрага, не раскалолі, як гаршчок. А дзед тады спыніўся і пытаецца: «Луша, а што ты дзелаеш?» — «А ты, Мікалаевіч, што?» Дык ён гэта плюнуў ды з хаты. Во як!.. Але смяяцца з гэтага грэх. Стары, нервенны чалавек.

Хросны шые моўчкі, а потым смяецца зноў.

— Захара Качка, — кажа ён, — прымак у Юсты. Чалавек ён нішто сабе. От, бухукае, ілжэ. А цесць яго — ты, канечне, не памятаеш — быў трапяткі, як Юста. І заўсёды што-небудзь вычварыць. Юста дзяругі ткала, у вялікую клетку, чырвоную і сінюю, здаецца. Дык ён сабе, Захараў цесць, дзядзька Габрусь, узяў ды на порткі з гэтага адрэзаў. Сам адрэзаў, сам скроіў, сам пашыў. Вядома ж, якое там было шытво — збоцькаў толькі сяк-так, абы ногі ўсадзіць. Надзеў, выйшаў на вуліцу і стаіць. У тых чырвоных ды сініх, як певень які галагуцкі! А тут ідзе Ганчарыха. І яе ты не ведаеш. Памерла ўжо даўно. Баба была прыветлівая, дый кума яго, і нічога ж яна такога яму не сказала, а толькі ўсміхнулася: «Ну ж ты і выстраіўсё, кумок!» А той як гыркне: «Пацалуй, мая кумко, сабаку ў…» Пабег у хату. І ўжо ніхто яго ў тых пеўневых портках не бачыў. Юста казала, што на анучы іх палупіў. Таксама нервенны быў чалавек.

Кончыўшы абмётваць рукамі, хросны сеў за машыну. Пастракатаў сваім «зінгерам», а потым перастаў, бо зноў смяецца.

— Монька Грыгоры Іванавіч… Цяпер ужо ён пан Гжэгаж. Плёхаўскі настаўнік. Таксама шые ў мяне. Шыў адзін раз. Кажух. А ўжо цяпер у яго не кажух, а паліто. Што там Габрусь ці Бойка! Гэта ж такі абразованы чалавек, і гарадское кончыў, як Сцёпа Цівунчык, ды яшчэ і нясвіжскую семінарыю. І цяпер жа яго паны перавучвалі недзе на Гжэгажа. Можа, і не далі б вучыць па-польску, але ён у бацюшкі нашага родны пляменнік. Вучыць. І каму б гэта так даравалі, як яму даруюць. От нервенны дык нервенны! Свістам яго знаравілі. Проста бяжыць, уцякае, калі хто свісне. І нашы ж таксама, — скажам, Валодзя Чыркун або Косця Асечка, а то і Цімох… Едуць з лесу, а ён насустрач ідзе па дарозе. Ды ўжо здалёк, як толькі пазнае, што гэта нашы, сыходзіць з дарогі ў поле — па снезе, па цаліку. Адвернецца да іх, нагнецца, паліто задзярэ — на, свішчы! Пан навучыцель! — Хросны рагоча да слёз, а потым, супакоіўшыся, зноў растлумачвае: — Нервенны чалавек.

Ды ўжо не кажа, што з такога грэх смяяцца.

МУЖЧЫНСКАЯ ГАВОРКА

Хросны сядзіць на кароткім зэдліку, і ногі яго, абутыя ў самаробныя валёнкі, ледзь дастаюць да падлогі. Ён абвесіўся полкай: яго стрыжэ Цімох Ярмоліч.

— З лета самога збіраўсё, Цімоша, і, дзякуй богу, прыйшоў, — смяяўся хросны, калі садзіўся на зэдлік.

— Каб у мяне было адно столькі клопату, што цябе абіндзёжыць, дык я даўно зайшоў бы, — спакойна апраўдваўся Цімох, які і ўвосень яшчэ прападае то ў лузе, то ў лесе, то над ракою. Балазе падняўся яго старэйшы хлопец, ёсць каму рабіць у полі. — Затое я цябе цяпер ачалавечу, хоць яшчэ раз жаніся.

Калі б той зэдлік можна было, як у цырульні, падкруціць угару, Цімоху было б значна зручней, бо так ён стаіць над хросным крукам.

У хаце яшчэ толькі цётка Агата і я. Цётка недамагае штосьці і таму ляжыць на печы, а я сяджу на лаве, гляджу і слухаю.

Гнучыся над хросным, Цімох то засяроджана наводзіць «польку», то штосьці сам сабе ўсміхаецца. Магчыма, што і ўспамінае…

Не, гэта сам я ўспомніў тую «радаслоўную», якую ён, Цімох, нядаўна прыдумаў. Пачуўшы ад свае Волечкі ці, можа, нарэшце, і прачытаўшы ў самым пачатку «Евангелля», як гэта «Авраам родил Исаака; Исаак родил Иакова; Иаков родил Иуду и братьев его», ён перанёс тое ў Ніжнія Байдуны, пачаўшы з хроснага:

— Рафалак радзіў Ляпножку; Ляпножка радзіў Пучка; Пучок радзіў Мітрошку, а ўжо Мітрошка — Вінцучка.

Ляпножка — гэта той маленькі і адзінокі ўдавец, у сцюдзёнай хатцы якога мы танцавалі сваё «кукурыку»; мянушка пайшла ад таго, што ён, ідучы, смешна згінаў у калене правую нагу і ляпаў лапцем зверху, нібы знарок. Пучок — наш каваль і найлепшы нырэц. Мітрошка — Важнае ліцо. А Вінцучок — той самы, што ў Арэсевай хаце перавярнуў на печы «сані». Усе яны нярослыя, а Рафалак найменшы, — таму з яго і пачынаецца.