Выбрать главу

І пра лятанне сваё, зусім ужо міфічна састарэлае, не забываўся. Сам я аднойчы чуў, як ён расказваў пра гэта новаму чалавеку. З суседняй брыгады прыйшоў да нашага камісара ад'ютантам бойкі варшаўскі жыд Крамарчык, і «дзед» пачаў яго, нешта на трэці дзень, заварожваць сваім мінулым. Я якраз начаваў у лагеры, прыехаў з раёна з данясеннем, лёг раней, адзін у зямлянцы, і праз прачыненыя дзверы то чуў, то не чуў з двара, пра што там наш сівенькі буркуе. Потым яны ўвайшлі ўдвух у зямлянку, стары для пэўнасці спытаўся, ці я сплю, я стаіўся, і ён гаварыў далей:

— І так, значыцца, кагда я камандаваў ваздухаплавацельнай ротай…

Ад гэтага павышэння па службе я не вытрымаў, гыкнуў. А ён:

— А, сцярвец, ты не спіш!..

Пасля вызвалення, улетку і ўвосені сорак чацвёртага, ён працаваў участковым фінагентам, хадзіў з афіцэрскай сумкай, у якой былі паперы, хімічны аловак, кавалак хлеба і сабраныя грошы, ніколі не разлучаўся з нядаўна набытай вінтоўкай, а на куртцы яго красаваўся медаль партызана Вялікай Айчыннай вайны.

У тую зіму дзядзька Іван і памёр. Старая Алена, цётка вельмі павольная, сонна сказала, што, можа, яго не толькі з медалём, але і з вінтоўкай трэба пахаваць: «Бо вельмі ж ён яе любіў». Веня быў на фронце, але і дочкі разабраліся, што з вінтоўкай не трэба. А ўжо медаль пайшоў туды, дзе даўно ляжаць Карашковы — можа, з Шыпкі, а можа, з Севастопаля ці за Каўказ…

Калі вярнуцца зноў у час майго малалецтва, дык пра дзядзьку Івана трэба сказаць, перш за ўсё, што жыў ён вельмі бедна. Усе дзеці служылі, хто ў панскім двары, хто ў рабіна, хто ў кулака, і Веня, і дзяўчаты — з самага малку. А бацька з буланкай сяк-так качаў свой загончык з боку на бок, што бедны чалавек, а што яшчэ і гультай, змоладу пакалечаны лягчэйшым хлебам.

Мой хросны, кравец Рафалак, чалавек душэўны і трохі бывалы, растлумачыў мне гэта так:

— Ваня Бохан-Калоша, каб жыў у горадзе, дык, можа, і жыў бы як-небудзь па-людску. А тут — ні вала яго, ні асла яго…

Такое прыстасаванне да беднасці, такое прачытанне дзесятай Майсеевай запаведзі пра грэх зайздрасці: «Не пожелай дома ближнего твоего… ни жены ближнего твоего, ни вола его, ни осла его…» і гэтак далей.

— Папо, вы мне купілі чаравічкі?

Нясмелае дзіцячае пытанне, ад якога ў іншага бацькі душа перавернецца. А ён, Іван Сцяпанавіч, прыехаў з кірмашу падвыпіўшы.

— Цібе — чаравічкі? — абараняецца ён. — Цібе — сукеначку? — Тое дзяўчаткам, а гэта — сыну, хлапчуку: — А цібе, можа, гальштук ілі шляпу-канацье? А ці спрасілі вы, сцервяцы: а здароў лі ты, папенька? А?

Дзеці былі маўклівыя, пакорныя, як быццам усе трое, і дзяўчаты, і Веня — толькі па маме. На такім пытанні, пра чаравічкі ці пра што-небудзь іншае, прэтэнзіі іхнія і канчаліся. Дый бывала такое толькі тады, калі яны былі малыя. Падраслі, разышліся па службах і самі ўжо стараліся, не толькі сабе, але і ў хату.

А папенька доўга быў маладым. Калі ў іхняй хаце вечарынка, дык ён яшчэ і павучыць моладзь танцаваць гарадскую ойру. (Яшчэ адна яго, таксама доўгая, мянушка: «Ой, цыдрыца, ойра, ойра!») Хлопцам-пажарнікам, калі яны часамі наладжвалі святам свае заняткі, Лётчык паказваў, што такое сапраўдная гімнастыка, нават на прыблізным турніку. А найдаўжэй дык ён спяваў. І ў партызанах, бывала, вечарам, у аціхлай зямлянцы. Ужо стары, нямоглы, але яшчэ ўсё молада моцным, хоць і ніколі не гучным, грудным, прыемным голасам.

…Толькі гэтым і падобны на бацьку Веня Бохан-Калоша, мой ціхі сябар з маленства. Працуе ён у Горадне, слесарам на заводзе, бачымся мы часамі ўлетку, у Ніжніх Байдунах. Аднойчы, спяваючы за сталом, дайшлі і да такой: «Звенит звонок насчет поверки» — пра Ланцова, што ўмеў уцякаць з-за кратаў.

— Мой Лётчык вельмі любіў гэтую песню, — сказаў тады Веня, дабрадушна, спагадліва, як пра кагосьці малодшага. І, памаўчаўшы трохі, засмяяўся: — Помніш, як яны ваявалі калісьці з Захарай, Тангу і Пецяргоф?..

Гэты разумны, добры смех і мне дазволіў апісаць яго бацьку — не для здзеку, а толькі з усмешкай.

НА САЛАМЯНАЙ ЭСТРАДЗЕ

Перакрываюць хату.

Салома шчацініцца сонечным золатам яшчэ не вельмі высока; крыльцы (у нас казалі і стрыхарэ) дайшлі да палавіны страхі. Аднак і там яны — вышэй над усёю сваёй будзённасцю, у прыўзнятым настроі.

Мне так здаецца. Я падаю ім знізу то цяжкія, тугія кулі саломы, то доўгія, гнуткія повязкі, то кручаную лазу. І слухаю іх філасофскі дыспут. Гутарка ў большасці сваёй, як гаворыцца, не да друку.