Ён задумаўся, размарыўся — і схамянуўся, калі стукнулі дзверы. Нехта зайшоў. Сын ці жонка? Не гукнуў яго адразу — значыць, не сын. Прыйшла жонка; распрануўшы футра, заглянула на кухню — чырвоныя ад марозу шчокі, жывога бляску сінія вочы.
— Прывітанне! — Яна, калі не была ў настроі, магла пяць разоў на дні вітацца з ім па тэлефоне.— Елкі не купіў?
— Заходзіў на Камароўку — няма,— сказаў упэўненым голасам Ляшчэвіч.
— Людзі даўно дасталі.— Яна пачала ляскаць каструлямі, міскамі, састаўляць у ракавіну.
— Можа, у людзей час быў, а я пасля работы забіраю малога.
Жонка прамаўчала: што вінаваціць мужа, калі апошнія дні яна лётала па магазінах, спадзеючыся купіць у канцы года што-небудзь дэфіцытнае, імпартнае.
— Заўтра купі.— Яна гаварыла так, быццам уся замінка не ў тым, што елак няма, а ў тым, што ён проста не хацеў яе купляць.
— Я ўжо сам паставіў сабе задачу.
— Чай цёплы? — Жонка дакранулася пальцамі да заварніцы.
— Толькі што ўскіпяціў... А што, на агеньчыку нават чаю не было?
— Пародыя на агеньчык! — Жонка была відавочна незадаволена. І зусім рана вярнулася.
— Што ж вы так далі маху? — Ён зразумеў: нехта жонку пакрыўдзіў.
— Я лімон купіла... недзе ў сумцы.— Яна схадзіла прынесла сумку, выняла не даўгаваты, а круглы, бы апельсін, лімон.— Ідзе вірус грыпа, трэба вітамінаў паболей ужываць.
— Табе пісьмо з Польшчы.— Ляшчэвіч узяў з падаконніка і аддаў ёй канверт.
— Можа, запрашэнне прыслалі? Хоць бы адзелася... На агеньчыку была самая лахудра.— Яна спешна разарвала канверт. Нейкая «бабця Геля», загадчыца аддзялення шпіталя (чамусьці гэта выдзеліла), віншавала іх з Новым годам, жадала «сто лят», святочнага настрою — у іх, у Польшчы, каляды — святочныя дні, як і Новы год; пісала пра надвор’е, што восень сёлета была доўгая і цёплая, «добжэ» думалася і чыталася: у Польшчы другую маладосць перажывае зноў Дастаеўскі — «аўтар, якім можна захапляцца ў любым узросце, як і Львом Талстым»; з гадамі становіцца сумна, і тады думкі вяртаюць у мінулае, на радзіму, «рука цягнецца да Янкі Купалы, Ясеніна і Твардоўскага».
Ляшчэвіч уважліва слухаў жонку, цікава было ведаць, як і чым жывуць людзі ў другой краіне, што іх турбуе, чым незадаволены. На любую дробязь міжволі напрошвалася параўнанне.
Яны ўсё яшчэ абмяркоўвалі пісьмо, калі зайшоў сын. Расчырванелы, увесь у снезе, калашыны штаноў былі белыя — праз нейкую хвіліну на іх заззялі кроплі.
Яны абое забегалі каля сына. Дзіця ў сучаснай сям’і бы той цэмент, якім замазваюць трэшчыны. Пра гэта кожнаму з іх ужо няраз думалася.
Ляшчэвічу раптам недарэчна ўспомнілася Ніна, яе званок, і ён астатак вечара правёў у змаганні з назойлівымі думкамі пра яе.
...Ён выйшаў з інстытута раней, не было і пяці. Але ўсё роўна паветра насычаў змрок — у канцы снежня, хоць крыху і падаўжэла дыханне дня, яшчэ цямнела рана. Ды маленькі сігнальчык у напрамку вясны ўжо быў пушчаны, пра што з прыемнасцю Ляшчэвічу думалася. Зіму мала хто любіць, яна патрабуе лішніх клопатаў — пра адзенне, пра здароўе; узімку імкнешся скараціць час між прыпынкам і домам, тады як летам можна «ад месца да месца» прайсці пехатою, прынамсі, на тры-чатыры прыпынкі можна сысці раней, заглянуць у магазін, кнігарню, кафетэрый — дробная патрэба ўсюды знойдзецца.