Калі ў тралейбусе павальнела, ён ужо забыўся пра талон, бо на ранейшыя месяцы браў праязны (на гэты неяк не змог, не паспеў у першыя дні, адале не было сэнсу), і прывычка ўзяла сваё. Неўзабаве, блізка да канцавога прыпынку, у тралейбусе зусім стала вольна, нават вызвалілася пару месц. І акурат каля яго. Хацеў быў сесці, але падумаў: усё роўна давядзецца ўставаць, калі зайдзе жанчына ці пажылы чалавек. Трымаўся за нікеляваны поручань — холад яго адчуваўся далонню нават скрозь вязаную пальчатку. Людзі былі хмурныя, маўклівыя — і ад холаду, і ад таго, што не выспаліся як след, і ад таго, што некага чакалі непрыемнасці на працы, злы, дэспатычны начальнік.
— Таварышы, талончыкі! — раптам пачуў ён блізка ад сябе. Замітусіўся, шукаючы пад дублёнкаю маленькі нагрудны кішэньчык на пінжаку, але было позна.— Прад’явіце, калі ласка, ваш праязны дакумент,— звярнуўся да яго малады высокі мужчына-кантралёр з павязкаю на рукаве і бляшаным знакам у руцэ.
— Прабачце, я забыў... толькі што хацеў прабіць,— пачаў апраўдвацца Ляшчэвіч, адчуваючы, як ад халоднага поручня пабег раптам па яго руцэ гарачы ток, заліў усяго з ног да галавы.
— Усе вы забываецеся, калі трэба плаціць са сваёй кішэні, зарплату атрымаць не забудзеце... Падрыхтуйце штраф! — У мужчыны быў дзіўна нерухомы твар, спакойны позірк, якія зусім не стасаваліся з яго грубаватым голасам.
«Фу, чорт!..» — ажно скрыпнуў зубамі Ляшчэвіч, хуценька выняў з партманета два рублі і, глянуўшы вакол сябе, сунуў іх кантралёру. Не стаў чакаць, пакуль той адарве квіток. Навошта каб ён, гэты квіток, зафіксаваны ў мазгах, яшчэ нейкі час псаваў настрой.
Ён пайшоў напрасткі, задворкамі — пацягнула са святла, ад людзей у зацемкі, быццам кожны мог заўважыць па ім і тыцнуць пальцам: «Глядзіце, ён — несумленны чалавек!» Тоўстая цётка ў доўгім ватнім палітоне, абвязаная на паясніцы рудою шарсцяною хустаю, як у вёсцы, расчышчала дарожку шырокай фанернай лапатаю. Высока ў небе самалёт мігаў чырвонай маленькай, бы каліна, лямпачкаю. З аркі Ляшчэвіч вынырнуў на вуліцу. Па адзін бок яе (на якім быў Ляшчэвіч) стаялі каштаны — аб’інелыя, яны быццам расплавіліся ў паветры, не былі відаць; па другі бок — шчыты, усе аднолькава белыя ад інею. Мяўкаў кот — сядзеў пухнаты, натапыраны, у тэлефоннай будцы, на якой ляжала тоўстая падушка снегу. «Не надта пагрэешся ты ў гэтым сховішчы»,— пашкадаваў ката Ляшчэвіч і ўздыхнуў. Востра чуўся ў паветры цвярозлівы на марозе пах спаленага бензіну.
У непрыемных думак доўгі ланцужок, адны выкрасаюць другія, дробяцца, як тыя іскрынкі з недакурка, разлятаюцца ў розных кірунках, шукаюць сабе завязь у непрыемнасцях і гарчэчы. Тое, што заспелі «зайцам», сапсавала настрой, і да будынка свайго інстытута Ляшчэвіч падыходзіў без радасці. Дзіўна было бачыць, як у яго шкляныя дзверы бадзёра, лёгенька ўскоквалі людзі. Работу сваю — інжынера-канструктара аддзела тэхналогіі і механізацыі вытворчасці — Ляшчэвіч любіў, можа, нават залішне быў аддадзены ёй, але задавальнення ад яе атрымліваў не багата. Ужо каторы год ён на гэтай пасадзе, вычарпаў яе да дна, і яна не наталяла смагу натхнення: колькі ні нагінай пусты кубак, дык не нап’ешся. Стараўся, працаваў, уносіў прапановы, супрацоўнікі і жартам і ўсур’ёз сцвярджалі, што па ім сумуе месца не ніжэй дырэктара завода, але ад іх нічога не залежала, залежала ад начальства, а яно маўчала, не прыкмячала яго, і ён губляўся, як бы размываўся на аднастайным фоне дваццаці супрацоўнікаў. Ранейшы загадчык аддзела, як кажуць, браў усё на сябе, падмяняў нярэдка і проста інжынера, і старшага, і начальніка групы,— мабыць, гэтым хацеў надаць сабе аўтарытэту, паказаць, што поспех залежыць толькі ад яго,— і не вытрымала ў небаракі сэрца... Новы загадчык быў малады, каля сарака гадоў, прыйшоў сюды з Саўміна. Па натуры энергічны, халерычнага складу, але, здаецца, ці не напінаецца трошкі ён, калі ў любой дробязі выстаўляе сябе тыпам дзелавога сучаснага чалавека. Гэта не ад патрэбы душы, думаў Ляшчэвіч, гэта ад кар’ерысцкіх замашак. Ляшчэвіч аніяк не можа прынаравіцца да яго, зразумець, каб паводзіць сябе спакойна. Таму паміж імі нейкая дзіўная блытаніна: Ляшчэвіч жартуе, той робіць сур’ёзную міну, але вочы выдаюць, што душа смяецца; Ляшчэвіч прыходзіць з дзелавою прапановаю —загадчык хітра пасміхаецца, і тады Ляшчэвічу становіцца зразумела, што той не хоча нічога гаварыць, каб не выявіць сваю недасведчанасць, і прыкідваецца гэтакім глыбакадумным мэтрам. Як гэта, мабыць, цяжка ўвесь час выдаваць сябе не за таго, кім ты ёсць! Але ж калі ты дурань, дык гэтага не схаваеш, як нічога не схавае ад людзей і твайго розуму.