Выбрать главу

— Гэта — праўда, нядаўна ў ваенкамат характарыстыку запатрабавалі, дык Марускоў напісаў: «працуе не горш астатніх...» І знайшоў жа фармуліровачку.

— Перабольшваеш! — шчыра, з трапятлівай пранікнёнасцю ў голасе сказаў ён.

— Не скромнічай. Толькі як вырасцеш да міністра мікрабіялогіі не забудзь мяне... тую, хто першая ацаніла твае магчымасці.

— Не забуду,— паабяцаў Ляшчэвіч, зноў са шчырасцю ў голасе. Чорт, нават калі ўсё гэта і не так, дык усё роўна прыемна. Гэта адно здаецца, што чалавеку шмат трэба, што ён жыве нібыта глабальнымі памкненнямі. Проста любая дробязь — для чалавека значная. Мы думаем, што гэта дробязь, а яна ламае, мяняе чалавеку жыццё. Закаханыя вочы — можна палічыць за дробязь, а калі яны ёсць ды яшчэ глядзяць на цябе — гэта шчасце; табе начальнік сказаў добрае слова — і ты гатовы ўвесь дзень спяваць песні; ты хутка сеў на аўтобус — і табе прыемна на душы; у магазіне, у які зайшоў, няма чаргі,— і ногі твае самі нясуць... Дык што дробязі і што глабальнае?

Ледзь не да абеду Ляшчэвіч, не адыходзячы, чараваў каля кульмана; супраціўлялася, не давалася ягонай задуме злучэнне трубы з чанам; у чана былі кароткія ножкі, а трубу трэба выгінаць каля самага нізу, і гэта нязручна, яе можна разбіць, за што і ўхапіўся дырэктар завода; у любой творчасці тупіку не бывае, у гэтым упэўніваўся няраз Ляшчэвіч і таму ўпарта шукаў выйсця — ці падвышаць чан, ці намячаць іншае месца для адтуліны. Канструкцыю ж абсталявання не хацелася мяняць, яна, здаецца, была аптымальная, кампактная.

Нечакана яго выклікаў да сябе Марускоў. Калі Ляшчэвіч зайшоў, той сядзеў і размаўляў з некім па тэлефоне — іх у яго збоку на нізкаватай чорнага дрэва тумбачцы стаяла ажно тры: адзін — звычайны — унутраны, другі як сувенірны, зроблены на даўнейшы манер, і трэці кнопачны. Ляшчэвіч падышоў да стала, не ведаў, ці то садзіцца, ці стаяць, чакаць запрашэння. Можа, хвіліны праз дзве Марускоў паказаў на крэсла.«Не ўсё адразу, Піліп Іванавіч,— адказваў ён некаму, мабыць, вышэйшаму за сябе начальніку, угодніцкім голасам,— гэты квартал... ведаеце, а той будзе выкананы». Ляшчэвіч адчуў, што пры гэтай размове яму лепш бы не прысутнічаць, нават мільгнула думка выйсці, але Марускоў палажыў трубку — няўдала, яна запікала, і ён паправіў.

— Я выклікаў цябе (ранейшы загадчык, чалавек сталага веку, называў Ляшчэвіча на «вы», ды нават калі б і не называў, то ўсё роўна, калі начальнік кажа падначаленаму «ты» — гэта непрыемна) з-за вашай справаздачы...

— «Вашай» — маёй ці нашай з Саўковай? — падкусіў Ляшчэвіч, не могучы пераадолець у сабе абурэння ад начальніцкай фанабэрыі.

— Вашай з Саўковай.— Марускоў пранікліва глянуў на Ляшчэвіча.

— А што такое? — Ляшчэвіч, наколькі ўдавалася, трымаўся спакойна.

— Выходзіць, толькі ты за прагрэс, за перабудову, а ўсе на заводзе тупачы, дагматы?

— Я канкрэтна ўказваю дырэктара.

— Хм, дырэктара...— хмыкнуў Марускоў і трохі памаўчаў.— Ты ж ведаеш, што біяхімічны завод — перадавое прадпрыемства, пераходны сцяг заваяваў за вынікі мінулага года.

— Часам перадавік той, хто лепш паказчыкі падтасаваць можа, раздуць... Хіба не так? Але я ў дадзеным выпадку не пра гэта...

— Ну, слухаю, слухаю...— Марускоў як бы адхіснуўся, ямчэй усеўся ў крэсла — паказваў, што гатовы ўважліва слухаць. Калі шчыра, яму і сапраўды цікава было паслухаць чалавека, які не глядзеў у рот і стараўся сказаць нешта з асабістых меркаванняў, разваг.

— Мне здаецца...— выразна вымаўляючы кожнае слова, стрымліваючы сябе, каб не распаліцца і не нагаварыць лухты ці зблытаць свае думкі, пачаў Ляшчэвіч.— Мне здаецца, што жалезныя трубы на біяхімічных заводах пара замяніць на шкляныя.

— Якія ў цябе довады? — У кожнае слова, у тон гаворкі Марускоў намагаўся ўкласці важкасць, надаць ім недасягальную вышыню.

— Першы: больш прыстасаваныя іменна для вадкасцей...

— Мала гэтага,— захоўваючы спакойны, абыякавы тон, сказаў Марускоў.

— Эканомія металу, пра якую так шмат гавораць.

Марускоў прамаўчаў.

— І — самае галоўнае. Новы прэпарат... «Баліз-2», які прайшоў апрабацыю і даказаў сваю эфектыўнасць, як-ніяк лякарства... хоць і для жывёлы.

— Ну і што? — Марускоў ведаў, што пытанні, нават бязглуздыя, сеюць у апанента сумненні.

— Яно, гэтае лякарства, цячэ ў метале... А раптам яно ўступае з ім у рэакцыю?

— Не нам пра гэта думаць! — безапеляцыйна адрэзаў Марускоў і, выпнуўшы грудзі, паправіў пад пінжаком падцяжкі.— Перапішыце справаздачу. Заўтра далажыць!

«І гэта ж не метад кіраўніцтва...» — падумаў з горыччу Ляшчэвіч, выйшаўшы з кабінета. А падтрымаў бы яго загадчык, сказаў бы тое, што пачуў ён, Ляшчэвіч, ад Саўковай — здаецца, са скуры вылузнуўся б, а працаваў бы за дзесяцёх, не бярог сябе. Але, але, начальнікі сабе наўме: пахвалі — і праўда зазнаецца, заганарыцца, паспрабуй тады зладзь з такім. Лепей пад прэсам трымаць, скоўваць, тыцкаць носам у пралікі. Чаго іншага не даб’ешся, але пакорнасці, паслушэнства даб’ешся. А калі добра націснуць — то і падхалімажу.