Глянуў на гадзіннік: «12.45» — час абеду. У аддзеле нікога ўжо не было. Пазней ні на мінуту ніхто не заседзіцца. Работнічкі! Ён пастаяў перад акном, паглядзеў на снег, на вуліцу з ніткамі тралейбусных ліній. Здаецца, мароз адлёг — запацелі шыбы, буйныя кроплі цяклі па іх як празрыстыя божыя кароўкі. Іх сталовая, што была ўнізе, на першым паверсе, ужо другі месяц не працуе — рамонт, і абедаць хадзілі хто куды. Ляшчэвіч аблюбаваў кафетэрый — шкляны павільёнчык на старой Нямізе.
Ён апрануўся і выйшаў на вуліцу. І праўда, паветра памякчэла, пахла вільгаццю. Снегу на тратуары было шмат, ляжаў пухнаты, мяккі і сыры — не рассыпаўся, а збіваўся пад нагамі ў камячкі, шчыльна ляпіўся на мысы ботаў. На праезнай частцы быў ён зусім брудны, жоўты, а мясцінамі як не чорны. Лёгкія, нячутныя сняжынкі ляцелі з асвечанага бляклым зімовым сонцам неба, калючымі пылінкамі ліплі да твару.
Мінуўшы тэатр оперы і балета, каля якога ў белай снежнай кепачцы стаяла на пастаменце бронзавая фігура Максіма Багдановіча, ён звярнуў улева і спусціўся па абледзянелых прыступках да Свіслачы. Каля моста ў чорнай прамыіне лёду плавалі дзве дзікія качкі. На сінім набрынялым вадою снезе былі відаць іх шырокія, як сподкі, сляды. Ляшчэвіч угледзеўся ў іх, як раптам пачуў бомканне: дзілінь-бом-м-бл, дзілінь-бом-м-бл... Гукі былі незвычайныя, новыя, нячутыя ім раней, і ён спыніўся, глянуў уперад — адкуль ляцелі гукі. Вочы яго самі спынілі свой позірк на царкве — два залацістыя шпілі, як вушы аўчаркі. Там званілі званы. Ён вырас на Магілёўшчыне, у той яе ўсходняй частцы, дзе няма і не было на яго памяці цэркваў, і ўпершыню пачуў, як звоняць званы,— нешта раней яны не званілі. Дзіліньканне было нядоўгае, і Ляшчэвіч пашкадаваў, што не паспеў яго добра пачуць, наслухацца, перакласці на нейкі сучасны рытм, які запомніўся б і пры нагодзе ўваскрасаў бы. А можа, і не ўваскрэс бы ўсё роўна ніколі: памяць захоўвае адно тое, у чым будзе мець некалі патрэбу. А якая можа быць патрэба ў царкоўным звоне? Мабыць, ідзе нейкая рэпетыцыя, праверка перад калядным богаслужэннем. У Ляшчэвічу гэта было проста разуменне, а не душэўны водгук, бо не было чаму адгукацца. Ён вырас у сям’і, дзе бацька, настаўнік, быў атэіст, помніцца яшчэ з маленства, як ён чытаў на ферме, у клубе лекцыі на антырэлігійныя тэмы. У хаце ніколі не было іконы. Маці раней, калі была яшчэ жывая бабуля Прося, ведала толькі вялікдзень, радаўніцу і калі па кім угодкі. Тады яна пякла пульхныя бліны, сыпала на іх дробку солі; соль уядалася ў блін, і ён набухаў белымі папурышкамі.
І таму на яго, Ляшчэвіча, ад усяго царкоўнага, рэлігійнага патыхала нечым незразумелым, загадкавым і экзатычным, што нельга выпрабаваць, рэальна адчуць, а толькі ўявіць, як уяўляем мы гісторыю, бывалішняе па кнігах ды кіно.
Яму не пашанцавала — у кафетэрыі быў санчас — на шкляных дзвярах была прыклеена паперка. Але ён не засмуціўся: «Ліха з ім, пацярплю, не памру з голаду!..» Горад рыхтаваўся да Новага года. Ставілі ёлкі, чаплялі на іх цацкі, «звалі ў госці» Дзеда Мароза і Снягурачку, на шыбах малявалі зайца (год зайца), развешвалі гірлянды, серпанцін... Мяцеліца бляску, колераў, ваты, фольгі завеяла ўвесь горад, пранікла ў дамы, кватэры, вестыбюлі, нават у аўтобусы, спераду якіх, за лабавым шклом, плікалі агеньчыкамі гірлянд маленькія штучныя ёлачкі.
Ціха стала ў калідорах інстытута пасля абеду, не было той ажыўленасці, галасоў, бразгату, што чуліся ў звычайныя дні. Ніхто не піў чаю, мода на які развілася ў апошнія гады. І ў «курылцы» — невялічкім пляцы каля акна, збоч пад’ёмнай лесвіцы, дзе ацяпляльныя батарэі,— нікога не было. На століку з жоўтымі кружкамі прапалін сіратліва стаяла шкляная попелка з двума недакуркамі. Ляшчэвіч тузануў дзверы суседняга аддзела — хацеў аддаць паперу з рэзалюцыяй дырэктара «азнаёміць усе падраздзяленні НДІ» — замкнуты. «Што сядзець і мне... Трэба ехаць раней на Камароўку, можа, куплю ёлку...» Але побач з іх аддзелам на сцяне павесілі святочны выпуск насценгазеты «З Новым годам, біяхімікі!», і цяпер каля яе стаяла кадравічка, якой па новым стандарце, што нядаўна зацвярджалі на камісіі па якасці, выпала сачыць за распарадкам дня (божа, колькі «жалезабетону» ў гэтых стандартах!). Жанчына яна пажылая, збіраецца на пенсію, і норавам мяккая, з прыемнаю ўсмешкаю, але няёмка ісці міма, гэта ўжо нахабства, якое Ляшчэвіч не прымаў у іншых. Хоць на тую газету і не было чаго глядзець, кадравічка ўнурылася ў яе і паказвала сваім выглядам, што ёй цікава.