Выбрать главу

Успомніў, што не абедаў сёння, а дома паку-у-уль згатуеш,— зайшоў у кафэ «Смажанка», што на рагу вуліц Веры Харужай і Куйбышава. Раней тут была «Блінная» — звычайная сталовая, а на ўваходзе, за стойкаю буфета прадавалі на разліў віно. Таму-сяму латва дай бог: выпіў шклянку і закусіў гарачанькім. Народу тут заўсёды таўпілася шмат, асабліва мужчын з азызлымі тварамі, і вадзіцелям з аўтастанцыі прыгарадных маршрутаў не ўдавалася нахапок перакусіць, хоць і вісела ў зале таблічка, што яны абслугоўваюцца паперад астатніх.

Ляшчэвіч не хадзіў і цяпер не зайшоў бы ў сталовую, нягледзячы што хацеў есці; у «Смажанку» яго пацягнула міжволі: вельмі ўпадабаў і любіў гэтую старажытную беларускую страву — смажань. Каторыя наведнікі называлі яе проста — блін; але ў гэтай назве чулася Ляшчэвічу зняважлівасць, хоць у смажані больш за ўсяго якраз цеста, дражджавога цеста; ды ў гэтым цесце былі запечаны і скваркі, і цыбулька, і грыбы, і яйка, і каўбаса, і бульба, а наверсе — расплаўлены ў жароўні сыр і барвяная пляма таматнага соусу. Усё гэта, падсмажанае на алеі, падпечанае да хрумсткай ружаватай скарыначкі, было надзвычай смачнае. Не дурні былі нашы продкі, выдумаўшы такую простую, хуткую на гатаванне страву: пяць-шэсць мінут — і гатова.

У «Смажанцы» было мала людзей — стаяла чарга толькі каля буфета, дзе цяпер прадавалі марожанае, сокі і вітамінныя кактэйлі.

Ляшчэвіч запрасіў сабе смажань з гавядзінай (а яшчэ былі «далікатэсны» і «з курыцай»), шклянку яблычнага соку. Узяў з паліванага рудога збанка два відэльцы — двума лягчэй увіхацца, раздзіраць тугі смажань. Есці станавіліся за высокія прылаўкі, прымацаваныя да сцяны — удоўжкі і ўпрытык, папярок залы. На прылаўках не было сурвэтак, але стаялі ў крышталёвых вазах лапчатыя зялёныя галінкі, падобныя на папараць, відаць, прывезеныя аднекуль з поўдня. Пустыя талеркі, шклянкі прыбірала з прылаўкаў пажылая сівая жанчына ў белай куртачцы і ў пакаёвых тапачках, састаўляла ў шырокенькую, як балея, алюмініевую калясачку на колцах. Цяпер прыбіральшчыцы не было відаць, Ляшчэвіч проста ведаў яе па ранейшых візітах.

Заходзіў у кафэ — здаецца, быў дзень, яшчэ было светла, а выйшаў — ужо сцямнела, густая сінька, разбаўленая дымам і туманком, заліла вуліцы, наблізіла да зямлі неба. Уражанне, што ты не ў горадзе, а ў лесе — так густа пахла елкаю, жывіцаю, набрынялым вільгаццю снегам. Задзяры галаву — зоры ўбачыш, але не на вярхушках векавых ялін, а на плоскіх дахах вышынных церамаў-камяніц. На некранутым снезе воддаль ад тратуараў былі выразна відаць сляды — толькі чалавечыя, ні звера, ні птушкі не знайшлося, каб парушыць снегавую бель,— і ад гэтага павеяла сумам.

Да дома было з паўкіламетра, два прыпынкі, і Ляшчэвіч пайшоў пехатою. Усё спяшаешся, усё не паспяваеш, а таму толькі ездзіш. А трэба ж некалі хадзіць — чытаеш, чуеш: арганізму край патрэбны рух, фізічная нагрузка. А калі «нагрузіцца», дзе ўзяць часу? Закінуць усё? Але без гэтай нагрузкі як-небудзь пражывеш, а «закінуўшы ўсё» — не, пацерпіш крах і ў сям’і, і на працы. Ён, Ляшчэвіч, не аддадзены самому сабе, пераплецены, як ніткі ў сетцы, з безліччу ўсякіх іншых узаемаадносін.

Ішлося цяжка, снег на тратуары размясілі, па ім коўзаліся ногі, і неўзабаве Ляшчэвіч адчуў, што стаміўся, увапрэў. Ён пацягнуў уніз замок «маланкі» на куртцы — шыю ахапіў ледзяны свежачок. Ляшчэвіч падправіў, тужэй захінуў махеравы шалік.

З сада везлі на саначках малых — тыя, што жывуць далёка; бліжэйшыя вялі сыноў і дочак за руку, а тыя, хто спяшаўся, каму не было як прастарэкваць, зважаць на ўсякія дамаганні малышоты,— неслі на руках.

Сынава група была на другім паверсе; узышоўшы па крутой лесвіцы, адразу апынуўся перад дзвярыма з вялікай барвовай пластыкаваю лічбаю «10». «Дзесятая» група лічылася «нулёўкаю», асвойвала праграму першага класа.

— Што мне купіў? — сустрэў яго пытаннем сын, дарэчы, як і кожны дзень. Дзіўна проста, адкуль у яго бралася заўсёднае жаданне мець новую цацку. Ляшчэвіч шмат купляў яму ўсякай несур’ёзнай драбязы, але апошнім часам стаў крыху стрымліваць сябе. Бо сын, загарэўшыся жаданнем мець нейкую цацку, тут жа астываў, як толькі яна апыналася ў яго руках; ён страчваў да яе цікавасць, вочы яго сумнелі, і ён трымаў цацку ў руках як нешта выпадковае, лішняе, калі не прымусовае.

— Я не заходзіў у магазін,— сказаў Ляшчэвіч.— І наогул, думай ужо болей пра вучобу, а не пра цацкі.