– Твая здаровая логіка мае сэнс у межах такіх жа здаровых абставінаў. Але мы, па сутнасці, а правільней, згодна з нашай агульнай логікай, маем справу не са здаровай жанчынай, забыўся? – нечакана жорстка перабіла мяне Тамара і, нібы перапрашаючы за сваю рэзкасць, закончыла ціха: – Насця Грыцук была лесбіянка. У нашых умовах ёй нічога не заставалася.
– Не разумею, – шчыра разгубіўся я. – А яе арыентацыя тут якую ролю адыграла?
– Ой, Васіль, Васіль, – са скрухай прамовіла Тамара. – Табе, як дзіцю, расказваць пра адносіны ў нашым грамадстве да асобаў з нетрадыцыйнай арыентацыяй? Ды яшчэ ў нашым горадзе, дзе калонія на пяць тысяч зэкаў і кожны школьнік ведае значэнне слова «апушчаны»… Ты паглядзі на яе характарыстыку. Яна паўсюль заставалася адна. Значыць, ведала пра сваю схільнасць змалку. Мяркую, гэта той самы выпадак, калі ў жаночым целе жыў праўдзівы мужчына. Вунь як участковы яе апісаў – мужык мужыком яна была ў сваёй хаце. Такое не схаваеш. Партнёра яна сабе відавочна знайсці тут не магла, а хутчэй, баялася пагалоскі. Працаваць санітаркай – значыць, мець магчымасць кантакту з жывым целам. Мужчынскім і жаночым, маладым і ва ўзросце… Яна такім чынам задавальняла свае патрэбы, наколькі магла.
– І вы лічыце, дзеля гэтага яна пайшла на такую работу?
Пракурор узняла на мяне вочы, у якіх нечакана для сябе я пабачыў самы сапраўдны сум.
– Ты вось, я ведаю, з суседкай-развядзёнкай зрэдку спіш. Не пужайся, справа твая, безумоўна, але такое не схаваеш… у нашым горадзе. А колькі ты без жанчыны змог бы абыходзіцца? А бабы, думаеш, з іншага цеста зроблены? Дык жа з рабра мужчыны. І хочуць таго ж і гэтак жа. Ты, у выпадку чаго, ды і я, і яшчэ тысячы такіх, як мы, – пацерпім, бо ведаем: свайго дачакаемся. Нам – не праблематычна, для нас няма нічога заганнага ў тым, каб скарыстаць адзін аднаго і за грошы. А для іх? Што такім насцям рабіць? А потым… ёй менавіта там, у бальніцы, пры доглядзе хворых і можна было знайсці тую жанчыну, цела якой адгукнулася б на яе рукі. Ды і такія людзі, вымушаныя хавацца ад усіх, адчуваюць сабе падобных. Там жа, акрамя ўсяго, вялікі жаночы калектыў. Думаеш, мала ў нас такіх, з нетрадыцыйнай, як кажуць, арыентацыяй? Ды хапае… Так, перапыніла я цябе, але затое не будзем вяртацца. Упэўнена: Насця Грыцук пайшла працаваць у бальніцу толькі дзеля сваёй схільнасці. Ты супраць? Ёсць думкі?
– Не супраць, – уздыхнуў я. – Мушу прызнацца, маеце рацыю. Не падумаў як след…
– Проста жыццёвы вопыт, – даравала мне Тамара. – Працягвай.
– Дык вось… Насця Грыцук – фізічна цалкам здаровая жанчына, і з вельмі добрымі знешнімі данымі. Патэнцыйная маці здаровых дзяцей. Узрост самы спрыяльны для нараджэння. З улікам таго, што яна пачувала сябе больш мужчынам, чым жанчынай; з улікам адсутнасці ў яе жыцці мужчыны; з улікам захавання цяжарнасці, калі б яна была выпадковай; з улікам утойвання цяжарнасці да апошняга і запланаваных наперад адпачынкаў можна зрабіць толькі адзін вывад: яна выношвала дзіця для некага.
– Мужчыны не было… А калі яе згвалтавалі? Два з трох згвалтаванняў скрываюць…
– Чаму тады ёй не зрабіць аборт, тым больш, працуе ў бальніцы, тым больш…
– А калі яна катэгарычна супраць забойства дзіцяці?
– Тамара Сяргееўна, – усміхнуўся я. – Ярымі праціўнікамі абортаў выступаюць, як правіла, альбо тыя, хто нечакана паверыў у Бога, альбо жанчыны, якія зрабілі як мінімум адзін аборт і таксама раптоўна адчулі неабходнасць замольваць у цэрквах свае грахі. Ну, не вам мне пра такое казаць.
– Мы не ведаем, ці рабіла раней аборт Насця Грыцук…
– Але мы ведаем: яна нічым ніколі не выявіла сваіх хрысціянскіх поглядаў. У чорнай хустцы не хадзіла. Больш за тое, як я сёння пачуў, яна не асабліва святкавала той жа Вялікдзень – ні ў адзін год не прыносіла фарбаваныя яйкі на працу, хоць тое і традыцыйна для іх хірургічнага аддзялення, як я даведаўся з размоваў. Карацей, я перакананы: выношванне дзіцяці было абавязкам для Грыцук. Дарэчы, згода Грыцук на сурагатнае мацярынства магла быць абумоўленая яе жаданнем атрымаць грошы – і зрабіць пластычную аперацыю.
– Пакуль складна, – кіўнула Тамара. – Што адсюль вынікае?
– Матыў забойства.
– Забілі, каб не плаціць?
– Тут цяжка адказаць. Грошы найперш, асабліва калі яна мела справу не з непасрэдным заказчыкам, а з пасярэднікам. Калі пачытаць, дык справы такія абстаўляюць у большасці выпадкаў менавіта так: жанчына не ведае, для каго нараджае, а тыя, хто атрымлівае дзіця, не ведаюць, хто нарадзіў. Практычна і бяспечна для абодвух бакоў. Пры ўмове сумленнага пасярэдніка, зразумела.