Выбрать главу

Так і атрымалася. Не будзённа-банальна, але і не як дасягненне нейкай вышыні пачуццяў, як кажуць, з эмацыйным выбухам. Мы быццам ішлі разам праз лес пакручастай сцежкай, якая вяла ўверх досыць строма, віхляла між старых дрэваў, нырцавала ў густы зараснік, спускалася ў балотца, караскалася на выспу жоўтага пяску з чэзлым сасоннікам; ішлі, даверліва трымаючыся за рукі, і нам абаім важна было не проста дайсці да роўнай паверхні, а дайсці з тым сяброўскім даверам і чалавечай павагай, з якімі мы рушылі ў дарогу.

Тады Надзея выйшла з майго душа, загорнутая ў вялікі ручнік, прысела на ўскрайчык канапы і прамовіла ціха:

– Ты выбачай… Прыкідвацца з табой не буду… У мяне пасля разводу не было мужчын … – І тут жа прымружылася, у вачах успыхнулі агеньчыкі: – Забылася, што ўмела! Але і стрымлівацца не буду, як успомню!.

Сённяшняя гвалтоўная смерць маладой жанчыны была другой за час маёй працы ў пракуратуры. Вяртаўся дадому і думаў: як добра, што ёсць Надзея! За кароткі час я зразумеў, як многа яна значыць у маім жыцці. І не толькі як жанчына, а дакладней, зусім не столькі, а больш як сябар, якога паважаеш за яго розум, уменне слухаць, патрапляць у размове з табой на адну хвалю, разумець пачуцці і жаданні і не крыўдаваць, калі яны не супадуць з тваімі.

Пабачыў Надзею здалёк – на ёй была яе заўсёдная для работ на агародзе яркая жоўтая майка. Яна палівала грады са шланга: хмурныя дні ішлі адзін за другім без дажджу, вільготнасць часам вісела ў паветры, але зямля сохла. Абапёрся аб агароджу, павітаўся, адзначаючы для сябе: у такі позні час Надзея спецыяльна выйшла паліваць агарод – чакае мяне.

Яна кінула шланг, абцерла рукі аб запэцканыя шорты, падышла.

– Чайнік пастаўлю. Пасядзіш са мной?

Я не проста запрашаў, Надзея не магла не адчуць у маіх словах сапраўдную просьбу.

– Выпіць ты выпіў, а чым закусваў? – строга спытала яна. – Пачакае чайнік. Давай да мяне заходзь, я зварыла суп фасолевы з грыбамі. Заходзь, не мніся, не панясу ж я каструлю да цябе!

Я падпарадкаваўся. У Надзеінай хаце я ўжо быў два разы, то рушыў смела.

Яна не пыталася ні пра што, сядзела насупраць, глядзела, як я еў. Пасля супу паставіла на стол талерку з бульбяным пюрэ і кавалкам смажанай курыцы.

– Я наеўся, – квола засупраціўляўся я.

– Еш! – строга загадала Надзея, і дадала мякчэй: – Ты ж галодны ўвесь дзень…

– Ты, пэўна, чула пра сённяшняе?

– Знаю, расказвалі, – са скрухай уздыхнула Надзея. – Так шкада…

– Ты ведала Насцю Грыцук? – здагадаўся я аб прычыне скрухі.

– Так, – сумна пацвердзіла Надзея. – Ведзьма ведзьму ведаць павінна…

– Ты пра што? – са здзіўленнем зазірнуў я ў Надзеіны вочы.

– Я ж сказала табе: ведзьма ведзьму ведае. Насця – ведзьма, дачка ведзьмака. І я ведзьма, калі верыць былой свякрусе. Бо я чары навяла на яе сына, і той дапіўся да белай пены і сутаргаў…

Надзея памаўчала трошкі, сустрэла мой дапытлівы позірк і дадала:

– У мяне бабка, мама бацькі, казалі, была вядзьмаркай. Вучыла жанок рознаму, каб сваіх мужыкоў утрымліваць, каб сурокі наводзіць на разлучніцу… Вось, бачыш, як я цябе хутка да сябе прыманіла, – усміхнулася сумна, а потым дадала сур’ёзна: – Мы некалі разам у адным кіёску працавалі прадавачкамі. Пасябравалі. Яна мне спадабалася, хоць і была трошкі… дзіўная. Дарэчы, ты не смейся, я дык нічога не ўмею, ва ўсякім разе, не вучылася і мяне не вучылі, але нешта ад бабулькі мне перадалося. Я ў Насці адразу сілу пачула. І яна мяне адразу адчула. Мы трошкі сакрэтнічалі. Бацька яе многаму навучыў…

– Надзюш… Надзюшка, – працягнуў я ўмольна. – Мяне такое не цікавіць, ты ж разумны чалавек. У мяне не нейкія там сурокі – у мяне труп. Рэальны. Мне нецікавыя такія казкі…

– Ды я ведаю, нецікавыя, – не пакрыўдзілася Надзея. – Я толькі папрашу цябе даць мне нумар свайго мабільніка…

Што праўда, мы да гэтай пары не абмяняліся тэлефоннымі нумарамі. Дарэчы, мне было і няблага. Навошта добраахвотна здаваць сябе пад яўны кантроль, каб у любы момант цябе маглі спытаць: ты дзе? з кім? чаму? Але цяпер я не задумваючыся прадыктаваў нумар, Надзея ўвяла лічбы ў тэлефон, патэлефанавала і адключылася.

– Запішаш нумар… Я не буду званіць без патрэбы, не бойся.

– Не баюся.

– А я за цябе баюся, – зазірнула мне ў вочы Надзея.

– І адкуль страх? – ажно псіхануў я. – Ты – чалавек з вышэйшай адукацыяй, ты ў школе…

– Васіль… Прабач мне… Я цябе толькі папрашу: будзь асцярожным!

– Я заўсёды асцярожны!

– Ну, не крыўдуй, – Надзея ўстала, падышла да мяне, паклала свае далоні мне на галаву, прыціснула да сваіх грудзей, якія пад тонкай тканінай былі цёплымі. – У бабы ж не розум, у бабы сэрца. Вось маё сэрца так радасна трапяталася, як ты сюды засяляўся… А цяпер яно шчыміць. Не крыўдуй. Проста будзь асцярожны…