Выбрать главу

– Мне б хто лепш далажыў, калі сонца будзе. Хана маім памідорам, нейкія глісты растуць – тонкія, кволыя, дзыбатыя. Падаюць ужо…

Павярнулася да мяне, я ўстаў.

– Ты лепш, Васіль, пра жывых жанчын думай. Надзька твая ў самым часе раджаць… Ды і табе… Думаеш, лёгка нам, бабам, цераз людскія пагалоскі пераступіць?

Здаецца, я пачырванеў – адчуў, як прыліла кроў да твару.

– Ты выбачай, – Тамара шчыра павінілася. – Калі баба не хоча ні з кім жыць, дык ніхто і ведаць не будзе, з кім яна спіць. Вось пра мяне хто скажа хоць слова? Ці ты думаеш, за час пасля разводу ў мяне мужыкоў не было? А калі табе, не хаваючыся, жанчына есці гатуе, дык павінен разумець. Не кіпі, я табе як маці кажу… Надзея твая – добрая жанчына, ведаю яе.

– Ды неяк разбяруся сам, – прамармытаў я.

– Ага, разбярэшся, – згадзілася Тамара і ўсміхнулася з незвычайным для яе твару клопатам. – Але як жанчына хачу табе сказаць… Мужчына выбірае сабе жанчыну, якая нечым падобная да яго маці, выбірае жанчыну для сябе. А вось жанчыны выбіраюць сярод мужчын не сабе каханка ці гаспадара, а бацьку для сваіх дзяцей. Тая цябе па-сапраўднаму кахае, якая хоча ад цябе нарадзіць… Ну ўсё, не буду больш цябе вучыць жыць. Ідзі, чакае яна цябе. Шчаслівы ты, зразумей нарэшце: цябе штовечар чакаюць…

Я выходзіў з пракуратуры з цяжкім і прыкрым пачуццём: Тамара мела рацыю, больш за тое, яна кранула самае балючае, тое, пра што я стараўся не думаць. Справа ў тым, што нашыя адносіны з Надзеяй зайшлі ў тупік. З аднаго боку, усё было добра: мы бачыліся практычна кожны вечар, ужо двойчы бавілі разам выходныя. Ездзілі разам на рынак у суседні райцэнтр – Надзея была заявіла, што я зусім абнасіўся, трэба займець мне колькі сарочак на лета, джынсы і касцюм. Сабе набірала рознай драбязы. Гатавала есці – і на мяне амаль штодня. Сэкс у нас хоць і стаўся бадай рэгулярным заняткам, але не страціў той самай першай радасці валодання жаданым целам. І я з асаблівай уцехай адзначаў: Надзея радуецца мне ў ложку, ёй прыемна не столькі атрымліваць, колькі аддаваць мне – ласку, пяшчоту. Зрэшты, для мяне і самога незаўважна стала галоўным даць як мага больш Надзеі. І тут не мужчынская гордасць самім сабой, не задавальненне ад выніку былі галоўным: вось, маўляў, які я спраўны і ўмелы мужчына – жанчына са мной у ложку штораз узнімаецца на пік асалоды кахання. Не, мяне апаноўвала невытлумачальнае шчасце сузіраць яе крышку ашалелай ад пачуцця ў такія імгненні, хацелася доўжыць такія хвіліны. Невыказна цёпла было сустрэць яе глыбока пяшчотны позірк, калі пасля мы ляжалі сцішаныя побач і ўглядваліся адно ў аднаго, быццам бачыліся першы раз, і старанна вывучалі кожную рысачку на тварах. Мне не хацелася думаць нейкімі высокімі катэгорыямі, але я ўпершыню ў жыцці сапраўды адчуваў шчасце ад таго, што я – даю і атрымліваю ўзамен такое ж: мне аддаюць, і жанчына шчаслівая, што аддае…

Я не думаў пра тое, як называць цяпер нашыя адносіны, не казаў і не думаў казаць Надзеі пра каханне. Неяк занадта будзённа ў нас усё пачалося і развівалася, дасягнула вяршыні… Дакладней – тупіка. Я адчуваў – тупіка. Бо вось жа пачыналася, быў нейкі рух, была мэта, было куды і да чаго рухацца, а цяпер мы дайшлі да таго пункта ў адносінах, за якім павінна пачацца нешта якасна новае…

Карацей, альбо жыць далей ужо як муж і жонка, альбо… разбягацца.

Надзея ніводным словам не намякнула на тое, што ў нашых адносінах павінна з’явіцца нейкая яснасць, яны павінны перайсці ў новую фазу. Але Тамара мела рацыю, ды і я сам не мог не разумець: Надзея чакае, верыць у працяг. Было ясна, што яшчэ месяц-два – і Надзея стоміцца быць адданай каханкай, і блізкасць урэшце страціць галоўнае – пачуццё самаахвярнасці, стане проста актам задавальнення патрэбы. Гэта звычайная дыялектыка: колькасць павінна пераходзіць у якасць, усё мусіць развівацца, а застыласць – для мёртвага…

А з другога боку, адкуль мне ведаць? Я ўмею чытаць думкі Надзеі? Фізічна здаровая жанчына, са мной у ложку яна навучылася поўнай бессаромнасці (дарэчы, і я таму навучыўся), атрымлівае ад нашых з ёй хвілін усё, што можа атрымаць. Усклала на сябе невялікі абавязак іншы раз гатаваць для мяне нешта са страў, дазволіла карыстацца сваёй пральнай машынай-аўтаматам (праўда, пад яе кіраўніцтвам… ды па шчырасці, я больш стаю збоку). Але ж і я нечым дапамагаю ў яе гаспадарчых справах: ужо корпаўся на агародзе, рамантаваў водаправод, памяняў выключальнік… Карацей, пакуль у нас атрымліваецца гэткае бяскрыўднае суіснаванне, амаль сімбіёз. І галоўнае – ні я перад Надзеяй, ні яна перада мной не маем ніякіх абавязкаў! Хіба ж не адсутнасць абавязкаў і ёсць галоўны ўмацавальны фактар нашых адносінаў? Хіба не таму мы стараемся не пакрыўдзіць і не абразіць адно аднаго, бо нічога нас не трымае, акрамя нашай прыязнасці? Проста супала так: мы суседзі, падыходзім адно аднаму. А калі разбяжымся, хіба праблема – знайсці новага партнёра?