Гэта сучасны рацыяналізм – і нічога супрацьпаставіць яму я не мог, бо разумеў асаблівасці нашага вычварнага рынку і няпростага жыцця. Хіба заробіць столькі настаўніца гісторыі? Надзея вунь ужо заказала сабе новы аўтамабіль. Але, шчыра кажучы, мяне гадзіў занятак Надзеі. Я не хацеў бы, каб са мной жыла жанчына, якая, па сутнасці, займаецца спекуляцыяй. Купіла – прадала… І яшчэ… Няхай я – мужчына, якому ад жанчыны трэба толькі ўцеха ў ложку ды каб есці гатавала. Дапусцім, я такі, і тады становіцца зразумела, чаму я не прапаноўваю разам думаць пра будучыню, чаму маўчу пра тое, дзе і як збіраюся жыць далей. Але ж яна – жанчына! Калі яна, як кажа Тамара, угледзела ўва мне бацьку сваіх дзяцей, чаму ніколі не заікнулася пра тое, што хацела б мець дзяцей? Чаму сама не кажа пра тое, як збіраецца жыць далей? Выходзіць, яе ўсё задавальняе вось так, як ёсць? Надакучу, і тады пойдзе сама аднойчы, сказаўшы млява: «Не хачу, каб ты прыходзіў», – і нічога тлумачыць не стане…
На апошніх думках дайшоў дадому. Непрыемна адзначыў для сябе: Надзеі нідзе не відаць, а дзверы ў яе дом шчыльна прычыненыя – значыць, няма, бо яна амаль ніколі не зачыняе іх да канца, калі дома. І міжволі варухнулася ў душы непрыемнае: вось жа, раней штодня сустракала, выглядвала, а цяпер ведае – нікуды не ўцяку, бо добра прывязала сваімі вячэрамі і ласкамі ўначы, дык можна і не папярэджваць. А яшчэ нумар мабільніка брала… Быццам назло ўсё…
6
Чуў, што жанчына застаецца жаданай, пакуль не перастае здзіўляць. Як па мне, дык здзіўленне павінна адбывацца толькі на кухні.
Апошнія дні я стаў заходзіць у свой пакой з боку агарода, не ведаю нават чаму, вось і цяпер абышоў веранду і – разгублена прыпыніўся: дзверы былі адчыненыя, праём прыкрыты пачэпленым на цвічкі цюлем – каб мухі не ляцелі. А да мяне даносілася сквірчэнне нечага на патэльні…
Умомант успомніў, як паказваў Надзеі, дзе я кладу запасны ключ ад дзвярэй. Яна тады пажартавала быццам, што раптам ёй захочацца згатаваць мне вячэру, пакуль я буду на працы.
У маім маленькім закуточку, які служыў кухняй, спінай да мяне стаяла Надзея. На ёй былі звыклыя белыя шорты (хоць дні нельга было назваць спякотнымі, але Надзея летам ходзіць толькі з аголенымі нагамі, яны ў яе не баяцца холаду), майка з кароткімі рукавамі і павязаны выцвілы фартух.
Хваля пяшчоты, якая падкаціла з сярэдзіны жывата пад горла, спыніла мяне ў дзвярах, змыла прыкрыя думкі, і мне стала пякуча сорамна, што хвіліну назад думаў нешта дрэннае пра Надзею. Яна не чула маіх крокаў і рухаў, завіхалася. Памешвала ў патэльні і, мабыць, нешта напявала сама сабе, бо лёгка прытупвала босай нагой…
Мне захацелася прысесці і пацалаваць лытку гэтай гарэзлівай нагі. Зрэшты, я так і зрабіў.
Надзея ўскудлаціла мае валасы, захапіла іх у жменю і пацягнула мяне, каб устаў. Пацалавала ў вусны і, роблена крыўдуючы, упікнула:
– Мае лыткі – самае зацалаванае табой месца. Я супраць! Нішто не павінна быць абдзеленым!
– Складзі спіс таго, чаму не хапіла і ў якой колькасці, – працягнуў я гульню. – Сёння ж справядлівасць будзе адноўлена, усім хопіць!
– Мне цябе ніколі не хопіць, – з лёгкай сарамлівасцю ціха прызналася Надзея, прытулілася тварам да маіх грудзей. – Мый рукі, сядай! – ператварылася ў строгую гаспадыню і падштурхнула мяне.
Позна ўночы мы пілі гарбату на верандзе. У апошні час мы часта так рабілі, бо калі мне адразу пасля любошчаў, як любому мужчыну, хацелася спаць, дык Надзея ўсчынала гаворку пра абы-што. Перапоўненая пяшчотай, яна магла доўга і замілавана гладзіць мае грудзі, шыю, твар – і гаварыць, гаварыць… А мне былі не вельмі прыемнымі яе пагладжванні, вось мы і вырашылі – будзем адпачываць і супакойвацца на верандзе за гарбатай.
Я расказваў Надзеі пра Насцю Грыцук, пра тое, як яна выношвала і нараджала дзіця відавочна на замову для некага. Зразумела, гэта вельмі непрафесійна з майго боку – адкрываць ход следства старонняму чалавеку, але Надзея… Надзея была мне сваёй. Я не першы раз расказваў ёй пра сваё, прафесійнае, быццам самому сабе, пры гэтым сам сябе слухаў, аналізаваў – і амаль штораз у мяне нараджалася новая думка. Цяпер я разумеў, чаму Тамара-пракурор так часта просіць усіх выказвацца ўголас па праблеме. Агучаная праблема дакладна хавае ў сабе рашэнне.
Любая крымінальная справа – справа чалавечая. Пачні шукаць прычыну – і становіцца страшна ад той бездані, у якую зрынаюцца чалавечыя душы, гідка ад тых істотаў, у якіх ператвараюцца людзі. Не мог я не падзяліцца з Надзеяй – бо яна ж жанчына! – нядаўняй гісторыяй пра згвалтаванне непаўналетняй. Дзяўчынцы ўсяго трынаццаць, на яе гвалтаўніка заява паступіла ад настаўніцы. Пачалі разбірацца. Дзяўчынка жыве з маці, тая, кажучы мовай пратакола, вядзе амаральны лад жыцця, хоць адбіраць у яе дзіця відавочных прычын не было: дом больш-менш дагледжаны, працуе ў мясцовым калгасе. Выпівае? Так, здараецца. Але ж дзіця як быццам і апранутае не горш за іншых, і накормленае. Пакойчык свой мае, умовы адносна добрыя. Не была ж настаўніца ў тым доме начамі са свечкай, не бачыла, як маці займалася сэксам з чарговым сваім госцем за выпіўку, а дачка сачыла за ўсім са свайго пакоя, бо маці не зачыняла дзверы – глядзі за цікавай дарослай гульнёй…