Выбрать главу

Зазвычай Надзея слухала ўважліва, але ўтрымлівалася ад каментарыяў, калі я яе не пытаў. І цяпер, расказваючы-разважаючы пра Насцю Грыцук, якая для некага нарадзіла дзіця і была забітая, я сачыў за тварам Надзеі, бачыў у яе вачах не проста цікавасць, а суперажыванне і боль.

– Але ж ты так і не ведаеш дакладна: Насця нараджала для некага спецыяльна? То твае здагадкі? – ціха спытала яна, калі я замаўчаў.

– Так, здагадкі, – мусова згадзіўся я. – На жаль, нават у прыватнай перапісцы са сваёй сяброўкай Насця адно напісала, што павінна нарадзіць цмока. Але каму і чаму…

– Цмока? – нечакана здзіўлена выгукнула Надзея.

– Ну так, – паціснуў я плячыма. – Дзіўна? Як я зразумеў, так яна звала дзіця, якое насіла. Бо жыў у ёй, сілкаваўся яе сокамі. Піў кроў…

– Цмокі не п’юць крыві, – сур’ёзна запярэчыла Надзея.

– Надзюш… Ну алегорыя ж. Так яна выказалася. А хто, па-твойму, цмок?

Надзея неяк дзіўна паглядзела на мяне, быццам шукала на твары падказку для свайго рашэння: казаць сур’ёзна далей ці абысціся нязначным удакладненнем. Я заставаўся сур’ёзным – мне сапраўды было цікава, якога цмока ведае Надзея.

– Ведаеш… У час майго студэнцтва быў у нас выкладчык. Ён літаральна заразіў мяне і яшчэ некалькі чалавек з нашае плыні любоўю і цікавасцю да гісторыі. Да сваёй, айчыннай. Тады былі… самыя лепшыя мае гады. Самыя напоўненыя. Я адкрыла для сябе столькі ўсяго. Дык вось, Цмок – адно з самых загадкавых міфалагічных стварэнняў нашых продкаў. Невядома, як ён выглядаў, якая была яго роля ў жыцці людзей. З тых паданняў, якія захаваліся, можна зрабіць вывад: ён быў лятучым, мог спапяліць агнём са сваёй пашчы. Карацей, можна лічыць, то быў дракон…

– Ну вось, хіба ж я памыляюся тады? – перапыніў я і радасна дадаў: – Успомніў! Ёсць жа абраз такі – святы Юры забівае змея ці цмока. Так жа?

– Так, – пяшчотна ўсміхнулася Надзея і патлумачыла, бы настаўніца дзіцёнку: – Святы Юры забівае Цмока… Алегорыя, сімвал перамогі хрысціянства над паганствам, разумееш? Той змей на абразе – не нейкае стварэнне з Пекла, не д’яблава дзіця. Менавіта Цмок. І ён там увасабляе старажытную веру нашых продкаў, якая была вынішчана хрысціянствам. Тая ж казка пра Кашчэя Бессмяротнага – гэтаксама гісторыя змагання хрысціянскай царквы з паганствам… Можаш уявіць, на якім месцы ў пантэоне паганства знаходзіўся Цмок, калі смерць над ім зафіксавана ў абразах. Цмок… Цмок быў незалежнай, вольнай істотай. Але калі чалавек аднойчы ўстанаўліваў добрыя стасункі з Цмокам, то той забяспечваў яго бязбеднае існаванне: прыносіў яму скарбы, бараніў ад ворагаў, сцярог дом ад бяды.

– І як можна… нарадзіць Цмока? – прыдуркавата спытаўся я. – Ад каго?

– От не ведаю, – з усмешкай развяла рукі Надзея. – І ніхто не ведае. Хрысціянствам паступова было знішчана ўсё, што мела дачыненне да старажытнай веры. Вынішчалася агнём у прамым сэнсе. Засталіся толькі паданні… іншым разам і вельмі супярэчлівыя. Паводле адных, Цмока можна прывабіць, калі спячы для яго яечню без солі і тлушчу і аднесці той пачастунак на гарышча. Паводле іншых, Цмока можна было выгадаваць. Напачатку дачакацца, калі чорны певень знясе яйка. Пасля тое яйка павінен насіць мужчына пад пазухай некалькі гадоў. І з яйка вылупіцца маленькі Цмок. Карміць зноў жа яечняй без солі…

– Цікава! – не схаваў я захаплення. – А чаму Цмок не любіць солі?

– Солі не любяць усе, хто жыве ў пазасвеце… ну, не сярод людзей. Соль… яна як абярэг. Прыкмета ж вось ёсць: рассыплеш соль – да сваркі ў сям’і. Таму, што соль у тыя часы была вельмі рэдкая, каштоўная, яе ашчаджалі, бераглі. Таму ў яе і такія якасці абярэга.

Нейкі час я маўчаў, раздумваючы над тым, што з пачутага можа прыдасца практычна. Ведаць, безумоўна, цікава, але ж Насця Грыцук не была чорным пеўнем… Я ўсміхнуўся сваім думкам і спытаў:

– А хіба не недарэчна гучыць умова нараджэння Цмока: напачатку певень павінен знесці яйка?

– Ты таму і пасміхаўся? – трошкі раўніва спытала Надзея.

– Ды ўспомніў дзіцячую загадку: знёс певень яйка на кітайска-савецкай мяжы. Каму дастанецца: кітайцам ці савецкім?

– Ага, помню і я, – пасур’ёзнела Надзея. – А знаеш… пустое доўга не жыве.

– У сэнсе?

– У тым сэнсе, калі нешта мае пад сабой доўгую гісторыю жыцця ў казцы, міфе, то там заўсёды схаваны глыбокі сэнс, зашыфраваныя веды, сапраўдная гісторыя.

– Ты перакананая, што за кожнай небыліцай нешта хаваецца?

– А ты зменшыш свой скепсіс, калі я нагадаю табе, як была раскапана Троя? Да Шлімана нават ніхто і не сумняваўся: выдумка, казка, легенда, міф! А лабірынты Мінатаўра? Яшчэ прыклады хочаш?