Якой прыгожай стала Надзея ў сваім узбуджэнні! Яна падалася наперад, прымружаныя вочы ззялі, нават невялікая складка на лбе не псавала твару, а надавала яму энергіі. Трапяткія ноздры вострага носа ўздрыгвалі. Я ўпершыню бачыў Надзею такой: сапраўды ўзрушанай, зацікаўленай, крышку нават агрэсіўнай, якая казала пра сваё, роднае і блізкае, бараніла яго. Міжволі ўсміхнуўся.
– Чаго ты смяешся? – разгублена спыніла сябе Надзея, неяк адразу асела, быццам птушка крылы склала.
– Прабач, калі ласка, – я прыгарнуў Надзею да сябе, пальцы правай рукі запусціў у яе валасы – ад скроні далей, нібы расчэсваў. Ведаў – яна любіла, калі я так рабіў. – Ты зараз мне так нагадала нашу сакратарку ў адзін дзень. Да яе прыйшла сяброўка, нешта пачалі гаварыць пра дзяцей. У сакратаркі двое, звычайныя дзеці, без асаблівых талентаў.
І вось сяброўка неяк няўклюдна ўпікнула нашу Зіначку, маўляў, дзеці твае ні ў музычнай школе, ні ў мастацкай… О, як усхапілася Зіначка! Яна так бараніла сваіх, у тры сказы даказала, што яе дзеці – найлепшыя! Вось. І ты так бараніла сваё… свайго Цмока…
Крануўся вуснамі лба Надзеі. Удыхнуў пах яе валасоў. І нечакана Надзея застыла напружаная. Упершыню я адчуў такую незразумелую нерухомасць Надзеі, і мяне трывожна казытнула: нешта здарылася?
– Васіль… Можна я нараджу ад цябе дзіця? Надзея вымавіла сваё пытанне, асцярожна, просячыся, вызвалілася з маіх рук, нейкае імгненне сядзела, схіліўшы галаву, потым узняла на мяне вочы.
Я пацягнуўся па цыгарэты.
Калі ў нас здарылася блізкасць, у той самы першы раз, неяк адным словам Надзея дала мне зразумець: мне не трэба непакоіцца пра наступствы. І мы ўвесь час не засцерагаліся.
– Я не разумею, як так атрымалася… – крыху нервова прагаварыў я, мнучы цыгарэту.
Унутры мяне пачынала дробна трэсці. Раптоўна я зразумеў, як жыццё, тое, якое ёсць сёння, можа абрынуцца, і замест яго ўзнікне нешта новае, пакуль чужое для мяне, а галоўнае – без майго жадання. Як жа так? Чаму яна вырашыла падмануць мяне?
– Вой, дурненькі! – весела-адчайна ўсклікнула Надзея. Саслізнула на калені перада мною, абхапіла мае ногі, паклала на іх галаву і зноў зірнула на мяне, знізу наверх, але з неверагоднай пяшчотнай перавагай.
– Дурненькі, – паўтарыла яна з усмешкай. – Нічога не здарылася. І не магло здарыцца. А ты падумаў? Падумаў?
І стаў тухнуць, знікаць цёплы агеньчык у яе вачах. Яна зразумела: я падумаў менавіта так, больш за тое, яна адчула, што ў мяне такая навіна выклікала ніяк не радасць.
Надзея не стала чакаць ад мяне нейкіх слоў. Яна зразумела? Зразумела, што я разгубіўся, спалохаўся? Зразумела, як у мяне маланкай пранеслася думка: вось, заляцела – нікуды не дзенешся, мусіш ажаніцца?
Зрэшты, усё было няважна. Бо Надзея зноў пачала казаць ціха, вінавацячыся:
– Я хачу нарадзіць дзіця… Вельмі хачу. Мне ўжо наўрад ці замуж выйсці… А ад абы-каго нараджаць не хачу. Васіль… няхай яно народзіцца ад цябе… Хочаш, я напішу і падпішу паперу, што не буду мець ніякіх прэтэнзій да цябе?
Я быў не разгублены – мяне літаральна аглушыла. Мноства думак, пачуццяў узарвалі свядомасць. Не было магчымасці за нешта зачапіцца. І толькі адна, самая недарэчная думка, пульсавала ў скронях: вось Насця Грыцук – для некага нараджала, а ты – будзеш такім жа сурагатным бацькам…
– Надзюш… – хрыпата пачаў я, так і не прыпаліўшы цыгарэту. – А ты… Чаму ты не хочаш вярнуцца ў школу?
Яна зноў села побач, але не прыхіналася, усміхнулася, як павінілася:
– Табе прыкра, бо ты, следчы пракуратуры, інтэлігент, спіш з гандляркай з рынку?
Так, яна не абвінавачвала мяне, а менавіта прасіла прабачэння, быццам сама адчувала сябе чалавекам другога гатунку, жанчынай, якая прыдатная для мяне хіба як палюбоўніца, але не як… Не як жонка, не як маці маіх дзяцей.
Я не ведаў, што адказаць. Я не ведаў, што рабіць далей, як выйсці з сітуацыі, чым завяршыць размову. Не ведаў, наўпрост не ведаў…
У пакоі зайграў тэлефон, як сапраўдны паратунак для мяне. Я падхапіўся з невыказнай палёгкай, нават не здзівіўшыся такому позняму званку. Абы толькі не памыліліся нумарам. Няхай любое надзвычайнае здарэнне, няхай хоць што, абы толькі…. Абы толькі не працягваць размову… Мне трэба час, мне трэба пабыць аднаму…
– Васіль? – вінавата спытаўся голас пракурора. – Выбачай, разумею, на які момант магла патрапіць. Праз дзесяць хвілін будзем у цябе, апранайся.
– Апранаюся, – адказаў я, выдыхнуўшы. – У двух словах можна даведацца, што здарылася, Тамара Сяргееўна?
– Можна, – пагадзілася Тамара. – На трасе, на выездзе з Ляўдка—ДТЗ: фура збіла легкавы аўтамабіль. Пакуль там даішнікі разбіраюцца. У багажніку легкавіка знойдзена скрыня… Дакладней, невялікая труна. У ёй труп нядаўна народжанага дзіцяці.