– Кіроўца, пасажыры легкавіка?
– Пасажыраў не было… Кіроўца мёртвы.
– Зразумела… Чакаю.
Я апрануўся хвілін за пяць, выйшаў на веранду, прысеў, каб нарэшце закурыць. Усе хваляванні ад прапановы Надзеі зніклі. Пасля, усё пасля…
Надзея выйшла на веранду, трымаючы ў руцэ кубак з кавай.
– Папі… Ноч будзе доўгай?
– Ага, дзякуй табе, – шчыра адказаў я, крануты яе клапатлівай здагадлівасцю – вельмі добра зараз кубак кавы. І час ёсць… – Не ведаю, наўрад ці занадта доўга… Хочаш пачакаць? – прымусіў сябе жартам спытаць я.
– Калі табе будзе прыемна – пачакаю, – адказала Надзея з усмешкай на куточках вуснаў.
– Тады тут чакай! – паставіў я ўмову быццам усур’ёз, бо не мог іначай у гэтыя хвіліны, і вось такая гульня ў сур’ёзнасць была маёй выратавальнай кладкай між упэўненым у сабе чалавекам і цалкам разгубленым мужчынам.
– Тады буду тут чакаць, – пакорліва згадзілася Надзея ці то насамрэч, ці то жартам…
На верандзе заставалася гарэць нязыркае святло, калі я выходзіў з веснічак. Тамара ні пра што не пыталася, моўчкі кіўнула, калі я ўсеўся. Мы паехалі, і я думаў пра тое, як нязвыкла, калі мужчыну жанчына прапаноўвае стаць бацькам яе дзіцяці. А можа, у будучым гэта будзе заместа прапановы ажаніцца?
7
Добра, што ёсць ночы – у іх пачварнасць і жах выглядаюць цалкам натуральнымі.
– Божа, не дай Бог маці такое нарадзіць і пабачыць… – голас Тамары быў зусім не пракурорскім, яна казала, як звычайная кабета, уражаная відовішчам.
У невялікай драўлянай труне, якая была зроблена з абрэзкаў «вагонкі», хоць і груба, але дастаткова акуратна, ляжала мёртвае немаўля з вялізнай, выцягнутай даверху, амаль у свае паўроста, галавой. Гідрацэфал…
Я дастаў скарчанелае цельца. Нечакана цяжкое, яно падалося мне жалезнай лялькай, абцягнутай тоўстым латэксам. Цалкам разгарнуў вялікую мяккую пялюшку. Хлопчык…
– Пупавіна адпала… Некалькі дзён, – Тамара не кранулася мёртвага дзіцяці. – Вось і ўсе адгадкі…
– Не думаю, што ўсе, – неахвотна запярэчыў я. Мне насамрэч не хацелася ні спрачацца, ні думаць пра нешта. Так недарэчна супала – просьба Надзеі нарадзіць ад мяне дзіця і мёртвае немаўля… І такое ж можа нарадзіцца. Мы так мала бачым на вуліцах хворых людзей, што думаем, быццам усе нараджаюцца здаровымі, фізічна беззаганнымі.
– Больш нам наўрад ці трэба, – настойліва працягнула Тамара. – Ніякага заказу на дзіця не было. Быў мужчына, выпадковая цяжарнасць, нараджэнне хворага дзіцяці. У мужыкоў заўсёды хапае розуму абвінаваціць у такім няшчасці жанчыну. Відавочна, быў канфлікт. Раніцай пашукаем на дачы кіроўцы. Знойдзем і тое, на што напаролася Насця…
– Напаролася? – здзівіўся я.
– Напаролася, – упэўнена кіўнула Тамара. – Не шукай таго, чаго не было. Магла бегчы, спатыкнуцца, упасці…
Накрапваў дождж. Мігалка машыны даішнікаў рэзала вочы, я раздражнёна думаў над тым, чаму яны не выключаюць яе, чаму Тамара не загадае тое зрабіць. Пад’ехалі нарэшце выратавальнікі на сваёй «газелі» з абсталяваннем. З блытанага аповеду кіроўцы фуры вынікала, што сутыкненне адбылося адразу пасля таго, як ён размінуўся з сустрэчнай. Кіроўца аўто, якое выязджала з павароту на Ляўдок, прапусціў гэтую сустрэчную і адразу выехаў на шашу. Ад удару машыну адкінула на металічны слуп і літаральна абгарнула вакол яго.
Моцна завуркатаў рухавік, пасля зароў, потым пасыпаліся іскры пад тонкі вісклівы гук – выратавальнікі разразалі жалеза, каб дастаць труп кіроўцы.
Участак дарогі, асветлены фарамі аўтамабіляў і жоўта-сінімі мігалкамі машын даішнікаў і «хуткай», выглядаў у абсалютнай чарнаце ночы ўрачыста-злавесна. Рэдкія машыны на трасе сцішвалі ход, праязджалі амаль бязгучна. Я адышоў падалей за куст на дарозе на Ляўдок, закурыў, глядзеў на постаці… Ні пра што не хацелася думаць.
У паветры віселі, таўкліся, як жамяра, дробныя кропелькі вільгаці, ліплі да твару і шыі. Быццам нешта нябачнае, вялізаранае, бясформеннае, але жывое хавалася ў цемры, на правах гаспадара бессаромна абмацвала кожнага і ўсё, што трапіла ў яе ўладанні. Яно, мокрае і чорнае, тут гаспадар… І нават калі прыйдзе ранне, яно распаўзецца туманом, прыўзнімецца да нізкіх аблокаў – агромністае, бяздушнае і халоднае.
– Што задумаўся? – Тамара падышла да мяне. – Запальнічку не ўзяла. Трэба ж, колькі ўзнімалі сярод ночы, ніколі нічога не забывала…
– Некалі ўсё здараецца ўпершыню, – я пстрыкнуў, пачакаў, пакуль Тамара дастане з пачка цыгарэту, паднёс у жмені жоўты агеньчык да яе скуластага твару. – Значыць, ніхто нашую Насцю не думаў скарыстоўваць у якасці інкубатара.