Выбрать главу

– Адказы на большасць пытанняў бываюць вельмі простымі, – нібыта ўсцешваючы, заўважыла Тамара. – Вось разбярэшся заўтра з кіроўцам. Можа, у яго была сапраўдная любоў. Насця магла паспрабаваць – ад адчаю, ад цікавасці – стаць нармальнай жанчынай. Раптам цяжарнасць яе змяніла? Калі мужчына кахае па-сапраўднаму, ён на многае пойдзе. Мог і ўгаварыць Насцю, каб нарадзіла яму…

– А мне вось прапанавалі бацькам стаць… сурагатным.

Словы вырваліся самі сабой. Не збіраўся аніяк, не думаў нават, што скажу Тамары пра тую просьбу, ды яшчэ ў такі момант і такім тонам, быццам прашу парады.

Тамара маўчала, як не пачула маіх слоў. Не перапытвала, не спынялася раз-пораз зацягвацца. Нарэшце яна дакурыла, адышла на ўзбочыну, кінула і прытаптала нагой акурак. Я зрабіў тое ж. Мы моўчкі пайшлі да месца аварыі.

– І ты адказаў? – нечакана запытала Тамара. Я ўздрыгнуў.

– Не паспеў…

– Толькі не ўздумай цяпер адказваць, – насмешліва-жорстка папярэдзіла Тамара.

– Чаму? – разгубіўся я, больш ад таго, што Тамара не забылася на мае словы, думала пра іх і вось цяпер вучыць. Як школьніка перад экзаменамі.

– Таму. Такія прапановы – як тэст. Калі задумаўся мужык – ад яго трэба бегчы. Што б ты цяпер ні адказаў – тэст ты праваліў. І ведаеш… – Тамара прыпынілася, бо мы ўжо амаль падышлі да машыны, а ёй, мабыць, неабходна было дадаць колькі словаў. – Вось ты меркаваў, што Насцю скарысталі як інкубатар. Ты лёгка са словам абыходзішся. Скарыстаць – зусім не тое. Скарыстаць – узяць і не аддаць узамен. Вось ты Надзькай карыстаешся месяц… Маўчы. Паехалі.

«А яна мной не карыстаецца?!» – захлынуўся я воклічам, але падпарадкаваўся Тамары, трымаў у глотцы свае словы. Жанчыны заўсёды бароняць жанчын… Бач, я скарыстоўваю… А яна мяне? Хіба Надзея не карыстаецца мной, як мужчынам? Яна хіба мала ад мяне атрымлівае? Гэтулькі гадоў не ведаць элементарнай мужчынскай ласкі і цяпер бярэ напоўніцу ўсё ад мяне! А я ж даю ўсё, што магу! Ці была б яна з некім больш шчаслівай? Сама ж прызнавалася: са мной, менавіта са мной адчула ўпершыню тое, што падалося ёй стратай самой сябе, калі, здавалася, сэрца спынілася ад неспазнанай раней асалоды, пра якую і думаць не магла, у якую не верыла. Хіба яна не захлынулася тады шчаслівымі слязьмі ўдзячнасці, хіба не цалавала мяне апантана, не шаптала бясконца самыя пяшчотныя словы?..

– Дай запальнічку! Зазвычай Тамара не курыла ў салоне аўтамабіля, а тут павярнулася да мяне, пацягнулася тонкімі вузлаватымі пальцамі.

Я разгублена ляпаў па кішэнях: куды засунуў запальнічку? І нечага баяўся глядзець у вочы пракурора. Ды прыйшлося. Як і чакаў: у гэтых вачах застыў папрок. Абвінавачанне нават.

– Не крыўдуй. Сам падумай, – нечакана ціха сказала Тамара.

Ну чаго яна лезе? Якое яна мае права ўвогуле нешта мне ўказваць? Знайшла аб’ект для выхавання? Сумна адной стала?

– Віктар вось ведае, – Тамара лёгка кіўнула прыпаленай цыгарэтай у бок нашага кіроўцы, маўклівага, мне іншы раз здавалася, быццам ён нямы. Яшчэ і знешнасць такая непрыкметная, сцішваецца сам недзе ў куточку прыёмнай, калі вольны, тры словы пра яго не скажаш. – Тваёй Надзеі хапіла ўсяго.

– Я ведаю, – трохі крыўдліва ўставіў я.

– І пра звальненне са школы ведаеш? Пра даносы на яе ва ўсе інстанцыі, нават у КДБ, – ведаеш? Пра допыты? Пра ператрусы?

Тамара не паварочвалася да мяне, страсянула попел праз адчыненае акно.

– Дык ведаеш?

– Не, – ціха адказаў я, агаломшаны пачутым. – Былая свякруха помсціла?

– Дурняў і без свякрух хапае, – уздыхнула Тамара. – Калегі так званыя. Надзея ж гісторыю выкладала. Некаму вельмі не спадабалася, як яна пра… як яго там… Касцюшку, вучням расказвала. Пайшоў першы данос – маўляў, настройвае дзяцей супраць славянскага братэрства, ставіць пад сумненне значнасць адзінай саюзнай дзяржавы. Атрымала па пошце кнігі – пайшоў данос пра атрыманне нейкай незаконнай друкаванай прадукцыі, налепак, бо якраз дзятва дурэла, на канікулы са сталіц папрыязджалі, ляпілі ўсякае на слупы… А ў яе самой не хапала хітрасці змаўчаць пра сваё стаўленне да таго Княства Літоўскага, да Пагоні той… Вось і папрасілі са школы. На маё імя, пакуль яна выкладала, васямнаццаць лістоў прыйшло. Адно нават з подпісамі бацькоў, не паленаваліся. У чым толькі не абвінавачвалі яе! Нават у стварэнні падпольнай арганізацыі дзеля звяржэння мясцовай улады. А ты не смейся, – нечакана павысіла голас Тамара, і цяпер я заўважыў, як яна паглядвае на мяне ў люстэрка задняга бачання. Я ж і праўда міжволі ўсміхнуўся: няўжо не дурнота – пісаць такое?