– Ды… якая багатая фантазія ў чалавека, – апраўдаўся я.
– Багатая… У мужыкоў, якіх мы, бабы, пасылаем з іх жаданнем залезці нам у трусы, фантазія багатая, – жорстка загаварыла Тамара. – Я таго пісара хутка вылічыла, Надзея распавядала мне пра свае справы школьныя і не школьныя. Настаўнік… Бач, развядзёнка не захацела спатоліць яго прагу. Карацей, Надзея намі, і не толькі намі, правераная ці не рэнтгенам. Чыстая душа, няхай сабе і любіць тое, што лепш у наш час не любіць. Але няма ў яе ні камянёў за пазухай, ні дулі ў кішэні. Яна нацярпелася… то мы яе ў крыўду не дадзім. Праўда ж, Віктар? – Тамара злёгку ляпнула па плечуку кіроўцы.
– Не дадзім, – ледзь чутна адказаў кіроўца. – Суседа дачку паўгода ва ўніверсітэт рыхтавала, рубля не ўзяла… Дзяўчына на бюджэт паступіла.
– Чуў? – Тамара спыталася ўжо з усмешкай у голасе і дадала: —У яе абаронцаў многа ў горадзе. Цяпер во раз у квартал за бесцань раздае рэшткі тавару, бачыў жа? Некалькі шматдзетных сямей адзеннем забяспечвае. Вельмі шчыры, адданы чалавек. І кахаць умее, – зусім ужо нечакана зазначыла Тамара і замоўкла.
Не чакаў, што апошнія словы бы які молат бэхнуць па мазгах. Жанчыне можа быць бясконца добра з мужчынам зусім не таму, што ён – атлет і ўмелец, а проста таму, што яна яго кахае. І яна шчаслівая, бо побач з ёй – каханы, бо яна дорыць яму сябе. Вось такая нечаканая думка.
Надзея кахае мяне?
Ніколі не думаў. Чаму не думаў? Чаму я за сваё жыццё ўвогуле ніколі не думаў пра каханне? Баяўся гэтага слова? Ці чакаў?
Так, чакаў. Бо недзе там, у мазгах, як на складзе, адклалася, задубела-праржавела аксіёма: каханне – выбуховае пачуццё, шквал пачуццяў і эмоцый, нешта такое, якое ні з чым не зблытаеш.
А ў нас з Надзеяй усяго сэкс?
Але ж калі толькі сэкс, дык хіба я не атрымліваю ў ложку аднолькава з Надзеяй? А калі не толькі сэкс, дык што яшчэ?
Паглядзі на сябе збоку, казаў я сам сабе. Выключаем з размоваў сэкс, тут раўнавага. Далей глядзім.
Гатуе вячэру? Гатуе. А ты гатаваў на дваіх? Ні разу. А, каву запарваў. А яна? Таксама запарвала.
Посуд мые? Мые. Ты заўважаў, як паспявае працерці пыл, нешта паставіць, пераставіць… У цябе былі два кубкі, два відэльцы, каструлька ды патэльня. А сёння? Ты заўважыў новы чайны сервіз? Яна прынесла, быццам у яе іх некалькі. Посуду стала колькі? Урэшце, якой стала твая «кухня»?
Яна паспела памыць вокны, быццам між справай. Мые тваю бялізну… мые, ты ж толькі побач стаіш ля пральнай машыны. Прыбірае. Колькі ўсяго новага ў тваім пакоі? Яшчэ камплект бялізны. Настольная лямпа. Попельніца крышталёвая. Сурвэткі. Твой пакой стаў утульным, у яго табе хочацца вяртацца.
А што ты даў ёй матэрыяльнага? Замяніў выключальнік і падкруціў гайку на водаправодзе?
Яна выслухоўвала цябе пасля работы. Спачувала, суцяшала, суперажывала. Яна ведае, колькі ты зарабляеш, ведае твае цяжкасці, пыталася пра планы і мары.
А ты? Ты ведаеш, чым яна жыве?
Яна ж для цябе гандлярка з рынку днём, хатняя гаспадыня вечарам і каханка ўначы. Усё! Ты хоць раз пацікавіўся яе турботамі? Спытаў, як справы? Ага, табе прыкра пытацца пра тавар ды грошы. А ты ведаеш, якімі бываюць дарогі ў Маскву па тавар? Ведаеш, як жанчыне двое сутак абыходзіцца без выгод і гарачай вады? Гідзяць цябе такія сітуацыі? А новыя майкі на лета, якія яна табе прывезла – вось такая брудная і смярдзючая, – не гідзяць?
…Я не разумеў, што са мной адбываецца. То быў нейкі акт мазахізму, я адчуваў ці не салодкі боль ад жорсткіх пытанняў самому сабе. Мо першы раз за сваё жыццё я ацэньваў свае паводзіны без адзінай спробы апраўдання. О, я б знайшоў апраўданне ўсяму, я б запярэчыў. Але не сёння…
– Падкіньце мяне да «Дзяжурнага», – папрасіў я.
«Дзяжурны» – магазін на прывакзальнай плошчы, які працуе кругласутачна.
Развітаўся з пракурорам і кіроўцам, перабег плошчу. На ганку магазіна стаялі два маладзёны, мабыць, некага чакалі. У магазіне было гулка і пуста, ззяла плітка толькі што памытай падлогі. Прадавачка ўзнялася аднекуль з-за вітрыны і глянула на мяне незадаволена, імгненна вызначыўшы: пакупнік у сціплай вятроўцы і ношаных джынсах возьме адно цыгарэты… Хіба сумка ў яго скураная, быццам не танная.
Я і насамрэч спытаў пачак цыгарэт, пасля – дзве шакаладкі і толькі потым – бутэльку белага віна і бутэльку каньяку. Дзяўчына заўсміхалася, рухі яе сталі ветліва-папераджальнымі, нават прамармытала нешта кшталту «калі ласка».
Віно паклаў у сумку, каньяк нёс у руцэ.
Ранейшыя маленькія кроплі нябачна віселі ў паветры, ліплі да твару. З асветленага ганка я ступіў у цемру за рог магазіна, і дарогу мне перакрылі двое.