Тыя самыя маладзёны. «Пэтэвэшнікі», – адзначыў я для сябе. Прыязджаюць з суседніх райцэнтраў, будучыя трактарысты і зваршчыкі, нахабныя, дурныя, не хочуць нікога ведаць у твар.
– Мужык, накінь на бутэльку піва, – сказаў адзін, амаль ветліва сказаў. – Заўтра аддамо, – рагатнуў.
Я перахапіў бутэльку ў руку, у якой трымаў і сумку, палез па партманет.
– І колькі табе? – спытаў з усмешкай. А чаму б і не даць? Няхай п’юць, такіх ужо не перавыхаваеш.
– Пяцёрку… – гыгыкнуў другі і насмешліва, але нервова працягнуў: – Кашалёк давай, доўбня.
Убаку пачуўся шоргат, я глянуў – за два крокі быў трэці. Ён стаяў увесь у цемры, толькі вузкая палоска святла падала на яго грудзі і жывот. Ён трымаў рукі прыўзнятымі і вастрыём нажа ляніва калупаў пазногці. Твар было не разгледзець, але ўся пастава яго – спакойная, упэўненая і адначасова наструненая – казалі пра тое, што ён галоўны. І яшчэ пра многае. Я спыніў руку ў кішэні, прыглядаўся.
– Аглух, мужык? – запсіхаваў першы маладзён. – Усё давай, і сумку сваю… патрымаем.
На што яны разлічвалі? Я не запомню ні твараў, ні постацяў? Не, хлопчыкі, памыліліся…
– Не трэба крыўдзіць маладых, – здзекліва-павучальна працягнуў раптам трэці, рухі яго рук спыніліся, і я заўважыў тое, што і чакаў пабачыць – пяць кропак на руцэ, татуіроўка. «Я і чатыры вышкі».
І толькі цяпер я зразумеў: мяне, следчага пракуратуры, «бяруць на гоп-стоп» два маладзёны. Якіх нацкоўвае раней судзімы. Нож у яго руках – не запалохванне, а папярэджанне. Цяпер каля дзвюх гадзінаў ночы, плошча пустая, нават таксі няма: цягнік пройдзе толькі раніцай. Не, наўрад ці спрацуе нож. Двух маладых на мяне аднаго – дастаткова. Дзыбатыя, дужыя. А калі я адпушчу зараз сумку, бутэлькай каньяку агрэю аднаго, вось тады можа спрацаваць і нож. Калі былы зэк вывеў на паляванне сваіх маладых ваўкоў, ён павінен давесці справу да канца, прычым такога, у якім ён будзе пераможцам.
Закрычаць: «Я – следчы пракуратуры!»? Дзяцінства, дарэмна. Сорамна. Не спрацуе, яны не пабягуць уцякаць.
А недзе на далёкай адгэтуль ціхай вуліцы ў маім пакоі ў крэсле спіць Надзея. Зачакалася мяне, заснула. Ці не спіць? Сядзіць і глядзіць у цемру вуліцы – раптам там з’явіцца мая постаць?
Як жа гэта далёка…
Я не даставаў руку з кішэні. Да мяне пацягнуўся адзін з маладзёнаў, ён стаяў блізка, я бачыў яго твар: напружаны, застылая ўсмешка перакрывіла вусны. Нос бульбінай, вочы крыху пукатыя, скулы невыразныя, шырокія надброўныя дугі, вострае падбароддзе…
– Рукі!
З такімі трэба размаўляць жорстка. Яны разумеюць толькі тую мову, у якой загад і папярэджанне.
– Даўно адкінуўся? – я крыху павярнуўся ў бок таго, трэцяга, пытаўся ўпэўнена, нават з выразнай перавагай. – Пацаноў на гоп-стоп нашпігоўваеш? Не занадта маладыя? Глядзі…
Юнакі разгубіліся, азірнуліся на свайго настаўніка. Я скарыстаў момант, спакойна дастаў партманет, выцягнуў купюру, здаецца, дзясятку, працягнуў у бок маладых:
– Трымай на сваё піва. Заўтра да абеду прынясеш, знойдзеш мяне ў пракуратуры.
– Атас, – ціха, але жорстка прагучала каманда ад трэцяга, нож знік з яго рук, яны апусціліся ўздоўж ног. – Выбачай, начальнік, памылка, просім прабачэння.
І раптоўна знік у цемры, ступіўшы назад, бязгучна, бы здань.
Маладзёны сарваліся з месца, гучна тупаючы, пабеглі чамусьці да асветленага ўвахода ў магазін, потым крута звярнулі ўбок.
Толькі цяпер мяне затрэсла. Паставіў сумку і пляшку на зямлю, закурыў. Вось дык маеш: следчага пракуратуры маглі абрабаваць нейкія пэтэвэшнікі. Заўтра ж падыду туды – у мяне выбітная памяць на твары. Аднаго я запомніў – ноччу пазнаю. Выпаўзкі, гадзяняты…
Дом сустрэў мяне чорнымі вокнамі і закрытымі дзвярыма. Адчуваючы, як пуста і холадна робіцца ўнутры, я адамкнуў дзверы сваім ключом, знарок не стаў глядзець, ці ёсць другі ў схованцы, уключыў святло і ціха зазірнуў у пакой.
Не было Надзеі.
Было чыста, усё прыбрана, нават пасцель на канапе перасцеленая.
Сеў у крэсла, пацягнуў на сябе попельніцу. Глядзеў на бутэлькі з віном і каньяком і думаў: навошта я браў іх? Што я збіраўся сказаць Надзеі? А можа і лепш, што яна пайшла? Не трэба нічога тлумачыць. І годзе саплівых думак! Выпіць зараз? Аднаму, нагбом, з рыльца?
Не, мне раніцай трэба ў Ляўдок… Курыў, глядзеў на бутэлькі.
І раптоўна прыйшла з ніадкуль упэўненасць у тым, што Надзея ніколі больш сюды не прыйдзе. Ніколі.
І ці прыходзіла ўвогуле?
Не, з рыльца я піць не буду… У мяне ёсць ажно шэсць кілішкаў. Надзея прынесла.
8
Раніцы, як і жанчыны, бываюць непрадказальнымі.
На небе былі аблокі. Я нават прыпыніўся на ганку, зачыняючы дзверы, задраў галаву. Так, аднастайная шэрая пахмурнасць неба цяпер была разарваная на цёмныя і светлыя аблокі, якія насоўваліся адно на другое, плылі ў розныя бакі: нізкія, больш цёмныя і калматыя, – у адзін, светлыя, нейкія плоскія, – у процілеглы. І хоць сонца па-ранейшаму не было відаць, у рэдкіх і невялікіх разрывах праглядвала баязлівая, хваравітая сінеча.