Мінуў год і адзін дзень пасля пахавання – і Шабацька прывёў у сваю кватэру жанчыну. Мяне вось гэта і здзіўляла ў Антоне: ён у жыцці кіраваўся дакладнымі правіламі, агульнапрынятымі нормамі, быццам не меў свайго асабістага стаўлення. Вось кажуць, што трэба мужу жонку дагледзець, – дагледзеў, трэба вытрымаць сорак дзён жалобы і год аднаму пажыць, – вытрымаў і пажыў…
Мажліва, менавіта штучнасцю паводзінаў, якую я падазраваў у Шабацьку, ён і быў мне несімпатычны. А яшчэ немаведама чаму ён лічыў, быццам Зіначка – яго асабістая сакратарка. Нават Тамара сама сабе часцяком гатавала каву, ці мыла свае зялёныя стограмоўкі, а Шабацька ў пяць хвілін на дзявятую штодня чакаў, калі Зіначка, цокаючы абцасікамі, прынясе яму каву. Калі нехта бачыў, як яна выходзіла з яго кабінета пасля, то не мог не здагадацца па запунсавелых Зіначчыных шчоках і іскрынках у вачах, што жанчына ў знак падзякі атрымала паляпванне па клубах і двухсэнсоўны камплімент наконт яе шыкоўных цыцак.
Я ўзняўся наверх у прыёмную-канцылярыю. Чайнік якраз забулькатаў.
– Зараз-зараз, – сустрэла мяне такой яскрава-лагоднай усмешкай Зіначка, аж мне стала трошкі ніякавата, але адначасова і прыемна. – Сядайце во! – запрасіла.
Я прысеў да сцяны – тут стаялі крэслы для наведвальнікаў. Зіначка заліла кіпнем кубак з кавай, але толькі напалову, пабоўтала лыжачкай, пасля прысела ля вялікай канцылярскай шафы. Яе сцёгны адкрыліся высока, быццам вынырнулі з-пад спадніцы – тугія, у тонкай тканіне празрыстых калготак. Зіначка пакорпалася ў ніжняй шуфлядзе (ох, як доўга яна корпалася!) і, не ўстаючы, павярнула галаву да мяне, трымаючы ў руцэ ля свайго амаль аголенага цалкам сцягна невялічкую бутэльку. Па-змоўніцку прымружыла вочы, падміргнула мне знізу ўверх, і я гатовы быў ісці ў заклад, што змоўніцкі агеньчык у яе вачах тычыўся не толькі бальзаму, які яна дастала.
– Выдатна лечыць! – Зіначка даліла да поўнага цёмнай вадкасці ў кубак, падала мне: – Бярыце і на здароўе!
Заварыла кавы сабе і таксама дадала, але з напарстак усяго, бальзаму. Бутэлечку закруціла, цяпер ужо чыста па-жаночы, ахайна і хутка, прысела і схавала яе.
Яно і праўда: пасля першага глытку пахучай вадкасці я адчуў, як мне палепшала, хоць галава не была цяжкай ці мяне нудзіла. Лягчэй рабілася на душы. Прасцей…
– Ой, дзякую, ці то напітак чароўны, ці то ад сэрца згатавалі, – падзякаваў я, зрабіўшы трэці глыток, парушаючы трохі няўтульную цішыню.
– І тое, і другое, і трэцяе, – выпаліла Зіначка.
– А што трэцяе? – здзівіўся я.
– А я на ўдзячнасць разлічваю, – прызналася яна без усмешкі. – Бабе без мужчыны ў хаце як без рук. Столькі ўсяго за дзень здараецца – хоць у акно вылазь ды крычы, кліч мужыкоў.
– Клікалі? – смехам пацікавіўся я.
– Ат, з тых, хто адразу адгукаецца, толку на адзін шкалік гарэлкі. За ёй і бягуць, – Зіначка ад прыкрасці зморшчыла свой невялічкі акуратны нос. – У суседа рукі растуць не з таго месца. Шабацьку ягоная сужыцелька раўнуе, бы законная жонка. А мне – хоць на курсы якія запісвайся!
– Такія пільныя справы, што і мужа не дачакаюцца?
– Той муж… не дуж, калі і з’явіцца праз тры месяцы. Ды рознага хапае… То лямпачка ў люстры стрэліла, святло не запальвалася. То акно адчыніць не магла… Ага, смешна, дробязі, а знаеце, як прыкра, калі нічога зрабіць не можаш і няма каму дапамагчы? Вось учора: тэлевізар не ідзе! Піша: няма кабелю. Я ўжо і там пакратала, і там – няма кіна. Хай мне мой серыял, дык жа дзецям – іхнія мульцікі давай! Замучылі вечарам, а майстроў выклікаць – толькі на аўторак. А сёння ж пятніца…
Я зразумеў, пра «трэцяе», адчуў: вось цяпер Зіначка чакае адказу, зрабіў глыток і бадзёра выдыхнуў:
– Зробім! Дзякуй вялікі, Зіначка! Проста выдатная кава!
Насамрэч я за гэтыя колькі хвілін адчуў сябе куды больш бадзёра. Жыццё падавалася зразумелым дарэшты. Як і запрашэнне на каву з бальзамам, выразнае дэманстрацыя свайго спакушальнага азадка, просьба…
– Дык я тады буду чакаць! Як вызваліцеся, прыходзьце. І замінаць не будзе каму: дзеці сёння да бабы пабягуць, заўтра на лецішча паедуць зранку.
І яна ўсміхнулася мне, гледзячы ў вочы. Там, у яе вачах, я прачытаў тое, пра што не кажуць жанчыны, калі клічуць мужчыну да сябе нібыта па справе. У вачах было абяцанне і чаканне, такое выразнае, што мне стала крыху няёмка. Паспяшаўся адказаць:
– Канечне, ніякіх праблем! Я вольны… Мяне раўнаваць няма каму, і рукі як быццам растуць з патрэбнага месца, – я асмялеў і закончыў ужо гулліва.
Зіначка зноў усміхнулася мне, цяпер як сапраўднаму змоўніку, адказала прыцішана:
– Пабачу, пабачу…
Ну і схаджу, пагляджу той кабель. Дробязь, відаць, дзеці гуляліся, штосьці шмаргнулі… Вячэрай, мабыць, накорміць. Не трэба будзе вячэру гатаваць. Усё будзе добра…