Выбрать главу

9

Нават калі зусім няма чаго чакаць, ёсць дзень і ноч, хмары і сонца, зіма і лета.

Мы каторы тыдзень чакаем тут сонца. Здаецца, дачакаемся: ранішнія хмары распаўзліся па ўсім небе, і яно цяпер зацягнута нечым густым, але не шэрым, а белым. Сонца высвечваецца вялікай круглай плямай, зыркай ужо. Такое ўражанне, што нас тут накрыла вялізным купалам, пад які напусцілі нейкага белага газу, ён узняўся ўверх, і там, уверсе недзе гарыць магутная белая лямпачка.

– Панятымі возьмем давайце Калтуневічаў, – прапанаваў Тумар, і я моўчкі згадзіўся.

Уладзіслаў, ці Уладзя, як звярталася да яго жонка, – мужчына каржакаваты, гадоў сямідзесяці, але відавочна яшчэ моцны. Спакойны, позірк адкрыты і амаль абыякавы.

«Вам трэба – шукайце. Трэба – пабуду», – чыталася ў вачах, і амаль тое ж ён выказаў услых:

– Як трэба, дык трэба. Час ёсць, пільнай справы няма…

Ягоная жонка Сонька выглядала маладзейшай за мужа гадоў на дзесяць. Невысокая – па плячо мужу, вяртлявая, нават крыху мітуслівая, яна сустрэла нас з участковым на сваім двары амаль з радасцю:

– Заходзьце, заходзьце, Пятровіч, я кваску прынясу, папіце. А то нешта задуха сёння. Вой, можа, хоць нешта зменіцца. Каб даў Бог добры дождж ды сонца нарэшце. Што ж ета робіцца цяперака? – і ўжо знікла ў сенцах, праз момант з’явілася на парозе з вялікім пластыкавым кубкам і двумя шклянкамі. – Піце, піце на здароўе, тут нічога-нічога, толькі бярозавік і хлеб… Во нарабілася ў нас, хто ж ета думаў, жылі ціха… А Насці ж як шкада, такая прыгожая дзеўка, і добрая, не адмовіць ніколі, уколы мне рабіла, і лепш за фельчара ў медпункце, не балела зусім. От, звялі са свету, звялі! Каму яна замінала? Ды ж во, знайшоўся злыдзень. Бач, чакаў моманту, чакаў… – часціла Сонька, пакуль налівала нам у шклянкі і мы з Тумарам пілі халодны бярозавік, які біў у нос густым пахам хлеба.

Не цяжка было зразумець, чаму цётка ўзбуджана-радасная: такая падзея для яе – падстава для размоў на год і болей. А вось Насці ёй зусім, здаецца, і не шкада, бо кажа яна пра яе без жаночага нават спачування, так, быццам трымаецца традыцыі. І распірае яе ўсю – ёй падаецца, ведае яна многа-многа, і толькі адна ведае, і даўно ведае, – і вось выдалася нарэшце нагода, цяпер яе веданне станецца самым галоўным для следства, яна ў гэтым упэўнена. Бач, нават не сумняваецца, што гвалтоўнай смерцю памерла Насця.

– Сарока, не верашчы, – без злосці спыніў Соньку муж. – Будуць пытаць людзі – тады будзеш адказваць.

Жанчына махнула рукой у бок мужа, бы адганяючы муху, але замаўчала.

Дом, які скарыстоўваў пад дачу загінулы ў начным ДТЗ Андрэй Дылько, ад дарогі быў схаваны вялізнымі кустамі бэзу. Бэз зацвітаў, але дробна, нясмела, быццам і ён чакаў сапраўднага сонца. Гаспадар не надта клапаціўся пра стан дома, нічога не стаў перарабляць, адно ўезд у двор быў цалкам вызвалены ад рэшткаў старога плота, а трава на месцы, дзе ставіўся аўтамабіль, была выкашана трымерам ажно да жоўтых каранёў. Дзверы ў сенцы былі зачынены вялікім вісячым замком, старадаўнім. Відаць, застаўся ад ранейшых гаспадароў. Віктар, наш кіроўца, манціроўкай лёгка выцягнуў прабой, ён хоць і быў загнаны глыбока ў вушак, але ж дрэва састарылася, пабралася глыбокімі трэшчынамі і не трымала моцна жалеза ў сабе.

У першай палове невялікай хаты быў паўзмрок. На падлозе валяліся абрэзкі вагонкі, бярэмца гэтага матэрыялу ляжала на прыпечку. Электрычная піла-паркетка, малаток, цвікі на стале, дрыль, шурупы – усё паказвала на тое, дзе рабілася труна для дзіцяці.

Уладзя Калтуневіч застыў ля парога, падпёршы вушак, паказваючы сваім выглядам, што ён не цікавіцца асабліва тут нічым, але як трэба – то паклічце, падыду. А ягоная Сонька не адступала ад мяне літаральна ні на крок, з прагай галоднага чалавека дзівілася з чужога жытла, вочы яе бегалі, бегалі па хаце, прыкмячаючы і брудныя шыбы, і павуцінне ў куце на столі, і засохлы кавалак хлеба, і крошкі на старым халадзільніку. Я не стаў казаць ёй, каб стала побач з мужам, хай насычаецца…

Нічога, што магло б паказаць на знаходжанне тут жывога дзіцяці хоць колькі дзён, не было. Уся вопратка – мужчынская. У халадзільніку – кавалак сала, колькі падсохлых зялёных агуркоў, тушонка ў бляшанках, пачатая пляшка гарэлкі і мінералка. Набор кавалера…

У другой палове дома, справа ад уваходу, за абшарпанай, даўно не беленай грубкай, стаяла канапа, на ёй – складзеныя пасцельныя рэчы. Злева – вялізнае скураное крэсла, чорнае, бліскучае, на выгляд мокрае і ліпкае, да яго быў прыткнуты сучасны часопісны столік. На ім шкляная попельніца з недакуркамі, адкрыты пачак цыгарэт, запальнічка і мабільны тэлефон. Ну вось, адна рэч адшукалася: на месцы аварыі мы тэлефона не знайшлі. Значыць, нябожчык спяшаўся, не ўзяў яго з сабой… Тэлефон працаваў. Апошні званок быў уваходным ад нейкага «Капітана». Я паглядзеў на лічбы. Як і чакаў, гэта быў той жа нумар, што і на тэлефоне Насці. Алесь Федарук, старшы тут…