Выбрать главу

Круглы стол на крывых нагах, старадаўні, я бачыў такія – стальніца рассоўваецца, у прамежак укладаюцца ўстаўкі – і стол робіцца авальным, вялікім. Цяпер ён быў складзены, не засцелены цыратай. Ляжалі ў беспарадку кнігі, розныя: тонкія, тоўстыя, новенькія і патрапаныя. На сярэдзіне стаяў ноўтбук, адкрыты. Праз роўныя прамежкі часу ўспыхваў светадыёд на тарцы – кампутар быў у «рэжыме сну». Я тыцнуў на кнопку ўключэння, манітор засвяціўся. Браўзер… Фэйсбук… Так і ёсць, устаўлены «трыджык», ноўтбук і цяпер быў далучаны да інтэрнэту. З нудой я падумаў пра тое, як мне зноў давядзецца калупацца ў асабістай перапісцы незнаёмага мне чалавека.

Больш нічога.

Выцягнуты ў даўжыню агарод зарос травой, вішняком, дальні кут – непралазнымі сліўкамі. Адзіная ўскапаная градка, доўгая і вузкая, выглядала тут чужой і яшчэ раз падкрэслівала нежаданне гаспадара ўмешвацца ў прыродны рух. Я абышоў крок за крокам увесь сад, аблазіў слівоўнік, зазірнуў у будку прыбіральні. Нідзе нічога. Ні нейкага клунка, ні свежакапанай зямлі. Быццам дзіця мёртвым прынеслі ў гэты дом, паэт зрабіў труну з прывезеных спецыяльна (відавочна!) дошчачак і павёз… Хаваць, бо Ляўдок не меў сваіх могілак, бліжэйшыя – на цэнтральнай сядзібе, ён якраз і ехаў туды.

Склаў пратакол, распісаліся панятыя: Уладзя – са сцішанай палёгкай, Сонька – з адчуваннем важнасці сваёй справы. Мы вярнуліся разам да дома Калтуневічаў, прыселі на лаўцы перад хатай – я і цётка Сонька.

– Гэта не допыт, Соф’я Андрэеўна, – патлумачыў я. – Папярэдняе апытанне, размова простая. Я заўважыў, вы нешта ведаеце пра Насцю, дакладней, пра яе адносіны з некім, хто мог бы… быць яе ворагам. Раскажыце, калі ласка. Але напачатку: ці ведалі вы, што Насця была цяжарная?

– Здагадвалася! – выгукнула задаволеная цётка. Ёй, зразумела, вельмі імпанавала з’яўленне не абы-якога слухача, яна быццам падабралася ўся, усё адно як збіралася выступаць з трыбуны. – Апошні раз, значыць, як пабачыла, як Насця ідзе – гэтак павольна, асцярожна, не-не ды кране рукой жывата, – і здагадалася. Але ж во ніяк не ўцяміла, што раджаць ёй хутка. От, тут прагледзела…

– Ці бачылі вы Насцю і гаспадара дома, дзе мы толькі былі, разам? Якія ў іх адносіны былі?

– От гэтага не было, дакладна. Той дзівак адзін жыў. Насця яго цуралася.

– Па чым было заўважна?

– А неяк я бачыла, яна ішла, а ён – насустрач (малако нёс, купляў у Падлужнага), то Насця і дарогу перайшла, хоць там сцежкі няма. Быццам да Марылі павярнула, а не зайшла ж да яе. От…

– А з кім з дачнікаў Насця сябравала, сустракалася?

– Ды яна зналася з імі ўсімі, яны яе мінулым годам у сваё свята ўзялі, восенню. Апранулі так дзіўна, абкружылі з усіх бакоў, стужкамі абвязалі і вялі ў лес. Там гулялі.

– А ні з кім канкрэтна не бачылі яе?

– Не, не бачыла. Ды гэтыя дачнікі ні пры чым! – упэўнена, але напаўголасу, павярнуўшыся да мяне, адказала Сонька.

– А хто пры чым? – не мог я схаваць здзіўлення.

– Нашы! Яны Насцю са свету звялі, я ўсё ведаю!

– У чым яна вінаватая так? Давайце па парадку, Соф’я…

– Якая я табе Соф’я, Сонька я, такой і памру. Усё жыццё Сонькай прабыла, нат калі грамату давалі, дык старшыня так і казаў – Соня. Адна я тое ведаю і паклялася была маўчаць да смерці, ды во смерць Насці мне рукі развязвае. Ты слухай, я табе ўсё расказваць буду, а ўжо сам маракуй, тое табе трэба ці іншае.

– Ну, давайце так, – не змог я схаваць сваёй цікавасці ў голасе.

– Дык от… Ганначка, ета колішняя жонка Зміцера, сама не наша, з суседняга нават раёна. І яна сябравала з сястрой Міхася-Стаяка…

– Чакайце, чакайце, – перапыніў я цётку, хоць напачатку сабраўся яе толькі слухаць, не перабіваць, бо вопыт падказваў: чым менш пытанняў задаеш такім людзям, тым больш кароткі і змястоўны іх аповед.

– Ну дык ета мы так Падлужнага клічам. Сорам казаць маладому, але ж во скажу, – перайшла на хуткі шэпт Сонька. – Казалі, кара яму – цяпер як з жанчынай надараецца яму спаць, дык стаіць і стаіць… Ну, мужчынская сіла такая, ніяк не падае.

Я не змог стрымаць усмешку.

– Дык якое там пакаранне? Узнагарода…

– Ага… – прыкусіла пакрыўджана вусны Сонька, мабыць, ёй было крыўдна, што адну з яе таямніц, такую простую ісціну, я не змог зразумець ці зразумеў няправільна. – Ён жа і сам мучыцца, і жанок мучыць! – акрэсліла яна праблему Міхася Падлужнага. – То колькі ні было баб – ніводная не сцярпела. От цяпер думай: кара ета ці дарунак.