Выбрать главу

– Так, зразумела, – мусіў я згадзіцца, – канечне ж, пакаранне. Дык а далей?

Сонька пакоўзалася на лавачцы, бы выбіраючы сухім азадкам больш мяккае месца, хоць лаўкай была адна шырокая цёмная ад часу дошка.

– Перапыніў ты мяне… Ага, Ганначка сябравала з Міхасёвай сястрой. Да Падлужных яна прыязджала, а заадно каб да Зміцера схадзіць, бо Ганначка была слабаю зусім, з твару бледная, худзенькая, нат цыцачкі віселі… Бачыла я, мыліся дзеўкі за хлявом, як бульбу прапалолі… Вось Зміцер і пачаў лячыць Ганначку: травянымі настоямі паіў, голую прымушаў па расе качацца. Ой, я от раз зусім незнарок пайшла… Іду сабе і бачу: сарамата якая – голая дзеўка качаецца вар’яткай па лузе! Але, брахаць не буду, стала Ганначка папраўляцца. Месяц яна тут прабыла. Шчыравала на агародзе разам з сястрой Міхася і ім самім, траву каровам рвала, даіла. І от праз месяц больш жвавая стала, паружавела крыху.

А я табе яшчэ во скажу: Міхась тады якраз нежанаты быў. І хай бы от тады ён на Ганначку паглядзеў на поўныя вочы. А то толькі крывіўся: які з тае дзеўкі толк – скура ды косці, такую пад сабой прыдушыш і не заўважыш, казаў. Ага… Ганначка прыязджала яшчэ разоў колькі, на дзень-другі. Увішная, на работу здатная. І ля печы гаспадыня – квасок хоць з трасок. А Падлужны сабе бабу прывёз гэткую… торбу. Сядзе ля каровы – сама карова, расцячэцца па зэдліку, ажно да зямлі ляжкі.

Паўгода Ганначка ездзіла, ноч-другую начавала ў Падлужных, хата ж, бачыце, во, дзе груша-дзічка, на самым краёчку леса? Вялікая хата, на два трысцены, хапала месца. І я знаю: сястра Міхася, Анюта, надта ж хацела, каб Ганначка засталася ды за Міхася пайшла. Яны якраз па гадах у пару сходзіліся, а Ганначка характарам мяккая, добрая душа. Ага… Але Міхась нос вярнуў, пасмейваўся. Праўда, тую торбу ці то выгнаў, ці то сама збегла.

От, значыць, Зміцер Ганначку лячыў-лячыў, а потым сам злёг, два тыдні на людзях не было. Ачомаўся, папрасіў у Падлужнага коніка, запрог і паехаў. І што ты думаеш? Прывёз Ганначку. Аказваецца, сірата яна круглая засталася, жыла зусім адна. Малакроўе ў яе было. Чым яе Зміцер ратаваў, то ён адзін знае. Казалі, як прывёз ён Ганначку і ўзяў сабе за жонку, нельга ўжо яму стала лячыць. А я другое скажу: усю сілу сваю ён на Ганначку патраціў, от і не мог больш нічога, таму і сам лёгма ляжаў два тыдні.

Я не змог не перапыніць цётку, бо помніў пра тыя характарыстыкі, якія даваў мне раніцай Тумар на ляўдокцаў і на яе ў тым ліку:

– Выбачайце, я вас хачу спытаць…

Сонька зіркнула на мяне, падціснула вусны, быццам я перапыніў яе на самым цікавым месцы маналогу, з якім яна выступала перад гледачамі.

– Пытайся… Я ж усё па парадку кажу…

– Не, я трошкі не па тэме, можа быць. Дык вось, я ведаю: вы былая камуністка, былы савецкі работнік…

– І білет свой парцейны нікому не здавала і з партыі не выходзіла! – з гонарам хутка перапыніла мяне цётка.

– Ну вось, тым больш… – я пастараўся схаваць свой сарказм і спытаць як мага мякчэй: – Вы ж камуністка, а тут кажаце пра ведзьмака нейкага так, быццам пра… урача-хірурга, і цалкам верыце ў яго здольнасці…

Цётка нейкі час глядзела на мяне, а ў вачах яе (надзіва чыстага васільковага колеру) збіраўся лёгкі сум і дакор.

– От, хлопча… А хіба калі я ў партыю ўступіла, дык Зміцер перастаў ведзьмаком быць? Якая яму розніца: я парційная ці не? Ён ведзьмаком быў, ім і заставаўся. І карова мая не глядзела на мой парцейны білет, як захварэла. Лекам тым ці ёсць розніца з чыіх рук у каравячы рот ліцца: з парцейных ці з непарцейных? Ці камуністка я, ці ў Бога веру – Богу ўсё роўна, ён быў і будзе. Так і Зміцеру: хай бы ўсё сяло парцейным стала, яго сілу які чалавек адбярэ?

Шчыра кажучы, я разгубіўся. Мне не было чым крыць вось гэтую на першы погляд наіўную, але ж цалкам здаровую логіку. І насамрэч: верым мы ці не ў тых марсіян, факт іх існавання ад гэтага не залежыць…

– Выбачайце, расказвайце далей, – сур’ёзна папрасіў я, перагарнуў старонку нататніка, на якім больш дзеля прыліку нешта крэсліў час ад часу. Хай цётка нацешыцца.

– Ага… Падзівіліся напачатку: бо ці не ўдвая Зміцер старэйшы за Ганначку, ды скрыпучае дзерава доўга стаіць, а яны наўздзіў гэтак ладна жыць сталі. Тут Ганначка і панесла хутка. Цяжарнай пакруглела ўся, адкуль і нарасло – і клубы, як у бабы, а не хлапчука, і цыцкі спраўныя. І я табе прама скажу: от з таго часу і стаў сачыць Падлужны за Ганначкай. Вочы яму засцілі крутазадыя, а цяпер угледзеў, што на характар дзівіцца трэба, а не на нешта там…

Ага… Добра жылі Ганначка і Зміцер, Насцечка нарадзілася харошанькая, расла такім ужо дзіцяткам цікаўным, але ж паслухмяная была. І вот што ета з Падлужным зрабілася, адзін чорт ведае. Стаў ён Ганначку прама праследаваць. Я з ёй пасябравала, нас жа тут баб, каторым даверыцца можна, дзве на тры хлявы. Дык мне жалілася Ганначка: перастрэне яе на дарозе адну, схопіцца за адзежу, на калені ўпадзе: «Кідай Зміцера, ідзі да мяне!» Во найшло, каб яму не адышло! А Падлужны палюе ды палюе, усё выгадвае, каб хоць на хвіліначку з вока на вока сустрэць дзеўку. І такія словы кажа, глядзі, зараз грудзіну разарве, дастане сэрца, адно спытай.