Выбрать главу

А я табе так скажу: бабе як? І дай – абгавораць, і не дай – абгавораць. Ты сабаку добрае слова скажы – хвастом завіляе, а тут чалавек… Ганначка дзе смехам дзе спехам, вырывалася, уцякала. Ну, і не будзеш жа чалавека ганіць ды клясці, які на цябе так запаў, во гатовы ногі табе мыць і ваду тую пасля піць. То й усміхнецца яму Ганначка, пакпіць дзе жартам… Хто ж ета думаў, што да таго дойдзе?

І вот у адно лета (а было Насці акурат дзесяць гадкоў) Зміцера старшыня калгасны на ферму павёз – тамака нешта з каровамі зрабілася, на ногі ўпалі, цэлы хлеў. Бо як бяда, прыйдзеш і да ведзьмака. Дык я табе скажу, адпаіў Зміцер тады каровы, адно на тое поле схадзіў, дзе ім траву касілі, усё скеміў. Ага… А Ганначка з Насцяй дома была, якраз бялізну мыла. Во як маім агародам ісці, там такая канава невялікая, мой Уладзя месца адно пашырыў-паглыбіў, кладку зрабіў – так добра паласкаць мытае. Зацішна, берагі вербалозам абраслі… Яшчэ табе скажу перад етым: Насцечка з рук Зміцера мо гадоў да трох не сходзіла. Як дачка побач – так і хапае на рукі. Любіў ён яе сказаць няма як. І яна, як яго пабачыць: «Татачка, татачка!» Кветкі яму збірала, вяночкі пляла. А той Зміцер з ёй быў сам бы дзіця малое. Ага…

Дзень тады спякотны быў, а калі баба бялізну палошча, сам знаеш: тут спадніцу падтыкне, каб не мокла, ногі голыя, ліфіка не кладзе. А вада пырскае, усё да цела ліпне. От… Упільнаваў Падлужны—хай на яго чэрці палююць—Ганначку, як Насцечка да дому пайшла. Прыйшоў, пачаў зноў казаць сваё казанне. А Ганначка што ж… Не пагнала яго адразу, пасмейвалася, падначвала, бялізну паласкала. Адны быццам на свеце, кусты стаяць вакол, загарадзілі ад людзей і ад розуму. Нагнецца над вадой, дык хоць спераду паглядзець – цыцкі амаль голыя, хоць ззаду – азадкам свеціць. Падлужны і не ўцярпеў… Здаровы ж, ды яшчэ дурніца ў галаву стрэліла. Схапіў Ганначку з кладкі, на плячо закінуў і пацёг у кусты вербалозу. От етага яна ніяк не чакала. А можа, і чакае кожная баба над сабой вось такога гвалту…

Спадніцу, кохту – усё сарваў, паскідаў, такі юр яго ахапіў, каб ты так піць хапаў, ды не напіваўся. Цалаваў, як ашалелы, усё цела і ці не павіскваў шчанюком, так яго перахапіла. Ганначка білася-баранілася, ды куды ёй… Ды і баба ж, і прызналася яна мне: як абхапіў-ашчаперыў, сціснуў, пакрыў усю пацалункамі, то й свет белы знік… Упадабала яна яго раней, напачатку, от дзе бяда. Да яго ж ездзіла спярша, а ён – сляпак чортаў. Няма чаго доўга казаць… Насцечка як прыбегла, дык і пабачыла, от…

Цётка замаўчала. Маўчаў, некалькі разгублены, і я, бо не мог пакуль зразумець: навошта мне гэтая даўняя гісторыя пра любошчы на лужку ў вербалозе?

– А далей як было? – падахвоціў я цётку, дастаў тэлефон і дэманстратыўна паглядзеў на час, каб паказаць старой, што ў мяне нямала яшчэ пільных спраў.

– Ды тое і было… Ганначцы б адразу ва ўсім Зміцеру прызнацца – ён бы прабачыў, згатаваў адвар які, каб прыйшла яна ў розум. Ды баялася. Мне пераказвала ўсё, плакала-плакала. Кажу: «Ідзі, упадзі на калені, павініся!» Ды во дзе яшчэ бяда: Насцечка ж бачыла ўсё. Казала Ганначка, як скамянела дзяўчынка, трэсла адно яе і мову адняло. К вечару ліхаманка яе біць пачала, Зміцер спалохаўся, хапаўся за свае травы сушаныя, тоўк у ступцы, гатаваў зелле. Тры дні прайшло – дзіця ў гарачцы. Не спалі абое ля дачкі. А потым адпусціла. Ачомалася дзяўчынка, бацьку пазнала. Ганначка булён звараны астудзіла, нясе Насцечцы, а тая ў крык немы: «Не кранайся мяне!» То ўжо Ганначка застыла слупам. Бачыла я, як ішла яна да той канавы вечарам. Без нічога ішла… Пайшла за ёй. Счарнела яна тварам, выла, траву грызла, па зямлі качалася. Хоць ты за руку яе бяры ды вядзі, а не будзеш жа мяшацца. Ды і сам знаеш: Зміцер мог такое ўтварыць – зажыва б згніў Падлужны. О, гэта не жартачкі – ведзьмаку дарогу перайсці, жонку яго ссільнічаць… То етага й баялася Ганначка: каб грэх цяжкі на сябе Зміцер не ўзяў. От і засілілася назаўтра.

– Як засілілася? – я ажно прыўстаў ад нечаканасці. – Памерла ж яна! І быццам Зміцер яе пабіў… – выклаў я сваю дасведчанасць перад цёткай.

– Засілілася яна, – ціха, з пякучым жалем у вачах паўтарыла цётка. – У хляве на бэльку вяроўку завязала, ды кароткая была вяроўка, а бэлька высока. Дык услончык узяла з сабой і яшчэ табурэтку. Зміцер у час спахапіўся, як яна ў хляве зачынілася, ён праз хвіліну і выскачыў з хаты. І з нажом у руках… Ці то па-свойму, па-вядзьмарску ён пра ўсё даведаўся, ці то Насцечка яму паспела расказаць, аж во пайшоў цікаваць за жонкай.