Яна ў яго на вачах з услончыка ступіла. Зміцер як скочыў уверх (адкуль той спрыт і сіла) і нажом па вяроўчыне. Перасек. Ды ж наканавана было ўсё, нічога не паробіш. Ганначка сарвалася, упала на табурэтку, а тая табурэтка ўверх ножкамі ўпала. От і ўдарыла пячонку, адбіла. Кровазліццё ўнутранае, не ўратавалі. Пакуль хуткая ехала, яна яшчэ жыла, мяне заклінала напрамілы Бог: не казаць нічога Зміцеру. Нічога-нічога. Не знаю, як там Зміцер у міліцыі казаў, бо пыталіся ў яго многа, і Насцечку пыталі, сама бачыла… Мімаходзь ішла, а яны якраз у двары яе дапытвалі.
– Дык Зміцер так і не даведаўся? – уражаны, спытаў я.
– Мабыць, здагадаўся. Ну, што было ў Ганначкі з Падлужным. Толькі не ведаў, што віны Ганначчынай адна макавінка… Не чапаў ён Падлужнага. А той дурань быў напіўся (ета як сталі казаць, быццам Ганначка памерла ад удару, быццам Зміцер яе выцяў моцна) і давай да Зміцера, біцца. І напраўду, ударыў з-за вуха. Мужыкі побач стаялі, схапілі, а то б забіў нагамі. А Зміцер і змаўчаў… Дзівіліся ўсе, і я во дзівілася. Ніяк у яго злосці не было – ні ў вачах, ні ў руках.
– Дык а Насця? – падагнаў я старую.
– Зміцер усю сваю сілу Насці перадаў.
Я хмыкнуў. Але сцярпеў, не стаў нічога казаць. Цётка ўздыхнула глыбока, быццам набірала паболей паветра ў грудзі і працягнула:
– Вяселле гулялі ў нас, у адных тут, яны ўжо даўно з’ехалі. Насцечцы ці не шаснаццаць было. Падлужны жыў з жанчынай адной ужо гады два, праўда, дзяцей нешта не заводзілі. Гуляў з ёй на вяселлі. І Насцечку пазвалі: сябравала яна з нявестай. А Насцечка, я табе скажу, рана паспела. Клубы шырокія, пругкія. Падлужны падпіў добра, ведама ж, чаго мужыкі на гулянкі ходзяць. На двор стол вынеслі ды стоячы ў карты гулялі. Насцечка міма ішла з дзяўчатамі. Ён і ляпнуў ёй услед: «Бач, вядзьмарскае семя паспела, хутка хлопцы ў чаргу станавіцца будуць!» Ды заржаў. Не любіў ён яе, на дух не пераносіў. А я во побач была якраз, прыпынілася. Насцечка павярнулася. Тварам страшная стала. Бы не яе твар, такі… не скамянелы, а як жалезны, шэры, крывіначкі няма. І вочы прымружыла, так глянула – ажно вусцішна ўсім стала. Мужыкі і на карты забыліся. А Насцечка ўсміхнулася так нядобра і гавора: «Дзякуй за пажаданне. Хай сабе стаіць чарга. І вам таго ж – няхай у вас стаіць і не падае». І адкуль кветка ў яе руках узялася, далібог не бачыла. Рамонак. Яна і кінь той рамонак Падлужнаму. Ён і спаймаў, так во выйшла. А праз месяц ці меней яго жанчына ўпрочкі пайшла. Падлужны пасля пачаў да адной нашай мясцовай, развядзёнкі, старэйшай намнога, падыходзіць. Яна і не супраць была: чаго адной векаваць? І быццам пачалі жыць разам, ды разбегліся хутка. Яна збегла. От тады і пайшлі пагалоскі і сталі казаць на Падлужнага Стаяк…
Старая замаўчала. З хвіліну я думаў пра пачутае. Нічога карыснага. Канечне, цікавая гісторыя. Насця магла пранесці праз усё жыццё нянавісць да чалавека, які знішчыў яе шчасце. Тут няма сумненняў. Але не прымаць жа сур’ёзна яе нібыта вядзьмарства, ды яшчэ такое… фізіялагічнае.
– Дзякуй вам вялікі, – я закрыў нататнік. – Калі нешта яшчэ ўспомніце, звяртайцеся…
– Ды не ўсё яшчэ, куды ты? – заспяшалася цётка. – Гэтае, з бабамі, мо й перажыў бы Падлужны. Насця ж яму ніяк жыць не давала!
– І як? – без цікавасці ўсміхнуўся я.
– А вось так! Ты думаеш, з-за спрэчак якіх сястра з сям’ёй з бацькоўскага дому з’ехала? Яны ж столькі грошай уклалі, каб прасторна было ўсім жыць! Яны ж разам, як можна стала, кароў пачалі трымаць, цэлы гурт! Апарат гэты купілі для даення, швагер Падлужнага трактар набыў. Ферма цэлая была, зямлі многа. На капейку выбіліся. Ды ўсё абы-як ісці стала…
– Насця ўмяшалася? – не змог я схаваць сарказму.
– А ты не смейся, – зіркнула на мяне амаль злосна Сонька. – Ведзьме малако ў каровы забраць – як майму Уладзю самакрутку звярнуць.
– І як? – больш з-за ветлівасці спытаў я, бо мне, па праўдзе, стала шкада часу.
– А во прыйдзе, кубак малака папытаецца – і ўсё забярэ. Даёнку папросіць, збанок, лазінай карову сцебане. У ведзьмы штукарстваў хопіць, каб чалавека звесці, не тое што карову.
– Зразумела…
Я ўстаў з лаўкі, цётка таксама падхапілася, кранула мой рукаў, прытрымала:
– Падлужны гэта… – зашаптала яна таропка. – Месяц таму ён адну за другой чатыры свае лепшыя каровы (самыя малочныя, казала работніца з яго фермы) на мясакамбінат мусіў здаць. Напіўся тады. Як вярнуўся, дык крычаў: «Закалю суку! Патрапіць на вілы!» І закалоў от!