– Вы самі чулі?
– Чула! Са шчаўя вярталася, на канаве збірала, ужо адскочыў першы, маладзенькі, а Падлужны на двары сваім крычаў!
– Ясна… Разбяромся, – аўтаматычна адказаў я. – Дзякуй, вы мне вельмі дапамаглі!
Хата Міхася Падлужнага ад вуліцы была агароджана высокім плотам, шчыльным, у дзве дошкі, уваходная брамка не была зашчэплена знутры. З участковым мы зайшлі на двор. Забрахаў сабака, прывязаны ў куце на доўгі ланцуг. На сенцах вісеў замок. Яшчэ адзін уваход у хату, куды мы прайшлі пад раз’юшаны сабачы брэх, таксама быў зачынены, на ўнутраны замок.
За домам быў шырокі двор, стаяў просты воз без пярэдніх колаў, пад невялікім навесам – адмысловая брычка, амаль новая, на сапраўдных рысорах. Вялізны хлеў пуставаў, яшчэ адна гаспадарчая пабудова была зачынена на замок. Далей – агарод з роўненькімі радамі парасткаў буракоў, якія цягнуліся далёка, да самага ўзлеску. З правага боку агарод таксама межаваў з лесам, у які ў далёкім канцы глыбока ўразалася паляна. На ёй пад разгалістым, не вельмі высокім дубам стаялі два леташнія рудыя стажкі, ужо і не пазнаеш – сена ці саломы. Між імі – нейкая гаспадарчая тэхніка.
– Мабыць, з каровамі на пашы, – выказаў думку Тумар. – А работніца, якая кароў доіць, вечарам прыходзіць.
– Сам пасе?
– Пакуль сам. Пачнуцца ў дзяцей канікулы – іх наймае. Мясцовым п’яніцам няма даверу…
Мы завярнулі назад. Позірк мой зноў зачапіўся за стажкі, дакладней, за тое, што было між імі. Я пазнаў гэтую прыладу – конныя граблі. Два вялізныя колы, сядзенне, аглоблі… І ззаду – шэраг паўкруглых металічных зубоў…
– Стой! – усхвалявана гукнуў я, пацягнуў за сабой Тумара. – Глянем…
Граблі былі даўнішнія, метал добра паела ржа. Праўда, аглоблі нядаўна памянялі на новыя. Я абышоў ззаду. Металічны паўкруглы шэраг быў падобны на стары хворы рот – тут не хапала больш за трэць зубоў.
Няўжо гэта? Усхваляваны, я ўшчыльную падышоў да драпежна ўзнятага раду. Вось адзін асобны… З гэтага боку няма трох, з гэтага – двух. Якраз хапае, каб умясціцца чалавеку… На тым канцы – а граблі метры на тры – яшчэ такі ж асобны зуб. Не вельмі востры на канцы, з сантыметр ці трохі больш у дыяметры, паўкруглы.
– Тумар… Калі я зараз лягу вось тут, а ты там адкінеш нейкі рычаг, гэты зубец праткне мяне… як Насцю?
– І лёгка нават, – паціснуў плячыма ўчастковы і пачаў старанна ўглядацца ў вострыя канцы зубцоў. – Толькі не надта падобна… А зубцы быццам усе спецыяльна выцерлі, – з лёгкім узрушэннем заключыў ён, калі прайшоў уздоўж.
– І не проста выцерлі, а добра пашаравалі, – я правёў асцярожна пальцамі па адным зубе, які, відавочна, зусім нядаўна дбайна пачысцілі шліфавальнай шкуркай. Метал быў хоць і з рудымі эразійнымі плямамі, але з чыстай гладкай паверхняй.
– Бо я ўчора рамантаваў грабалку, чысціў цэлыя і здымаў паламаныя зубы! – злосць, нянавісць і абурэнне сабраліся ў адным ускрыку, і іх было так многа, што я міжволі ўздрыгнуў. – І асцярожней тут, рычаг слаба трымае, сарвацца можа, з дзіркамі ў нагах пашыбуеце назад!
Мужчына гадоў пяцідзесяці ці крыху больш стаяў за некалькіх крокаў ад нас, глядзеў насуплена, зусім не прыязна. «Падлужны», – здагадаўся я.
Мабыць, на зямлі, фермерамі, павінны працаваць менавіта такія мужыкі: рослыя, здаровыя, з вялікімі і дужымі рукамі, упэўненыя. Ён стаяў неяк незвычайна, быццам ціснуў сваёй вагой на зямлю, а яна паслухмяна прасядала пад ім. Падлужны зрабіў яшчэ крок да нас – цяжкі, гаспадарскі.
– Тумар, ты мяне ведаеш! Заўтра атрымаеш скаргу ў пракуратуру! – голасна, але без пагрозы звярнуўся Падлужны да ўчастковага. Мяне ён быццам не заўважаў.
– Ды во, пракуратура на месцы, – спакойна адказаў Тумар. – Следчы.
– А мне пляваць! – цяпер ужо злосна адказаў Падлужны. – Я свае правы ведаю і парадкі вашы таксама. Чаго лезеце без дазволу ў маё жытло?
– Каб было зачынена, то не лезлі б, – умяшаўся я. – Я следчы пракуратуры. Мне трэба з вамі пагаварыць…
– Вось гукнеш сваёй паперкай – тады і будзем размаўляць у тваім кабінеце, – раздражнёна перапыніў мяне Падлужны. – А цяпер вымятайцеся! Мне няма калі…
Толькі зараз я звярнуў увагу на гаспадарчыя вілы ў руках Падлужнага: яны былі відавочна не лёгкія, але трымаў ён іх у адной руцэ бы пярынку. Чатырма вастрыямі на нас. Злёгку паўкруглыя, яны металічна ледзь паблісквалі на канцах.
– Тады будзем па законе, – без эмоцый завяршыў я размову, хоць унутры закіпала злосць. – Чакайце павестку… А паляна гэтая вось… здаецца, не твая зямля, так? То ідзі сабе адсюль, цябе не затрымліваюць.