Выбрать главу

– Зразумела… – працягнуў я, некалькі раздражнёны шматслоўным і, па сутнасці, пустым адказам. – Вы сказалі «вам». Каму?

– Ну, разумееце… Усім тым, каму… Мы тут, так атрымалася, розныя па занятках, узросце, але вось цікавасць да мінулага нас аб’ядноўвае, многіх. Вось мы і бавім час разам.

– Ладзіце святы, адраджаеце абрады? – вырашыў я на гэты раз паказаць Федаруку, што ведаю трохі больш, чым пытаюся. Мне было не дзіўна, калі ён разгубіўся крыху пры пытанні аб нумарах мабільных тэлефонаў: у нас жа многія і не здагадваюцца нават, што пра чалавека столькі ўсяго можна даведацца за самы кароткі тэрмін! Не, ён яўна не падазрае, што я ведаю пра яго званкі да Насці, пра атрыманыя ёй эсэмэскі.

Такі наіўны…

– Ну так, нам гэта цікава, а дзецям, моладзі – тым больш, ім – забаўка, свята. Ці многа ў нас святаў? А хіба ў гэтым ёсць нешта дрэннае? Вось жа няхай Сцяпан Пятровіч вам скажа, – з просьбай у голасе Федарук павярнуўся да ўчастковага.

Міжволі я ўсміхнуўся – мужчыны былі так падобны знешне адзін да аднаго, быццам Федарук быў зменшанай копіяй Тумара: такія ж залысіны, круглыя твары. Хіба бародка…

– Ды не перажывай ты, Тарасавіч, – заспакоіў, бы малое дзіця, адказам участковы, і я зразумеў: адносіны ў іх даволі блізкія, сяброўскія. – То ж парадак такі, трэба нам усё высветліць. Сам разумееш, дзяўчына загінула, тут кожная дробязь…

– Канечне, канечне. Чым яшчэ магу дапамагчы?

– Я б хацеў паразмаўляць з усімі вашымі… аматарамі абрадаў, – агучыў я просьбу.

Хвіліну таму я нічога такога не думаў, а вось цяпер рашэнне прыйшло і падалося мне вельмі лагічным і правільным. Калі іх сабраць разам і задаць пытанні… Федарук не здагадваецца пра тое, колькі я ведаю. Як і астатнія, трэба разумець. Не ведае, да прыкладу, што ў спісе тэлефонаў загінулага паэта ён пазначаны як «Капітан».

Мне трэба ўсё ведаць пра цяжарнасць Насці. Калі ў іх тут сапраўды нейкі гурток па інтарэсах, падчас размовы з усімі многае ўсплыве супраць іх жадання. Толькі прадумаць добра тактыку.

Алесь Федарук нецярпліва пацёр рукой руку, зноў кінуў кароткі позірк на акно і прамовіў з вінаватасцю:

– Выбачайце, мне зараз трэба… Я вельмі заняты, тут такі момант якраз…

– Канечне, – я падняўся. – Я мушу выклікаць вас для допыту ў пракуратуру як сведку. Перад гэтым… Заўтра ў нас субота, я так разумею, на выхадныя вашы сябры з’едуцца? Маглі б мы дзе сабрацца, каб пагаварыць разам?

– Так-так, у нас ёсць адзін дом. Вялікі, мы там збіраемся іншы раз, калі абмяркоўваем нешта. Але заўтра не ва ўсіх вольны дзень, то толькі бліжэй да вечара збяруцца ўсе.

– Выдатна. Я вас папрашу сабраць усіх, скажам, а восьмай гадзіне вечара. Гэта прымальна?

– Так-так. Мы збяромся.

– Тады да пабачэння.

Мы выйшлі за веснічкі і накіраваліся ў другі канец вёсачкі – да хаты Зміцера, бацькі забітай.

Непазбежнасць смерці вёскі крыецца ў буянні зелені. Ляўдок, зарослы травой ад платоў да сярэдзіны дарожных каляін, проста патанаў у кустах бэзу, які пачынаў набрыняць белымі і ліловымі колерамі пухнатых суквеццяў. Не было каму ў мінулым годзе, не будзе каму і цяпер ламаць пахкія галінкі – вунь як вольна разрастаюцца кусты, суквецці хіляцца ажно да зямлі…

– Зміцер амаль не ўстае, хіба да ветру сам ідзе. Яго наша манашка, Марылька, даглядае, – расказваў мне Тумар. – Дарэчы, давайце-ка да яе заглянем, хлеба спытаем. Час ужо абедзенны, у мяне сала кавалак з сабой, – Тумар прыўзняў сваю планшэтку, якую насіў увесь час у левай руцэ. – Перакусім. Можна будзе і галаву вам палячыць.

– Ды галава як быццам нічога, – адказаў я, практычна прымаючы прапанову, бо чаго тут было саромецца ці хітрыць – есці я хацеў. І тое праўда: у роце было шурпата, і напамін пра кароткі перадых за сталом раптоўна выклікаў у свядомасці шклянку халоднай вады. Каб аж зубы заходзіліся. Мы за гэты час мінулі не адну студню, якая абяцала мне збавенне ад сухасці ўнутры, але мусіў цярпець, бо цяперашняя смага і яе наталенне падаваліся мне, лічы, нечым інтымным. Усё ж зразумеюць. Добра хоць, прапанавала адразу Сонька бярозавіку.