Выбрать главу

Я ўзняў вочы, зірнуў для прыліку, нічога ўражальнага не пабачыў: цёмныя ад часу намаляваныя на дошках святыя. Звычайныя, мне не цікавыя.

– Як па мне, дык нічога каштоўнага, – шчыра прызнаўся я.

– У кожнага свае каштоўнасці, – зазначыў Тумар. – Ешце, ды яшчэ па кроплі.

Нейкі час мы елі моўчкі. Тумар не перабольшваў наконт гарэлкі: напітак быў мяккім і прыемным на смак, ніякага паху сівухі. Я назіраў за Тумарам: твар увачавідкі набрыняў чырванню, быццам яго фарбавалі знутры. Ён заўважыў мой позірк, няёмка апраўдаўся:

– Ды гэта хутка пройдзе… Такі вось урадзіўся. Як хоць нешта з градусамі – твар у чырвань кідае. Пройдзе.

– Зміцер пасля смерці дачкі злёг? – праз некалькі хвілін маўчання запытаў я.

– Ды ён жа і так не малады, – пачаў разважаць Тумар. – Калі Насця нарадзілася, яму ці не пад пяцьдзясят было. Як я ведаю, ён апошні год многа ляжаў, гады ж бяруць сваё. Ну а тут, канечне… Падкасіла старога. Хоць на пахаванні стаяў, хай з кійком, а вытрымаў. Твар бы скамянелы быў, скура на чэрапе жоўтая, як з паперы. Не дай Бог каму такое – хаваць сваіх дзяцей.

– А ў вас дзеці ёсць? – вырвалася ў мяне.

– Двое, – адгукнуўся Тумар. – Хлопец і дзеўка. У дзясятым і восьмым класе. Выдатнікі, разумнікі і добрыя.

– Шчаслівы бацька.

– Бацька – дык шчаслівы, – нечакана шчыра прамовіў Тумар з непрыхаваным болем, і я зразумеў гэтую шчырасць як гатоўнасць падзяліцца сваім, мужчынскім.

– А муж не асабліва? – асцярожна канстатаваў я з адначасовым пытаннем.

– Бо дурань быў, – нязмушана адгукнуўся на пытанне Тумар. – Дзеля дзяцей і жыву адно.

– Цяжка ж так, – падумаў я ўслых.

– Цяжка цяпер. Было прасцей некалі… – Тумар памаўчаў, быццам разважаючы, казаць далей ці не, і пачаў гаварыць, мне падалося, больш самому сабе, зазіраючы ў сябе, углядаючыся ў сваё мінулае, успамінаючы: —А цяпер во зразумеў: ёсць і па праўдзе тое каханне. І стала цяжка. Як былую аднакласніцу сустрэў. Сціплая была, шэрая мышка. Я яе калі і падкалупліваў, калі і на танцах запрашаў – для смеху. Усур’ёз ніяк да яе не ставіўся, у нас у класе такія прыгажуні былі! А яна мяне кахала. Усе ведалі: яна па мне сохла, пацвельвалі. І я смяяўся. Дазваляў сабе іншы раз абы-што.

Аказалася, яна ўсё жыццё тое каханне ў сабе несла. Замуж выйшла, канечне, як надзею згубіла адносна мяне, бо сям’ю хацела стварыць, дзетак нарадзіць. У яе маці памерла, як ёй ці то васямнаццаць было, ці больш трохі. Бацька надта гараваў. У ладзе яны жылі. Ім усе зайздросцілі: ніколі не сварыліся на людзях і да дзяцей толькі з ласкай. Вось і… і мая Верачка хацела такую сям’ю. Звіла гняздзечка, утульнае, цёплае. Лічы, з сябе пух ірвала, усцілала. Мужык еў, піў, спаў – увесь ягоны занятак дома. А потым пачаў да іншых цягацца. Свая надакучыла, ды яшчэ ў клопатах як глядзець за сабой? А чужыя – яны сустракаюць вабнымі. Пакінуў яе з дзецьмі, падняла адна дваіх. Сербанула гора праз край, але здужала. І во сустрэліся мы цяпер. У мяне бы вочы адкрыліся. Усё да кучы змяшалася: і віну сваю адчуў, што такім слепаком быў, і ўдзячнасць да яе, і павагу. І хоць ваўком цяпер вый. Другі год няма спакою. От калі зразумеў, што значыць у каханні жыць, што ёсць насамрэч такія сем’і, якім так пашчасціла. Мы з ёй… выпадкова. Камандзіравалі мяне ў вобласць, дажынкі там былі, у ачапленні тры дні. Вось там сустрэліся. Дзве ночы ў яе начаваў. А яна сама перапужалася пасля, маўляў, насланнё найшло, улезла ў чужую сям’ю, хто ж я пасля гэтага? І кінуў бы ўсё, далібог! Але ж – дзеці. А яшчэ… Верачка перасцерагла: не рабі, кажа, глупстваў. Бо калі кінеш сям’ю, я сабе не дарую, а цябе аніяк не змагу прыняць. Не будзе мне тады даравання. І цяпер… Гоніць яна мяне. Плача сама, а гоніць. Адно просіць: даруй. «Больш не змагу прыняць. І хачу да болю, а не магу», – так мне кажа. А сам я… Як табе лепш патлумачыць? Некалі давялося мне па-сапраўднаму тры дні сядзець галоднаму. Малады яшчэ зусім быў, застаўся без грошай, а знаёмага – ніводнага ў горадзе. Чакаў у пустым інтэрнаце. Сорамна было ў каменданта пытаць, ды і не далі б… Хто міліцыянеру верыць? І вось на трэці дзень я куды ні ішоў, чым ні займаўся – думаў пра хлеб. Не, нават не думаў – хлеб быў пастаянна ў маёй галаве, ва ўсім! Я чуў яго пах. Адчуваў смак, пальцамі мацаў шурпаты бачок… Не, не трызніў, а вось… са мной той хлеб, са мной неадступна! Дык вось цяпер згадаў я той хлеб – мне ім Верачка стала. Не думаю я пра яе – яна проста са мной і са мной. Дні, тыдні, месяцы і ўжо вось два гады. Уначы баюся назваць яе імя. От якая справа, Васіль… Ты вось следчы, ведаеш прычыны ды наступствы, дапамажы разабрацца… – ужо зусім нечаканай для мяне просьбай, ды яшчэ з пераходам на ты закончыў участковы.