Я зірнуў уважліва на яго твар. І толькі цяпер пабачыў смутак – у апушчаных уніз вугалках вуснаў, у раўнадушным позірку. Тое, што я прымаў за службовую тактоўнасць Тумара – ён за ўвесь час са мной не прамовіў ніводнага лішняга слова, не імкнуўся разумнічаць і вучыць мяне прамудрасцям вясковага жыцця, не ўмешваўся, не пёрся падказаць, забегчы наперад, – аказалася яго абыякавасцю толькі…
– Сапраўды, думаеце, я змагу даць рады вашай бядзе? – з сумнай усмешкай адказаў я, усё ж трошкі непрыемна крануты яго тыканнем.
– Ты выбачай за маё ты… Я вось жыццё пражыў, быў у мяне адзіны сябра. Спіўся. Дакладней, жонка дапамагла дапіцца да чорцікаў, у вар’ятню сплавіла, бо любошчам яе замінаў. От з ім я мог падзяліцца. А цяпер больш няма з кім. А яно ж унутры цябе сядзіць, у галаве такі вэрхал, такая рэвалюцыя… А нельга нікому расказаць. У нас… у міліцыянераў сяброў няма. У нас – служба. Для вяскоўцаў я ў большасці – мент паганы, падлеткі толькі так і клічуць, нават у вочы. Смелыя… А што іх маткі да трэціх пеўняў бягуць да мяне з крывавым плачам: «Дапамажы, супакой мужыка!» – дык тое не лічыцца. На мяне і з нажом выходзілі, мазгі адпіўшы, адзін раз – з віламі, было – з рыдлёўкай. Шварцнэгер доўбаны патрапіўся дык бензапілу завёў і давай агароджы рэзаць. І з той пілой мяне сустрэў. А я ж пісталет нават ні разу не дастаў. А ўсё адно – мент паганы… Дык от, Васіль, ты выбачай… Калі кажаш некаму ўслых пра сваю бяду, быццам збоку на яе глядзіш. І хоць парады просіш, ды сам хутчэй выйсце знойдзеш… Ну, і на ты звяртаюся… то як да сябе быццам. Вось, выбачайце.
– Ды ўсё нармальна, – шчыра супакоіў я ўчастковага. – На ты, дык на ты, мне не праблемна. А падказаць… Наўрад ці з мяне які дарадца ў такіх выпадках. А жонка твая?
– А для яе я мент ці не першы, – сумна ўсміхнуўся Тумар. – Бачыць жа, з чым і кім я справу маю, а вось… Палітыкай яна ў мяне надта цікавіцца. У нас быццам жа і ладам усё было, пакуль гэтая палітыка, выбары ды апазіцыя. Ледзь не развяліся былі падчас адных выбараў, два месяцы ў розных пакоях спалі.
– Яна хіба не бачыць розніцы між палітыкай і элементарнай службай? – здзівіўся я.
– Не, не бачыць, – адказаў Тумар і стаў прыбіраць са стала. – У нас большая частка людзей бачыць толькі чорнае і белае. Як ва ўладзе хто, значыць, падхалім, супраць народу. Калі ты не за, значыць, супраць. Вось так і жывуць, лёгка ўсіх дзелячы. Калі недзе міліцыянеры мітынгі разганяюць, дубінкамі лупцуюць, значыць, і ты тут – гэткі ж. І няважна, што я той дзень патраціў, каб украдзеных у Сцёпчыхі курэй знайсці, я ўсё адно тае масці, таго колеру, дубінку магу ў рукі ўзяць… Нічога, тры гадочкі – і я на пенсію, дзеці – у інстытуты. Знайду занятак.
– А цяпер не можаш?
– Навошта? – прыпыніўся ля стала Тумар. – Я толькі і ўмею быць участковым міліцыянерам. Я раблю амаль 20 гадоў. А больш – нічога. Ну, зямлю капаць – калі ласка. Але ж… мне падабаецца. Я бачу сэнс у сваёй працы. Хоць я і мент паганы, – нечакана ўсміхнуўся ён амаль весела. – Вось! На пенсію – і на развод. І паеду да Верачкі сваёй.
– Дык жа не прыме, гаварыла!
– Там пабачым. Усё пабачым. Пераначуем – і пачуем… Хадзем да Зміцера?
Марылю мы засталі ў сенцах Зміцеравай хаты, яна нешта памешвала ў каструлі на газавай пліце. Было заўважна, што тут, у сенцах, гаспадыняй была сучасная жанчына: новыя шафкі, добрая газавая пліта, асаблівая ўтульнасць і парадак.
– Не спіць? – спытаў Тумар пра Зміцера.
– Не, толькі папіў, – адказала старая.
Хата складалася з двух паловаў, Зміцер ляжаў у першай на канапе, якая стаяла за печчу ў прыцемку – невялікае акенца ў сцяне насупраць было дбайна занавешана. На нашае з’яўленне ён ніяк не адрэагаваў, не павёў нават вачыма, хоць тыя былі расплюшчаныя і скіраваныя ў столь. Толькі вочы і казалі пра тое, што чалавек не мёртвы – ніводная клетачка на твары больш не выглядала жывой. Скура твару, жаўтлявая, у мностве карычневых плямаў і плямкаў, парасла рэдкімі белымі валасамі, густаватымі і доўгімі ўжо на барадзе.
– Здароў, дзядзька Зміцер, – Тумар падышоў бліжэй да канапы. – Тут да цябе з пракуратуры, следчы. Хоча, каб ты яму дапамог знайсці таго, хто забіў Насцю.
Стары быццам не чуў гэтых слоў.
– Мы шукаем забойцу вашай дачкі, – голасна, афіцыйна пачаў я. – Вы можаце нам сказаць: ці былі ў яе ворагі? Чаму ў апошні вечар Насця пайшла з дому? Яна з кімсьці сустракалася?
Адказу не было.