– Пагаварылі…
Для мяне стала відавочным: мы толькі марнуем час.
Дзверы ў другую палову хаты былі зачыненыя. Я ведаў, аператыўнікі ў першы ж дзень старанна тут усё абшукалі. Больш дзеля цікавасці, чым у надзеі нешта знайсці, я адчыніў дзверы, зайшоў.
Тут было вельмі сціпла, але зусім не па-вясковаму. Хіба грубка злева ад уваходу. Сучасная мэбля, не дарагая, не новая, але падабраная з густам: канапа, два фатэлі, часопісны столік. Вуглавы стол для кампутара, з дзясятак кніг на яго паліцах. Шафа і камода. Не, ператрасаць рэчы я не збіраўся… Кнігі… Жаночыя раманы, часопісы…
Вярнуўся ў пакой, зноў падышоў да старога, загаварыў гучней, чым раней (можа, ён недачувае?).
– Ваша дачка была цяжарнай і нарадзіла дзіця. Дзе яна нарадзіла? Хто бацька?
І тут ён паглядзеў на мяне. Зрэнкі ягоныя павольна змясціліся ў мой бок – і Зміцер зірнуў. Доўгім, пранізваючым усё маё нутро позіркам вачэй, якія былі амаль светла-шэрыя, так выцвілі з часам.
– Калі пайшла замуж за Яшчура, павінна была нарадзіць, – нечакана ціха скрыпучым шэптам прамовіў Зміцер аднымі вуснамі.
– За… за якога Яшчура? – перапытаў я, заікнуўшыся ад нечаканасці.
Зміцер маўчаў.
– Каго тут завуць Яшчурам? – павярнуўся я да Тумара.
– Ды халера ведае, – паціснуў той плячыма. – Можа, і таго паэта так звалі між сабой дачнікі.
– Вы бачылі гэтага Яшчура? Як ён выглядае? Колькі яму гадоў? Ён мясцовы ці гарадскі, дачнік?
Шэрыя плямы зрэнак зноў утаропіліся ў столь, потым старэчыя векі павольна апусціліся.
– Пайшлі… Будзем шукаць Яшчура заўтра, – махнуў я рукой Тумару.
– Падыдзі, – нечакана зноў захрыпеў Зміцер.
– Слухаю вас, – зрабіў я крок да канапы.
– Яшчура не чапай. Дзіця не чапай, – прагаварыў стары, не расплюшчваючы вачэй.
– Дзіця памерла… Яго вёз хаваць чалавек, ад якога магла нарадзіць ваша дачка, той самы Яшчур, – адкрыта стаў казаць я. – Хто такі Яшчур?
Вядзьмак не ўздрыгнуў, але нейкая быццам хваля, як сонечны зайчык ад акна насупраць, прабегла па яго твары і ўсім целе.
– Ты дурань яшчэ зусім, – прасіпеў ён. – Дзіця жывое. Яго вам не забіць…
– Ніхто не збіраўся яго забіваць, – разгублена прагаварыў я. – Яно само… Вы ведаеце, хто забіў Насцю? У яе былі ворагі?
Хвіліну стаяла цішыня.
– Дзед, ты нам што яшчэ скажаш ці не? – з настойлівай просьбай спытаў Тумар.
На твары старога не зварухнулася ні адна жылка.
11
Тое, што ў нас іншым разам асабліва шануецца і завецца прастатой, можа быць усяго толькі прэсным прымітывам.
Зіначка ўжо збіралася дахаты: выключала кампутар, складвала паперы на стале. Усміхнулася мне і паведаміла проста, бы жонка мужу:
– На вячэру сёння амлет з курынай каўбасой! Не пазніся!
Я мусіў вяла ўсміхнуцца ў адказ. Зіначка заўважыла маю млявасць, насцярожанаклапатліва запыталася:
– Стаміўся?
– Больш эмацыйна, – як мог шчыра прамовіў я. – Амлет з курынай каўбасой – цікава. Маці, запечаная ў сваіх дзецях…
– Што? – спуджана акругліла вочы Зіначка.
– Ды я смяюся, не палохайся, – супакоіў я і пашкадаваў пра сказанае. Не да месца такія дурныя жартачкі.
– Ну добра… Глядзі, Тамара нешта не ў гуморы.
– Нічога… Дзякуй, – я ўзяўся за ручку дзвярэй пракурорскага кабінета і прымусіў сябе яшчэ раз усміхнуцца і паабяцаць: – Амлет з’ем.
Пачуццё маёй залежнасці ад гэтай жанчыны выклікала супраціў. Бач, як хутка яна… Заўтра прынясе каву ў кабінет, дэманструючы свае правы на мяне. Трэба мякка прыпыніць гэты разгон уладарнай прагі.
Мая запланаваная сустрэча з ляўдоцкімі дачнікамі выклікала ў Тамары раздражненне:
– Што ты хочаш ад іх даведацца?
Ніяк не быў гатовы да такога пытання, да настрою пракурора. Здаецца ж, усё ідзе нармальна: месца забойства практычна вызначана, тое, чым была забіта Насця Грыцук, амаль вядома. Выклікаем на допыт Падлужнага як падазронага ў забойстве, націснем добра – усё раскажа. Не мог жа ён, калі і выціраў тыя зубы грабляў не спецыяльна, не заўважыць рудых плямаў крыві? І я павінен дакапацца да ісціны: з якога перапуду жанчына-лесбіянка вырашыла зацяжарыць і ўпотай ад усіх, акрамя гэтых дачнікаў, нарадзіць дзіця? І дзе яна яго нарадзіла? Дзе было дзіця гэты час? Што за Яшчур такі? Якая роля таго небаракі – паэта Дылько?
– Бо ён і быў бацькам, – безапеляцыйна адрэзала Тамара на мае разгубленыя пярэчанні. – І не прымай трызненне чалавека, якому заўтра пад бярозкі, за тэму для роздуму. Што табе яшчэ невядома? Уключы фантазію!
– Ну, няхай ён бацька… Але чаму ведаюць усе ў Ляўдку, усе чужыя, а не ведаюць калегі, таварышы па рабоце? Насця ж не магла не ведаць, у якія грошы, правільней, у якую згубу грошай абернецца для яе таемная цяжарнасць: на ўлік у час не стала.