Выбрать главу

– Значыць, так яна захацела. Можа, і не збіралася яна з ім жыць. Ды няважна…

– А адзенне яе? Хто сабраў яго ў пакет, калі нават дапусціць, што Насця і Андрэй Дылько займаліся на паляне пад дубам каханнем?

– Сама склала, – адмахнулася Тамара, быццам я спытаўся пра відавочнае. – Чаго ты на мяне дзівішся? Я ў маладосці любіла мужа сустрэць пасля работы голай. І Насця магла сустрэць так свайго Андрэя. Ноч, ніхто не бачыць, такое месца… Тым больш пра яе кажуць як пра ведзьму. Можа, і адна яна была, качалася па расе, падкацілася пад тыя граблі… Няшчасны выпадак.

– А сляды? Мы ж не пабачылі…

– Бо шукалі проста сляды, а не тыя, якія зацерлі.

– Хто зацёр? Ды мы так глядзелі!

Я пытаўся, як школьнік у настаўніка пра новую цалкам тэму. Я не разумеў, не мог ісці логікай пракурора.

– Той, хто нёс Насцю… А глядзелі дрэнна, – стомлена ўздыхнула Тамара і дастала цыгарэту.

Я замаўчаў, пераварваючы пачутае, пастараўся шчыра стаць на пазіцыю пракурора. Калі і сапраўды так?

– Тады… Тады Насцю мог несці ці Андрэй Дылько, ці Міхась Падлужны. Скажам, грымнулі граблі, забрахаў сабака – Падлужны выйшаў, пабачыў… А неслі да Зміцера, бо ці яна сама, яшчэ жывая, папрасіла, ці падумалі, ён, як вядзьмак, адно і дапаможа. Але памерла дарогай, не данеслі, то і кінулі на полі?

– Не іначай, – Тамара энергічна пастукала цыгарэтай аб край попельніцы. – Выклікай Падлужнага павесткай, але не запалохвай. Сам ён не мог забіць яе тымі граблямі. Не будзе ж яна голай ляжаць і чакаць, пакуль той нейкі рычаг адпусціць. Ды і прычыны няма. – Тамара яшчэ раз паглядзела на раздрукаваныя здымкі – агульны выгляд паляны, конныя граблі, зубы. – Так, эксперт толькі пацвердзіць, што гэтыя зубы і маглі пакінуць такія сляды. Сам бачыш, якая тут трава густая… Некалі мая бабуля казала, як па першай расе надта добра качацца, для здароўя карысна. Каб скура была свежай, не друзлай. І нейкія хваробы так лячылі. А на Купалле, каб ты знаў, яшчэ ў час маёй маладосці жанкі ў гадах качаліся, цішком ад моладзі і мужыкоў. Сама бачыла. Праўда, усяго з сябе не скідалі – ільняныя доўгія кашулі апраналі. Як у каго не было, дык па чарзе.

– Дык мне не ехаць заўтра на сустрэчу з гэтымі… аматарамі абрадаў?

– З’ездзі сабе, чаго ж не? – дазволіла раўнадушна Тамара. – Але машыны не дам – адпусціла, бо прасіўся Віктар, яму справы рабіць трэба свае. Дабярэшся неяк. Надта толькі не накручвай сябе.

Бабы найчасцей робяць так, што мужчына ніколі са сваёй логікай не патлумачыць. Зрабіла – і зрабіла. Бо так у той момант хацела. І шкадаваць не будзе ніколі, і тлумачыць не будзе, бо тлумачэння не бывае. Імпульс кароткі, настрой, ляйчына пад хвост… Так вось.

– Зразумела…

Я развітаўся і накіраваўся да дзвярэй. Зіначка ўжо сышла. Я зноў з прыкрасцю падумаў пра тое, што давядзецца ісці да яе. Так, ад ранішняй «сэксуальнай заклапочанасці» не засталося і следу. Магчымыя любошчы ніяк не ўпісваліся ў мой настрой, гэта па-першае. Па-другое… Я вяртаўся нетаропкай хадой і думаў пра тое, што мяне зараз не чакае прыгатаваная вячэра, да якой я прывык за апошні тыдзень. І Надзея не чакае. Чакае Зіначка, але чакае, як сучка злучку, ёй трэба, яна возьме ад мяне тое, патрэбнае, і на гэтым усё… Ці яна думае мяне так прывабіць, каб застаўся з ёй жыць? Ну, не такая ўжо яна бязглуздая, каб спадзявацца, што я згаджуся стаць бацькам дваіх чужых дзяцей. Ды чорт іх ведае! Як там Тамара казала? Няма логікі. Ды Зіначка – лухта. І Надзея… Не, не лухта, але ж і на ёй жанчыны ў гэтым райцэнтры не закончыліся. Сама вінаватая: трэба было пачакаць. Ці хоць пакінуць слоўца якое, магла і элементарную эсэмэску адправіць. Хоць выбачыцца, бо ж не дачакалася, падманула. Бач, тэст я не прайшоў! Хіба я жывёла паддоследная?

Накручваў, стараўся раззлавацца, а падсвядома марыў: вось зараз Надзея будзе чакаць мяне ля сваіх веснічак. Мы ўсміхнёмся адно аднаму, павітаемся, яна спытаецца-ўпікне нязлосна, але з такім прыемным клопатам: «Зноў не абедаў?» – і я прамаўчу пра тое, што перакусілі з Тумарам яго тармазком. І быццам не было ўчарашняй ночы, яе нечаканага пытання, маёй ашалеласці. Мы разам павячэраем, яна будзе сядзець, як заўжды – нага за нагу, у сваіх звыклых шортах, а я буду есці і паглядаць на яе высока аголенае сцягно і не стрымаюся, як і раней, у нейкі момант спыню сваё жаванне, выцеру вусны, нахілюся і пацалую халаднаватую скуру, якая не мае для мяне ні паху, ні смаку, як вада, але ж і такая жаданая…

Надзея не стаяла ля веснічак—яна была ля ганку свайго дома, пра нешта размаўляла з мужчынам. А той павольна, паспяваючы адказваць, капаў яму якраз пад ганкам. Дзве палавінкі варот былі расчынены насцеж. Раптам выявілася, што й трымаліся яны добра толькі зачыненымі, калі былі разам, а цяпер, кожная паасобку, стаялі нахіленыя, ледзь не падалі, трымаючыся за слупы ржавымі скрыўленымі завесамі. У двары стаяў вялікі чорны аўтамабіль. Як кажуць тут, круты.