– Дзякуй, Волечка, мы тут самі далей. Мая жонка, Вольга Рыгораўна, – павярнуўся ён да мяне.
Я не чакаў ад сябе падобнай галантнасці, але раптам прыўзняўся і з лёгкім нахілам галавы прадставіўся жанчыне:
– Васіль Шайбак, следчы пракуратуры.
Вольга Рыгораўна адказала мне ветлай усмешкай куточкамі вуснаў. І хоць позірк яе цёмных вачэй быў хваравітым, там была спагада. Яна пайшла, дробна пераступаючы нагамі з маленькімі ступнямі. І толькі цяпер я звярнуў увагу: на ёй былі не пляжныя шлёпанцы, не стаптаныя пантофлі ці які іншы «дачны» абутак, а туфлікі. Яна толькі прыехала аднекуль?
– Адчувайце сябе смела, калі ласка, – запрасіў Федарук. – Цукар, малако…
– І што вы хацелі мне паведаміць? – я насамрэч расслабіўся, адчуваючы атмасферу шчырай добразычлівасці ў дадатак да сваёй упэўненасці.
– Патлумачыць усё, што вам неабходна, – цяпер ужо спакойна адказаў Федарук. – Я разумею, многае вам ужо вядома, але ж засталіся пытанні…
– Так, некаторыя пытанні ў мяне засталіся, – згадзіўся я. – І я хацеў бы пачуць на іх адказы. Але з адной умовай.
– З якой? – зацікаўлена глянуў на мяне Федарук.
– Адказвайце без усякай… містыкі.
– Цікава-цікава…
Федарук пабоўтаў лыжачкай у кубку, дастаў яе, паклаў асцярожна на край сподачка. Выпрастаўся, абапёрся на спінку лаўкі, склаў рукі на грудзях і хутка запытаўся:
– А што вы разумееце пад містыкай, малады чалавек?
Я ўсміхнуўся, даруючы яму гэтае імгненнае вяртанне ў свой звычны стан навукоўца. Трэба аддаць яму належнае – ён зразумеў маю ўсмешку, сеў, як і сядзеў, вінавата працягнуў:
– Прашу дараваць мне маю такую рэакцыю. Ведаеце, многа гадоў перад студэнтамі… Прабачце, як мне да вас звяртацца? Таварыш следчы?
Я паціснуў плячыма. Чаму б мне не пабыць велікадушным далей?
– Калі я ў вас частуюся кавай, называйце Васілём… проста Васілём – розніца ў гадах дазваляе.
– Дзякуй, дзякуй… Дык вось, Васіль, вы мне прабачце, але ж я хачу даведацца, каб пасля не звяртацца да містыкі, як вы кажаце. Што для вас містыка?
– Ды рознае вядзьмарства, у якое, бачу, ёсць многа ахвотных верыць, – патлумачыў я.
– Выбачайце, я падумаў, вы адносіцеся да так званага вядзьмарства трошкі з большай павагай… пасля некаторых падзей. Безумоўна, мне трэба прызнаць сваю віну за ўчарашні выпадак. Але пра яго можна пагаварыць пазней, калі пажадаеце, я вам усё патлумачу.
– Кіньце, Алесь Тарасавіч, – сам таго не заўважаючы, звярнуўся я да Федарука паважліва. – Я ачмурэў ад элементарнага наркатычнага настою. А голыя цёткі, плуг, баразна – антураж фокусніка.
Я не маніў сабе ў той момант: вось цяпер, у дзённым святле, мне і сапраўды так падавалася. Ноччу псіхіка не справілася з наркатычнай атрутай. Мне трэба было ўсяго толькі выспацца.
– Не буду, не буду вас пераконваць у іншым. Але скажу: містыка, як вы кажаце, – вакол! І зараз, тут, перад вамі.
– Напрыклад?
– Піце каву, астывае, – Федарук пацягнуўся сам да кубка, зрабіў глыток. – Прыкладаў процьма, паважаны Васіль… Містыка – гэта тыя з’явы ў жывым свеце, якія мы не можам вытлумачыць. Вось і завём іх такім словам. Містыка – катэгорыя пакуль неразгаданых сувязей прычын і наступстваў. Усё!
– Няхай так. Што наконт прыкладу тут і цяпер?
– Ага, прыклад… – Федарук сеў прама, пачаў хутка і дробна круціць галавой вакол. – Вось! Яблыня!
– Містычная? – усміхнуўся я, крыху заінтрыгаваны. Што ж такога містычнага ён мне тут пакажа?
– Яблыня, так, менавіта яблыня, – упарта пачаў Федарук. – Калі мы тры гады таму прыехалі сюды, усе яблыні амаль здзічэлі. Вы ж ведаеце гэты цікавы працэс: як толькі сядзіба пусцее, яблыні хутка дзічэюць. Менш цвітуць, плады робяцца дробнымі, страчваюць свой культурны смак. А вяртаецца чалавек – і праз колькі гадоў яблыня зноў робіцца, скажам так, хатняй. Вам жа тое вядома, так?
– Ну, так, – мусіў згадзіцца я.
– Дык хіба не містыка? Адкуль яблыня ведае пра тое, ці ёсць у яе гаспадар? Ні вачэй, ні вушэй. Расліна ўсяго. А яна вось так чуйна, няхай і марудна, але адгукаецца беспамылкова на прысутнасць гаспадара. Вы можаце патлумачыць?
– Не магу. А гэта важна?
– Як прыклад – важна! – упэўнена выгукнуў Федарук. – Дык вось, калі я скажу вам, што ў яблыневых семечках знаходзіцца рэчыва, якое літаральна атручвае глебу, атрута трапляе праз карані ў сістэму дрэва, што застанецца ад містыкі? Ніхто не прыбірае паданак – вось і ўся містыка.
– Не разумею пакуль ход вашых думак, – прызнаўся я. – Які з гэтага вынік?