У мяне засталося некалькі пытанняў, і адказ на іх я хачу пачуць ад вас. Як я зразумеў, вы тут галоўны, «Капітан», значыць, вы прыдумалі гэтую казку з Яшчурам, абрадам, нараджэннем Цмока. Я хачу ведаць, з якой мэтай вы ўгаварылі няшчасную дзяўчыну ці купілі яе згоду вынасіць дзіця. У вас, вучоных, я ведаю, хай дзіўныя, але вельмі канкрэтныя мэты. Тое немаўля, труп якога вёз на могілкі паэт, не Насця нарадзіла. Жанчына з першай групай крыві не можа мець дзіця з чацвёртай. Паколькі за ўсім стаіце вы, то дзіця Насці павінна быць у вас. Чыё дзіця вёз Дылько?
Я замаўчаў, даючы зразумець Федаруку, што чакаю ад яго адказу. Ён памарудзіў з хвіліну, некалькі разоў змочваў вусны кавай з кубка.
– Не казка гэта, шаноўны Васіль, – нарэшце выдыхнуў ён, адставіў кубак. – Вось вы вельмі правільна паклалі частку міфа на рэальную глебу. Вы ўжо прабачце мне. Давайце разам паспрабуем гэтак жа разабрацца з астатнім у міфе. Вам жа расказвалі: Цмок – істота загадкавая. Як яго прыручыць, дык будзе ахоўваць, прыносіць скарбы, бараніць ад ворагаў. Давайце глянем з практычнага боку, уявім, Цмок – не нейкая міфічная істота, а рэальная. Хто ёй можа быць? Хто бароніць, ахоўвае чалавека і прыносіць яму дабрабыт? Пры гэтым улічым вось які факт. Вам як чалавеку адукаванаму, вядомыя ж ліштвы на вокнах вяскоўцаў у мінулым. Ды і сёння дзе-нідзе засталіся яшчэ старыя разьбяныя. Вось той выкручасты ўзор наверсе на многіх ліштвах – гэта, шаноўны Васіль, выявы Цмокаў. Так-так, дзе надта моцна стылізаваныя, а дзе без праблем пазнаюцца крылатыя змеі – Цмокі.
Я вам крышку патлумачу яшчэ… Акно для нашых прашчураў – асаблівая рэч, выйсце ў іншасвет. З чыста практычнага боку – самае небяспечнае месца, бо праз яго ворагу так лёгка патрапіць у дом. Міф кажа нам, што выява Цмока над вокнамі – шанаванне магутнай сілы і адначасова разлік на яе спагаду. А з практычнага боку? Калі і ты, і я, і ён маем адзін знак, значыць, мы належым да нейкай супольнасці, так? Значыць, мы разлічваем на адну нейкую істоту. Атрымліваецца, той самы Цмок – наша агульная абарона і надзея на шчасце. А сёння на каго мы разлічваем, з кім звязваем спадзяванні? Ёсць у нас нешта, што было б знакам нашай супольнасці, што можна павесіць, напрыклад, у хаце?
– Абразы, – паціснуў я плячыма. – Разлічваем на Бога.
– Так, згодзен, але ж рэлігія тут не трэба. Мы цвяроза думаем, мы стаім на рэальнай глебе.
– Тады дзяржаўны сцяг, – усміхнуўся я.
– Менавіта! – нечакана радасна ўсклікнуў Федарук. – Менавіта так і ёсць – і Цмок над вокнамі быў тым самым сцягам, агульным знакам!
– Дык Цмок – кіраўнік дзяржавы? – з сарказмам запытаўся я. – От вы далі…
– Тады не было дзяржавы ў нашым разуменні, – мякка запярэчыў Федарук. – Не кіраўнік, але галоўны. На каго разлічвалі, хто карыстаўся агульным аўтарытэтам. Быў самым моцным, але не проста фізічна моцным, а духам, розумам…
– Лідар?
– Так, лідар. Бачыце, вы самі дайшлі да разумнага тлумачэння Цмока… За сотні гадоў вынішчэння паганства той самы лідар, на якога спадзяваліся, які сапраўды даваў людзям лепшае за ранейшае жыццё, ператварыўся ў чароўную істоту, дабрабыт звёўся да скарбаў, воля – да абароны…
Я асэнсоўваў пачутае і не верыў: няўжо ён кажа сур’ёзна? Няўжо навуковец, інтэлігент, разумны і адэкватны чалавек насамрэч вырашыў…
– Вы вырашылі з дапамогай Насці нарадзіць нашай краіне лідара? Будучага прэзідэнта?
Я быў настолькі ашаломлены агучанай высновай, што нават не ўсміхнуўся.
– Але ж Шліман паверыў у Трою, – без усмешкі адказаў Федарук. – Але ж чорны певень змог знесці яйка…
– Чакайце, чакайце. Вы сур’ёзна кажаце? Вы – навуковец…
– Менавіта таму, што я навуковец, я ўсё кажу і раблю сур’ёзна.
– Добра, няхай так. Значыць, план ваш цяпер ясны і зразумелы: Насця нарадзіла Цмока. Хто яе забіў?
Федарук уздрыгнуў ад майго жорсткага пытання.
– Не ведаю. Кажу праўду: мы самі вельмі… напужаныя. Мы не разумеем, хто і чаму яе забіў.
– Ну як жа? Забі маці Цмока – хто яго будзе гадаваць? Развальваецца ваш… эксперымент па гадаванні прэзідэнтаў.
– Вы ж помніце міф, паважаны Васіль, яйка, якое знёс чорны певень, трэба тры гады насіць мужчыну пад пахай… Тады вылупіцца Цмок.
– І гэта значыць нешта? Мне расхацелася разгадваць загадкі.
– Выбачайце, калі ласка, я вас перамучыў. Гэта значыць: дзіця да трох гадоў павінна расці пад наглядам мужчыны, сям’і. І ніхто з чужых не павінен ведаць і бачыць дзіця. Ніхто. Міф не кажа непасрэдна пра неабходнасць выхавання яго маці.
– Чаму да трох? – толькі і знайшоў што спытаць я.