Выбрать главу

– Бо да такога ўзросту фарміруецца асоба чалавека. Нашы продкі тое ведалі і нам пераказалі. Вучы дзіця, пакуль папярок лавы ляжыць. Тады былі шырокія лавы…

Я памаўчаў, запытальным рухам дастаў пачак цыгарэт, пабачыў згодлівы ківок Федарука і закурыў.

– А вас… не задавальняе сённяшні кіраўнік краіны?

– Не, – проста адказаў Федарук. – Каб вы не пыталіся чаму, патлумачу адразу. Я, як і большасць тых, хто разумее сутнасць з’яў апошніх дзесяцігоддзяў у нашай дзяржаве, бачу працэс знішчэння беларусаў як нацыі. Не буду вам нічога тлумачыць больш, і спрачацца не будзем, гэта маё не меркаванне, а перакананне. Цяпер над краінай ноч. Сапраўдная ноч…

– Вам дрэнна жывецца? – спытаў я і сам адчуў літаральна пошласць свайго пытання.

Федарук не стаў стрымлівацца – ён паморшчыўся, як ад кіслага:

– Паважаны Васіль, вы зараз спыталіся з узроўню бамжа ці зацюканай бабулькі. Не рабіце больш так. Калі людзі кажуць, што іх хвалюе страта нацыянальнага складніка грамадствам, недаравальна разумнаму чалавеку пытацца пра іх матэрыяльнае становішча ці іншыя выгоды.

Я пачаў злавацца, каб прыглушыць сваю прыкрасць.

– Я быў па-за палітыкай і па-за ёй буду заставацца. Ведаю дакладна адно: ніякае дасягненне шчасця для ўсяго чалавецтва не можа быць апраўдана, калі яно будзе прычынай хаця б адной слязы дзіцяці. Бо калі дазволім адну слязу сёння, заўтра дазволім слёзы тысяч дзяцей. А тут – забойства!

– Прабачце, Васіль, нават я са сваёй навуковай дзейнасцю, якая тычыцца мінулага, не магу быць па-за палітыкай. А вы – вы маеце самую непасрэдную справу з яе вынікамі. Бо палітыка – штодзённае наша жыццё, а не толькі маніфестацыі і плошчы. Я не паверу, быццам вы не бачыце, з якой хуткасцю дэградуе грамадства па ўсіх кірунках, не заўважаеце росту бесчалавечных, невытлумачальных з’яў, якія сустракаюцца непасрэдна ў вашай прафесійнай дзейнасці. Вас не бянтэжаць дзікунства ўчынкаў, паўсюдная бездухоўнасць? Ці вы думаеце, што вас тое не тычыцца? Сёння – так, пакуль вы і ваша жыццё належаць толькі вам аднаму. А прыйдзе ж час – у вас будзе сям’я, дзеці… Так, тады вы паглядзіце на прычыны і наступствы інакш… Прабачце за чытанне вам маралі… Не будзем больш пра гэта, бо я дакладна зразумеў: нельга нікога давесці да асэнсавання рэчаіснасці словамі. Толькі сам чалавек даходзіць, праз свой вопыт…

Мне трэба было пытацца далей пра тое дзіця-гідрацэфала… А я не мог прагнаць ад сябе крыўднае пачуццё сваёй непаўнавартаснасці – менавіта яго я адчуў пасля слоў Федарука пра палітыку. Ён меў рацыю, як бы я ні пераконваў сябе ў іншым: я як следчы пракуратуры меў самае непасрэднае дачыненне да палітыкі, бо менавіта яна давала мне работу. Мімаволі ўсплылі ў памяці «недакуркі» і сярод іх бамжыха, якая згарэла ў закінутай хаціне, тая жанчына, якая зарэзала свайго былога мужа пасля гвалту з сябе, старшакласнік, які здзейсніў суіцыд, бо не мог больш трываць п’яныя скандалы дома… І падобнага не становіцца меней. Кожны студэнт юрфака ведае: у Ісландыі ў асобныя гады няма ніводнага злачынцы ў адзінай на краіну турме – няма работы следчым! А мяне наша палітыка корміць, поіць і апранае. Я здолеў праглынуць прыкрасць – няхай сабе думае як хоча, у мяне свая праўда. Ды ўсё ж перайсці непасрэдна да справы, не задаўшы пытання, якое вярэдзіла душу, не змог.

– Паслухайце… Не будзем, сапраўды, абмяркоўваць стан рэчаў. Пра іншае хачу спытаць. Як вы, разумныя людзі, паверылі ў такі вось казачны спосаб нараджэння і выхавання нацыянальнага лідара? Гэта ж… далібог, для дзяцей!

Федарук моўчкі глядзеў на мяне, быццам вывучаў асаблівасці твару, потым пацягнуў да сябе ноўтбук і, пстрыкаючы мышкай, загаварыў:

– Паважаны Васіль, вось вы – следчы пракуратуры. Вы за сваё жыццё адказвалі за дзясяткі лёсаў людзей. Каб стаць следчым, вы вучыліся, атрымалі адпаведнае выхаванне. Але не кожны можа стаць следчым, нават калі і вучыцца надта добра, праўда? А вось прэзідэнт краіны. Ён у адказе за лёс нацыі, народа. Амаль дзясятак мільёнаў жыццяў. Адчуваеце розніцу, так? А цяпер скажыце: добра было б, калі б на пасаду следчага выбіралі галасаваннем?

– Ну вы параўналі, – хмыкнуў я.

– А вы не спяшайцеся. Зазірніце ў гісторыю ўсіх часоў і народаў: хіба фараон мог нарадзіцца і вырасці ў простай сям’і? А рымскі імператар дзе выхоўваўся і кім нараджаўся? Каралі і цары?

– Выбачайце, шаноўны, але вы, здаецца, не бераце ў разлік звычайнае сённяшняе дэмакратычнае грамадства, – з сарказмам заўважыў я.

– Так, не бяру, – згадзіўся Федарук. – Бо ў сапраўды дэмакратычных краін – стогадовая эвалюцыя грамадскай супольнасці, якой наш народ у новым часе не ведаў зусім.