Выбрать главу

– І вы адзін вырашылі ратаваць нацыю… – Не адзін, – нечакана горача загаварыў Федарук. – Выдумаеце, ідэя нацыянальнага лідара не жыве ў галовах і сэрцах людзей? Памыляецеся! Зірніце наўкола, на нашы палітычныя кампаніі – менавіта ад асэнсавання немагчымасці выбраць сапраўднага кіраўніка са свайго атачэння ў нас знікла вера ў змены! Мы ведаем, якія мы, – і разумеем: нікому з нас не стаць тым лідарам, які павядзе народ, якому павераць. Бо мы выраслі, скажам так, на аднолькавых дражджах. Мы слабыя, бо мы не верым самім сабе. Мы ніколі не рабілі нечага дзеля аддаленай будучыні, дзеля сваіх нашчадкаў, хіба што грошы адкладвалі на рахункі. У нас ніколі не было вялікай агульнай справы, такой, якая б захапіла хоць частку нацыі, хоць тую праслойку інтэлігенцыі. Справы, дзеля б якой ахвяравалі, у якую верылі так, каб ведаючы, што не пабачаць пладоў сваіх высілкаў, ды высільваліся дарэшты. І таму мы павінны ўспомніць вопыт нашых продкаў. Не смейцеся, калі ласка. Я не магу сёння патлумачыць, чаму менавіта так трэба рабіць, але перакананы: толькі так і трэба. Бо ў міфах – навука і вопыт… Вы пісалі калі-небудзь вершы? – нечакана спытаў ён. – Любіце паэзію?

– Не, не пісаў, – прызнаўся я. – А паэзію люблю. Некалі вельмі ўразіў верш Куляшова… пра каханне. Запомніў.

– Я да чаго… Паэты – амаль усе прарокі.

А грамадзянская паэзія – выразнік не сфарміраванага канчаткова, не выказанага яшчэ словамі грамадскага памкнення, канцэнтрацыя думак… Я вам тое з усёй адказнасцю кажу. Дык вось, мне не так даўно трапіўся дзіўны верш… Паслухайце, калі ласка.

Ён нахіліўся блізка да экрана ноўтбука, мабыць, з-за блізарукасці, пачаў чытаць, сцішаным голасам, хоць кожны радок прамаўляў выразна, з прыхаванай экспрэсіяй:

Ты кажаш, голкай цэнзуры зашыты твой рот,і ванітоўней, чым сёньня, ужо ня будзе.А па мне, ўсё ў тваіх руках, пакладзеных на жывот:нарадзі прэзыдэнта, якога хочаш, – сабе і людзям.Ты кажаш, Народ і Мова заняпалі дашчэнту.Дык за чым затрымка? Нарадзі прэзыдэнта.Скажы сабе: «Як спадарыні Лінкальн і Кенэдзі», – і нарадзі.
І ён вырасьце й зможа ўсё зло на сьвеце змагчы:Папа Рымскі будзе сядзець ля яго зьлева,Голуб Міру будзе сядзець у яго на плячы,а ля ног яго – Брытанская каралева, —
бо вы малайцом, мамаша, усё зрабілі, як трэба,і цяпер усё будзе іменем Айца і Сына,І арол дэмакратыі будзе лунаць над тваёй краінай, хоць,магчыма, там будзе банальнае мірнае неба.
І ты – прычына таго, што здохла нешта вялікае ў лесе —прымаючы ў пасьляродавым журналістаў маленькімі групкамі,адмовішся ад вілы ў Ніцы й на радасьць кансэрватыўнай прэсеаддасі перавагу хутару недзе пад Крупкамі.Ты пасадзіш ля хаты півоні, флоксы і мак.Ён штурхаецца ножкай – гэта харошы знак.
Адчуваеш – ва ўлоньні віруе плацэнта?Нарадзі прэзідэнта[1]*.

Федарук замаўчаў, павярнуўся да мяне:

– Вы зразумелі?

– Што я павінен зразумець? – здзіўлена запытаў я. Па праўдзе кажучы, мне ўжо пачала надакучваць наша размова.

– Гэты верш… Яго напісала жанчына, маладая. І ў ім – тое падсвядомае імкненне ўсяго грамадства, гэткае калектыўнае падсвядомае: будучага кіраўніка трэба нарадзіць і вырасціць. Нам, мы ў адказе за яго нараджэнне і выхаванне. І жанчына выказала падсвядомае ў канкрэтных словах. Значыць, не толькі мы тут задумаліся над гэтым. Бяда ў тым, што мы баімся рабіць нават такі, не гвалтоўны, не рэвалюцыйны крок.

Я не мог не спытаць і спытаў, хоць пытанне было сугучнае з тым маім ранейшым пра тое, ці дрэнна яму жывецца:

– Прабачце, вы можаце пакрыўдзіцца, але шчыра не разумею, таму пытаюся: чаму вы? Незадаволеных – тысячы і больш. І ўсе чакаюць, спадзяюцца на нешта… ну, на нейкія дэмакратычныя, эвалюцыйныя працэсы. А вам навошта? Тут жа і рызыка пэўная…

– І рызыка, – лёгка, са скрухай згадзіўся Алесь Федарук, памаўчаў колькі, паціраючы сваю бараду, прадоўжыў: – Вось у вас, Васіль, ёсць такое разуменне: няведанне законаў не вызваляе ад адказнасці, так?

– Так, гэта – адно з асноваў усіх заканадаўстваў свету.

– І лухта ўсіх заканадаўстваў, бо такая норма супярэчыць агульначалавечаму! – выгукнуў пераканаўча Федарук. – Яшчэ дзве тысячы гадоў таму Хрыстос данёс галоўныя для ўсіх законнікаў словы: «Прабачце ім, бо яны не ведаюць, што робяць». Разумееце, Васіль? Адказнасць ляжыць не на тым, хто робіць, але не разумее, што робіць, але на тым, хто разумее, ведае, усведамляе, але не робіць! Вось галоўны стрыжань жыцця чалавека, які думае. Ты больш ведаеш і глыбей разумееш – на табе большая адказнасць. Звярніце ўвагу: Хрыстос не казаў пра магчымасці, але толькі пра веданне. Значыць, няма апраўданняў таму, хто сваё бяздзеянне хавае за сцяной штучных межаў для дзеяння… – Федарук нечакана панурыўся, абхапіў рукамі галаву. – Нам, Васіль, не вам, а нам – інтэлігенцыі, творчай найперш, за ўсё і адказваць. Прыйдзе час… Ці, можа, на тым нейкім свеце, няважна, як яно там выглядаць будзе, можа, Пятро спытае, можа – на чашу паставяць, на патэльню, у бочку апусцяць, але ж… Не спытаюць рабочага ад станка і селяніна з касой: чаму яны між «Пагоняй» і больш-менш стабільным жабрацкім існаваннем выбралі апошняе. З нас спытаюць – з тых, хто ведаў, да чаго вядзе такі выбар. І з мяне самы галоўны суддзя спытае – мой нашчадак: чаму я, такі разумны, які ведаў усю значнасць нацыянальнага, не патлумачыў, не давёў тым рабочым і сялянам, што выбіраць трэба найперш сваё існае, а каўбаса танная – тое другаснае. Вось чаму, Васіль…

вернуться

1

Марыя Мартысевіч «Нарадзі прэзідэнта».