Выбрать главу

Падлужны маўчаў больш за хвіліну, глядзеў сабе пад ногі, пасля павярнуў галаву да акна.

– Я не вінаваты, от. Гэта і скажу. Больш… Больш нічога. Не вінаваты… А раней было – тое сплыло.

Пад правым вокам у яго пачала трапятаць скура, ён зараз сядзеў увесь чырвоны і напружаны, сціснуты, быццам спружына, хоць ногі торгаліся, а рукі ён цяпер не проста цёр – моцна сціскаў пальцы па чарзе.

– Падлужны, калі вы не вінаваты ні ў чым, чаму ж так нервуецеся? – насмешліва спытаў я. – Калі вы не помніце, што за нагода была ў ведзьмы псаваць вашых кароў, ці не хочаце казаць, дык мы вам можам дапамагчы. Нагадаць вам пра далёкія гады, пра дзяўчыну Ганначку, якая прыязджала да вашай сястры і лячылася ў Зміцера. Помніце?

Нечакана для мяне Падлужны супакоіўся, унурыўся і замёр, быццам яго выключылі, з цела выйшла ўся сіла. Зірнуў мне ў вочы. Дзіўны быў у яго позірк, я не паспеў разгледзець, што было ў ім: нянавісць да мяне ці адчай, як ён зноў утаропіўся ў падлогу.

Тамара маўчала, і я зразумеў, што магу працягваць: эфект жа ад маіх слоў быў відавочным.

– Тады пачнём з Ганначкі, з тых часоў, – жорстка прадоўжыў я. – Жанчына сімпатызавала вам, але вы тады яе ігнаравалі. І ад безвыходнасці, ад адзіноты – яна ж была сіратой, у яе з блізкай радні нікога не засталося ў краіне – дзяўчына згадзілася выйсці замуж за чалавека, удвая за яе старэйшага, але спагадлівага – за свайго лекара, вясковага ведзьмака Зміцера. Прайшло колькі гадоў, яна нарадзіла, стала прывабнай жанчынай.

І вы раптам вырашылі, што яна вам падабаецца. Вы пачалі яе пераследаваць, шукаць з ёй сустрэч сам-насам, прапаноўвалі кінуць старога Зміцера і выйсці за вас… У вас было што-небудзь з Ганначкай, Міхась Сямёнавіч?

Фермер маўчаў.

– Падлужны, гэта не гульня ва ўспаміны! – прыгразіў я, зірнуў на Тамару і на нейкі момант разгубіўся: яна безуважна глядзела за акно, на лісце старой таполі, што трымцела ля шкла. – Падлужны, чуеце? – мусіў працягнуць я. Ну, не спыняцца ж мне з-за незразумелых капрызаў Тамары!

– Не было, – скрозь зубы літаральна працадзіў Падлужны.

– Не было нічога, акрамя таго выпадку ля рэчкі? Падлужны не выпростваўся – ён неяк незвычайна быццам вырастаў са стула, раздаваўся ў плячах, выцягваў шыю. Нават праз адзенне адчувалася, як напяліся ўсе ягоныя мышцы. Кроў адхлынула ад яго твару.

– Хто?! Адкуль? – ён крыкнуў, як звер, які трапіў у пастку, але мяне ў гэты момант здзівіла незвычайная рэакцыя Тамары: яна рэзка адкінулася на спінку крэсла, паморшчылася, як прафесійны тэатральны глядач ад самадзейнай гульні на вялікай сцэне.

– Цішэй, цішэй, Падлужны… Бач, пачуцці ў яго загаварылі! – Тамара ўзвысіла голас. – А дзе раней яны былі? Шаленства розум засціла? Жанчыну на той свет адправіў!

– Я? – Падлужны вылупіў вочы.

– Ты! – грэбліва адказала Тамара, вытрасла цыгарэту з пачка, прыпаліла, зацягваючы паўзу. – Ты адправіў. Нам вядома. Яна вешацца стала, яе Зміцер з пятлі выхапіў, ды ўпала так, што… Вось так было.

– То ж Зміцер! Зміцер, усе казалі, пабіў быў… Вядзьмак ён. І я спужаўся тады…

Падлужны апаў, бы спушчаны шар. Ён выклікаў гідлівасць. Здаравенны мужык мармытаў апраўданні, да ўсяго – гучна зашморгаў носам.

– Сволачы вы, а не мужыкі! – вынесла прысуд Тамара. – Ты маці на вачах дачкі, лічы, згвалтаваў.

– Няпраўда! – закрычаў Падлужны роспачна і бездапаможна. – Няпраўда, – ціха паўтарыў. – У нас… яна… Ганулька не вырывалася. Так, я настойваў, схапіў… Не сілай. Не змог бы…

– А я і не кажу пра згвалтаванне, – Тамара казала словы, як забівала цвікі. – А лепш было б, каб сапраўды згвалтаваў. Каб жанчына мужу хоць адкрылася, каб дзіця даравала маці, каб з табой па-свойму, па-вядзьмарску Зміцер разлічыўся!

– Са мной разлічыліся… Насця…

– І ты яе забіў?

– Калі б яна была чалавекам, не забіў бы, – стомлена, як з апошніх сіл, ціха прагаварыў Падлужны.

– А кім яна, па-твойму, была? – здзекліва перапытала Тамара. – Ведзьма не чалавек?

– Ласкай.

– Кім? – не вытрымаў, умяшаўся я.

– Ласачкай, – паўтарыў гэтак жа ціха Падлужны, стаў гаварыць, як кажуць пра сваю хваробу хранічна хворыя – без надзеі, але і без шкадавання: – Ласка ў хлеў забяжыць, па карове пачне бегаць. Той козытна, бегае ў агароджы, аж упадзе на ногі. Малако перагарае ўраз, мастыт потым. Уранні зойдзеш – у яе вочы чырвоныя, сама мокрая ажно, ледзь не кідаецца на цябе. Зміцер мог бы вылечыць, але ж не пойдзеш да яго… То адна дарога такой – на мясакамбінат. За апошнія гады чатырнаццаць кароў здаў. Купляў самых малочных у людзей спачатку, у тым годзе пародзістых набыў за валюту…

Начаваў у хляве. Тройчы ўпільноўваў, дык ці ты яе зловіш, ці чым патрапіш? Апошнія месяцы спакойна стала, я і падумаў: усё, перастала Насця мне помсціць… А тут бліжэй да поўначы неяк пайшоў да ветру, чую, як нервуецца карова. Заскочыў у хлеў. А яна так загулялася, што й мяне не пачула. І не збегла ў час. Вілы стаялі, як заўсёды, у куце, схапіў… Яна, ласачка, у той момант на сцяну кінулася, каб пад страху выскачыць, я і шпурнуў. І патрапіў таго разу… наскрозь зуб прайшоў. Спужаўся адразу. Яна… жывая яшчэ была. Панёс да Зміцера. Не хацеў я, каб яна памерла! Са злосці, з гарачкі шпурнуў вілы. Які ж гаспадар не шпурне? Да агарода Сцёпчыхі данёс, варушыцца пачала ў руцэ. Крыві амаль не было. Апусціў на мяжы ў траву, папаўзла. Я і пайшоў… пабег назад. Так было… – выдыхнуў стомлена Падлужны і замоўк.