Выбрать главу

Тамара таўкла недакуркам у попельніцы, маўчала. З хвіліну ў кабінеце было ціха, быццам тут нікога ўвогуле не было, нават нічыйго дыхання не было чуваць.

– Ідзі пасядзі ў прыёмнай, – загадала Падлужнаму Тамара. – Чакай там, нікуды не сыходзь.

Падлужны моўчкі выйшаў.

– Што ў цябе? – узняла на мяне вочы Тамара. Я разгубіўся.

– Вы пра Федарука?

– А дзе ты яшчэ быў? – хмыкнула Тамара. – Коратка давай, я пасля паперы гляну.

– Я не апытваў яго. Размова была. Ён даў зразумець, што адмовіцца ад сваіх слоў. Амаль ад усяго.

– І многа ён нагаварыў?

– Калі коратка: група апантаных ідэяй займець для краіны нацыянальнага лідара ўзяла на ўзбраенне нейкі стары міф пра Цмока. Насця Грыцук як лесбіянка павінна была нарадзіць дзіця. Мінулай восенню наладзілі абрад, на якім урачыста ажанілі Яшчура – таго самага Андрэя Дылько – з Насцяй. Яна зацяжарыла. Адначасова зацяжарвае, прычым спецыяльна, як мне прызнаўся Федарук, яго жонка. Яна, як і Насця, нарадзіла там, у Ляўдку, роды прыняла акушэрка, член іхняй групы. Дзіця Федарукоў з’явілася на свет з гідрацэфаліяй і памерла. Вам жа перадаў эксперт паперы: група крыві дзіцяці сведчыць пра тое, што яго не магла нарадзіць Грыцук. Сапраўднае дзіця Насці забралі сабе Федарукі. Яны вырашылі выхоўваць яго ўпотай ад усіх, таму жонка Федарука, пакуль я з разяўленым ротам слухаў яго байкі, уцякла ў невядомым кірунку разам з дзіцем. Вось такія… казачкі.

– Зразумела… Слухай, мне на пенсію дакладна пара, – нечакана ўздыхнула шчыра Тамара і дадала з жалем: – Першы раз за столькі гадоў забыла кашалёк. Выручы па-сяброўску – схадзі купі шакаладку якую прыкусіць, ну, і бутэльку. Без ста грам нам не разабрацца.

Я, збіты з панталыку, выйшаў у прыёмную. Зіначка не глядзела ў мой бок, зацята ціснула на кнопкі клавіятуры. Мне стала сорамна. Падлужны сагнуўся ў куце на стуле, безуважны да ўсяго.

– Налівай сам, – загадала-папрасіла Тамара, калі я вярнуўся з каньяком, шакаладкай і прычыніў дзверы.

Мы выпілі моўчкі, Тамара не стала браць кавалак шакаладкі, якую я паламаў, адразу закурыла.

– Нарэшце распагодзілася, – гледзячы за акно, загаварыла яна. – Паеду на дачу сёння. Стамілася… Слухай, час абедзенны, ідзі сабе, адпачні. Я тут падрамлю ў крэсле. Апошнія ночы не сплю амаль.

Я паслухаўся адразу ж, устаў і выйшаў. І праўда, адчуў голад. Пайшоў на кватэру.

Не хацелася разважаць, думаць пра нешта. Я стаў адчуваць, як справа з гэтым дзіўным нараджэннем дзіцяці, смерцю Насці пачынае адыгрываць у маім жыцці нейкую асаблівую ролю. Амаль фізічна яна навісала нада мной незразумелым цяжарам, небяспечным для мяне асабіста. Не ў фізічным сэнсе. То была небяспека для маіх прафесійных правіл, звычак і норм, майго стаўлення да навакольнага свету. Нехта быццам падказваў мне: сёння ці заўтра трывалы падмурак маіх уяўленняў ператворыцца ў тую самую травяную посцілку пад нагамі, гатовую прарвацца ў багністую бездань у любы момант, калі я зраблю крок не туды, куды трэба. Я стаміўся, далібог, фізічна і маральна стаміўся ад гэтай гісторыі. Хацелася хутчэй закончыць усё. Але як?

Як можна браць у справу такія вось паказанні Падлужнага? Каб цябе палічылі вар’ятам? Каб зрабіцца пасмешышчам на ўсю краіну, а тваё прозвішча разам са справай стала байкай для будучых студэнтаў юрфака?

Трэба арыштоўваць Падлужнага… Пасядзіць у камеры дзень-другі без сваіх кароў – згадае да хвіліны тую ноч і што было насамрэч, якая там ласка бегала.

Вуліца нечакана падалася мне няўтульнай. Залітая сонцам, нагрэты асфальт… Ці то я так прызвычаіўся да шэрасці? Цягне хутчэй у халадок веранды.

Пакуль дайшоў, есці расхацелася. А вось кавы… Зрабіў, прысеў у крэсла. Глынуў два разы, закурыў і млява выцягнуўся наколькі мог – стала так утульна і хораша. Ды гары яно ўсё гарам! У Тамары – вопыт і права рашэння. Хай думае. Яна там дрэмле, і я падрамлю, хоць нейкія паўгадзіны.