Гэтых трыццаць хвілін хапіла, каб узняцца з крэсла лёгка і з настроем. Здаецца, ні пра што не думаў, а тут вырашыў катэгарычна, быццам гэты час прысвяціў гарачай спрэчцы з самім сабой і прыйшоў да высновы: я следчы, мне трэба шукаць рэальныя факты, запісваць паказанні сапраўдных сведкаў без усякай чартаўшчыны. І даводзіць справу да канца.
Магчыма, рашучасць лёгка чыталася на маім твары, бо Тамара без усмешкі заўважыла:
– Бачу – адпачыў, бадзёры… Ну слухай, – яна ўзяла аркуш з тэкстам, прабегла яго вачыма, адшукала патрэбны радок і зачытала: – Група крыві – трэцяя, рэзус – адмоўны. Гэта паўторнае заключэнне эксперта па тым дзіцяці… Бывае, памыліўся чалавек першы раз, пераправерыў. Тым больш падставы для сумненняў былі… Цяпер вось, чытай сам. – Тамара пасунула на край стала ў мой бок некалькі аркушаў. Я падышоў, узяў. Пратакол допыта Міхася Падлужнага.
«Я, Падлужны Міхаіл Сямёнавіч, наконт зададзеных мне пытанняў хачу паведаміць наступнае. У ноч з 5 на 6 чэрвеня мяне разбудзіў брэх майго сабакі. Я сплю чуйна, адразу прачнуўся і выйшаў з хаты на падворак. Было месячна. Паглядзеў, у які бок брэша сабака, загадаў яму замаўчаць, выйшаў на гарод. У святле месяца пабачыў дзве постаці каля сваіх стажкоў пад дубамі, яны былі без адзення. Былі чутны асобныя галасы, я разлічыў – мужчынскі і жаночы, слоў не разабраў. Але па голасе пазнаў жанчыну – Насцю Грыцук. Пасля мужчына быццам нешта голасна спяваў ці чытаў вершы нараспеў. Па голасе мне здалося нібыта дачнік, прозвішча не ведаю, клічуць Андрэем, ён жыў адзін. Там жа, між стажкоў, стаяла мая конная грабалка. Гэтыя мужчына і жанчына былі каля яе, качаліся ў траве. Я не стаў далей глядзець і пайшоў у хату. Калі заходзіў у дзверы, пачуў жалезны ляскат, зразумеў, што яны там ці то спецыяльна, ці то незнарок апусцілі рычаг. Хачу патлумачыць таксама, што рычаг апускання зубоў грабалкі быў ненадзейны, шмат зубоў было паламана, я збіраўся на днях заняцца рамонтам. Праз дзень я вырашыў заняцца грабалкай. Яе зубы, як я і думаў, былі апушчаны. Я іх падняў, зняў пагнутыя і паламаныя, астатнія зачысціў ад іржы. Адзін зуб быў нязначна запэцканы ў нешта рудое. Я выцер яго травой, не прыдаў значэння…»
Ці не ўпершыню я адчуў такую глыбокую пустэчу ўнутры. Ні думак, ні адчуванняў. Першы раз у маёй небагатай практыцы закрывалі справу, якая не была расследавана. Маю справу. І закрывалі не таму, што я не мог далей прасунуцца ні на крок, не таму, што наперадзе быў тупік, а…
– Чаму? – не ўздыхнуў, а хапнуў паветра, як пасля зацяжнога нырца, і ўзрадаваўся, адчуўшы, як пустэча ўнутры імкліва запаўняецца раздражненнем, злосцю, прагай супраціўлення – кактэйлем майго абражанага самалюбства.
– Таму, – неахвотна адказала Тамара. – Не маленькі…
– Ну няхай і памыліўся эксперт, а цяпер паправіўся. Дык трэба заказваць генетычную экспертызу…
Мне хацелася казаць упэўнена і горача, настойліва, важка і грунтоўна, а атрымалася бездапаможнае лепятанне, і я нічога, нічога не мог зрабіць са сваім голасам – ён не слухаўся мяне. Я змоўк на імгненне, удыхнуў-выдыхнуў паветра і прымусіў сябе вымаўляць літаральна па адным слове:
– Я ўпэўнены. Федарукі нарадзілі тое дзіця, якое памерла. Дзіця Насці Грыцук забрала Вольга Федарук. Знікла ў невядомым кірунку. Трэба. Правесці. Дзве генетычныя экспертызы.
Я не ведаў Тамару. Далібог, я прадбачыў, якую рэакцыю можа выклікаць маё супраціўленне, але ніяк не чакаў, каб Тамара, гэты прафармалінены канцыляршчынай сухар, раптам ператварылася ў самую звычайную жанчыну, якая невядома чаму нацягнула на плечы службовы фрэнчык з пагонамі. Ці то цень ад акна так упаў, ці то падалося, як высахлыя Тамарыны шчокі ўраз бездапаможна абвіслі, куточкі рота папаўзлі ўніз, вочы напоўніліся бабскім вільготным сумам.
– Сядзь бліжэй, – папрасіла Тамара, пацягнулася ў стол і дастала бутэльку, потым чаркі. Наліла сама ў дзве, тут жа выпіла адну. Нейкі ўнутраны супраціў стрымаў мяне, я не ўзяў сваёй. Тамара быццам не заўважыла майго жэста.
– Ведаеш, што б я змяніла, каб была Богам? – спытала яна і, не чакаючы адказу, працягнула: – Я б так зрабіла, каб вы, мужыкі, таксама нараджалі.
Я маўчаў.
– Тады б вы ведалі значэнне дзіця для маці. Чаго мне каштавала выбіць грошы ў мінулым годзе на генетычную экспертызу па згвалтаванні! А цяпер ты прапануеш патраціць шалёныя грошы, каб адабраць здаровае дзіця ў здаровай маці? І куды яго пасля? У дзіцячы дом? Так?
Тамара не абвінавачвала, не злавалася, яна дакарала, бы маці неразумнага сына. Наліла яшчэ раз сабе на донца, даліла ў маю некранутую чарку. Зноў, не прапаноўваючы мне, выпіла. На гэты раз я ўзяў чарку, пакруціў у руках і пасля зрабіў глыток.