Выбрать главу

Ведаю, наколькі такі вось момант напружвае і часам нервуе чалавека – калі ты пачынаеш уносіць у ліст апытання біяграфічныя даныя. Мне і самому не падабаецца, але трэба…

– Ганна Антонаўна, Віктар Паўлавіч коратка, але дастаткова змястоўна выказаўся наконт Насці Грыцук. Што вы можаце сказаць пра яе як работніка, як чалавека?

– Ды добрая работніца… была, – уздыхнула з усхліпам зусім па-бабску медсястра. – Ніяк не верыцца… Адказная. Ніколі не трэба было падганяць. Зноў жа, як да хворых, дык не заўважалася, каб адным увага, а другім абы зрабіць. Для яе ўсе роўныя былі – ці малады хлопец з грыжай, ці стары дзед з гемароем. Дужая, сама амаль заўсёды спраўлялася, калі пад цяжкім кім прасціны памяняць ці самога памыць. Не, не магу нічога дрэннага згадаць.

– А які яна была чалавек? Як у калектыве?

– Ну што… звычайна… Не канфліктавала. Ну… папраўдзе, яна ні з кім асабліва не сябравала. Убаку ад усіх, хоць калі які стол агульны на свята, дык не цуралася. Трошкі дзікаватая як быццам. Але не сквапная. Не гаваркая, але ж і не маўчун які, бяседу падтрымае. Такая вось… ціхая, спакойная. Можа, занадта спакойная. Надта не пасмяецца, але і раздражнёнай яе не бачылі.

Усё больш у сабе хавала, відаць, былі ў яе нейкія іншыя цікавасці. Сярод санітарак толькі яна ў такім узросце, астатнія – амаль пенсіянеры. Ну, а з медсёстрамі… У нас, ведаеце, ёсць трошкі такое… ведаеце, прафесійнае. Калі медсёстры больш між сабой, малодшы персанал – між сабой…

– Зразумела, дзякуй… А як жанчына? Яна не была замужам. А жанчына ж статная, на твар – прыгожая. Характар, як вы кажаце, роўны, спакойны. Чаму яна не была замужам? У яе быў мужчына, не ведаеце? Прыходзіў да яе хто?

– Ой, тут і не ведаю, як казаць, – замарудзіла з адказам медсястра.

– Кажыце, як ёсць, – супакоіў-падахвоціў я. – Для нас самая нязначная дробязь можа стаць важным фактам. Кажыце, як думаеце, калі не ведаеце.

– Дык не было ў яе мужчыны, дакладна, – з уздыхам, асцярожна пачала Ганна Антонаўна. – Як прыйшла была, то пыталіся ў яе часам, жартавалі: давай табе хлопца знойдзем. А потым… не ведаю, ці казаць… Заўважыла я аднойчы, выпадкам, як яна глядзела на адну медсястру, калі пераапраналіся, на змену прыйшоўшы.

– Як глядзела?

– Ды так вось… Як мужчыны глядзяць, – зноў уздыхнула Гана Антонаўна. – А пасля і нашы ўсе пагаворваць сталі, што… ну, цікавіцца Насця жанчынамі. Дык ад яе трошкі асобна сталі трымацца. Бо дзіка ж. Пасля прывыклі, ды яна і не прыставала ні да кога… з нашых, не заўважалі. Але вось як пераапранацца, дык з ёй неяк і саромеліся. Адна яна заставалася.

Жаночы голас праз селектар перапыніў нашу размову:

– Віктар Паўлавіч, тут Святлана Мікалаеўна чакае…

Галоўурач запытальна павярнуўся ў мой бок, і я паспешліва кіўнуў:

– Запрасіце.

Святлана Мікалаеўна – як я зразумеў, загадчыца аддзялення – зайшла ў кабінет. Глыбока пасаджаныя вочы і выразныя цёмныя кругі з адвіслымі складкамі пад вачыма надавалі яе твару стомлены, нават непрыгожы выгляд. Больш за тое, мільганула думка: жанчына толькі выйшла з запою. Але пастава яе, тое, як яна прысела на крэсла – упэўнена, але не з нахабнай самаўпэўненасцю, – а больш яе ўважлівы, прафесійна-дапытлівы позірк падказвалі мне, што паўкружжы пад вачыма – ад захворвання, магчыма, нешта з ныркамі. Ці сапраўды, ад стомы. Пасля таго, як я запісаў дадзеныя, асцярожна спытаў наконт цікавасці Насці Грыцук да жанчын.

– Так, я ў курсе яе сэксуальнай арыентацыі.

Але Насця выключна сціплая ў гэтым плане. Яна – дастаткова разумная маладая жанчына.

– Была, – паправіў нехаця галоўурач.

– Так, была, – нечакана ціха пагадзілася загадчыца аддзялення і зірнула на мяне: – У Насці Грыцук не было ворагаў, я дакладна ведаю. Сяброў блізкіх не было таксама, але і ворагаў, хто б пайшоў на смертазабойства, не было. А што яе знайшлі, як тут кажуць, цалкам аголенай на полі – тое ўвогуле з вобласці ірэальнага.

– На жаль, рэальнасць, – паправіў я доктарку. – Мне трэба будзе паразмаўляць з кожным работнікам вашага аддзялення. Няўжо ў вашай санітаркі не было хоць якой сяброўкі, якой бы яна больш-менш давярала, з кім дзялілася сваім набалелым?

– Яе сяброўкі – у інтэрнэце, – упэўнена адказала Святлана Мікалаеўна. – Некалькі разоў я бачыла, як яна там бавіла час, карыстаючыся сваім тэлефонам. Звярнула ўвагу: у яе быў самы сучасны тэлефон. Яна мне пра тое сама казала, калі я пацікавілася. Шукайце там яе сяброў…

Мабыць, сакратаркі не было на месцы, бо дзверы асцярожна прыадчыніліся, галоўурач зірнуў на іх і тут жа запрасіў: