Выбрать главу

Думкі млява чапляліся адна за другую, выцягваліся са свядомасці на паверхню той самай плыні. Я чакаў, пакуль яны распаўзуцца сярод многіх іншых, паверхня стане вольнай, бяспечнай і бесперашкоднай для мяне.

Ды атрымалася наадварот. Падумаў пра магчымыя стасункі Насці і іншых хлопцаў, думка пераскочыла на тое, што мне вельмі многае яшчэ невядома з жыцця гэтай жанчыны і адначасова – наколькі неспадзявана шырока адкрылася мне жыццё ўвогуле. Трэба прызнаць: за нейкі тыдзень мая такая спакойная плынь пачала прырастаць асобнымі дарожкамі-струменямі, пра якія я калі і ведаў, дык ніколі пільна да іх не прыглядаўся. А цяпер яны адчувальна кранаюць мяне, трывожаць, прымушаюць нервова азірацца па баках і мімаволі параўноваць.

Вунь бліжэй да абрывістага берага нясецца хутка, ажно віруе, халодная і цёмная вада. Але ж і вабіць тым, што яна чысцейшая за маю, больш жывая. Гэта Федарук і ягоны гурток этнаграфічны. Так, я нешта чуў пра апазіцыю ды іншыя палітычныя партыі, нездарма ж чыталі нам лекцыі сівагаловыя колішнія бальшавікі. Адзін нават сваім партыйным білетам хваліўся, які, аказваецца, збярог і гатовы быў нам прадэманстраваць. Але ж Федарук… Нельга не прызнацца самому сабе – паверыў я ў ягоную шчырасць, адчуў, што яму насамрэч баліць. Атрымліваецца, яны ёсць сапраўды – людзі, якіх турбуе жыццё іншых, жыццё краіны цалкам і непакоіць у такой ступені, баліць так моцна, што яны ахвяруюць сваім часам (ды і ці мала яшчэ чым!), нешта імкнуцца рабіць, няхай сабе і сваімі дзівацкімі спосабамі.

Вось са мной побач вада павольная, але ўпартая, у ёй адчуваецца прыхаваныя моц і пяшчота, і я зайздрошчу яе глыбіннай сіле. То Надзея, яе жыццё з яе забароненай любоўю. Навошта ёй, гандлярцы на рынку, ды няхай і настаўніцы ў мінулым, быў патрэбны той Касцюшка, герой забытай даўніны? Хіба нельга было ёй вырачыся сваіх прынцыпаў, жыць звычайным школьным жыццём правінцыйнай настаўніцы? Навошта ёй клопаты пра светапогляд падлеткаў? Ды ўсё роўна тры чвэрці з іх засмокча прага вялікіх грошай і славутага дабрабыту, мізэрная доля загрузіць свае мазгі кар’ерай і навукай, каб зноў жа, урэшце, атрымаць той дабрабыт і грошы, а астатнія пройдуць праз кабінет следчага і працягнуць «свае ўніверсітэты» за высачэзнай турэмнай агароджай.

У чым сэнс гэтых незразумелых змаганняў з сістэмай? Няўжо нельга проста жыць? Проста выконваць добрасумленна сваю справу, атрымліваць заробленыя грошы, уладкоўваць свой куток, засынаць з чыстым сумленнем, не баяцца начных тэлефонных званкоў і, галоўнае, не мучыць сябе пустымі і дарэмнымі пытаннямі, не ствараць сабе праблем? Няўжо не бачна, што сістэма мае свае законы развіцця, дзяржава ўрэшце рухаецца некуды…

Я задаваў апошнія пытанні Надзеі, калі яна, трохі знерваваная чаканнем, варыла мне пельмені, якія сама ляпіла. Выйшла насустрач мне (мабыць, сачыла праз акно), загадала ісці да яе вячэраць.

Дзяліўся з ёй сваімі думкамі пра гэтыя плыні, якія цяклі ў маім уяўленні, і мне хацелася, далібог, пачуць ад яе: я думаю правільна, трэба проста жыць, а не займацца выратаваннем нацыі і народа. І адначасова з тым я адчуваў, як уся мая перакананасць трымаецца адно на маім жаданні не жыць, а менавіта плыць – куды вынясе, у спакоі і без асаблівых турбот, а калі тыя надарацца, дык каб толькі прафесійныя, каб ільга было пакідаць іх у сваім кабінеце, зачыняць у пяць гадзін вечара на ключ – і да самага ранку. Так, я ніколькі не адмаўляўся ад сваёй перакананасці ў абавязковым знаходжанні кожнага на сваім месцы, але ж вось у чым была праблема: і Надзея быццам на сваім месцы, і Федарук, і акушэрка Русецкая, і Насця была пры справе, і кожны робіць сваё як можа і ўмее, але іх, у адрозненне ад мяне, яшчэ цікавяць рэчы па-за межамі іх прафесійных заняткаў, хатніх і асабістых турбот. Хвалюе тое, што быццам хваляваць не павінна. Яны могуць аддаваць гэтаму частку свайго жыцця. Таму я ўсім ім прайграю. Быццам у мяне нечага не хапае, у нечым значным я бяднейшы за іх. І мне крышку сорамна. А раптам я сапраўды не маю рацыі, то і мая справа – заўтра маёй краіны, яе людзей, гістарычнага мінулага?