– Самы лёгкі варыянт, – уздыхнуў Сяргей. – А мог такі майстар быць суседам таго, хто працуе.
– Як думаеш, адзіная зробленая рэч?
– Наўрад, – Сяргей яшчэ раз уважліва агледзеў бірульку. – Ведаеш, глыбокія рэзы, дакладныя і ўпэўненыя… Не, яна не першая ў рэзчыка.
– Дзякуй.
Мы пасядзелі з паўгадзіны, Сяргей заспяшаўся спаць.
На вуліцы была ноч, праз адчыненае на верандзе акно неслася стракатанне цвыркуноў. Надзея сядзела задуменная ў крэсле, не спяшалася прыбіраць са століка.
– Навошта ты так? – з крыўдай у голасе спытала яна.
– Што – навошта? – быццам не зразумеў, перапытаў я, але ў той жа момант вырашыў, што прыкідвацца нельга, гэта можа пакрыўдзіць да глыбіні душы жанчыну, і прызнаўся: – Ну, я і праўда хацеў спытаць… Сёння я зрабіў адзін крок… супраць сябе ранейшага, супраць свайго цячэння. Зрабіў вось гадзіну таму другі. Хачу зрабіць і трэці.
– Хочаш паспрабаваць пажыць разам? – напружана спытала Надзея.
– Не, – рэзка адказаў я, выпрастаўся, а пасля і падняўся з крэсла, стаў насупраць Надзеі: – Хачу, каб ты была маёй жонкай. Хачу, каб нарадзіла мне дзіця. Хачу, каб ты была гаспадыняй у нашым доме. Але ў мяне ёсць адна ўмова.
– Якая? – здзіўлена насцярожылася яна, пэўна, яшчэ не ўсведамляючы ўсё пачутае.
– Я не хачу быць прымаком…
– Дурны ты… У мяне стары дом, зусім стары. У ім холадна зімой. Ён маленькі. Давай пабудуем новы…
– Ты згодна?
Я апусціўся перад Надзеяй, схаваў твар у яе голыя калені, чакаў дотыку яе рукі на сваёй галаве. Яна і праўда паклала свае далоні мне на патыліцу, пачала перабіраць пальцамі валасы. З хвіліну мы маўчалі.
– У тую навальнічную ноч… Я не думала, што ў нас нешта атрымаецца. І не брала таблетак. А быў той самы час…
– Значыць, ты зацяжарыла? – я ўзняў позірк і спалохаўся на нейкае імгненне: з вачэй Надзеі цяклі слёзы, мокрыя бліскучыя дарожкі на яе шчоках у святле настольнай лямпы рухаліся, быццам жывыя.
– Калі якія дзеці і атрымліваюцца ў такой навальнічнай жарсці, дык хіба цмокі, – усміхнулася яна скрозь слёзы, шмыгнула носам. – Даруй, – выцерла твар адной далонню. – Ніколі не думала, што буду калі-небудзь плакаць ад шчасця…