Нарадзіла неўзабаве Саня дачушку, ладную, крэпенькую, і сама як быццам акрэпла, павесялела. На работу вярнулася. І ў Марылі адлегла ад сэрца - якой матцы не прыемна, калі ў дзіцяці ўсё добра?
Ды якіх праз паўгода зноў Саня пазмрачнела. Стала скардзіцца, што жывот пабольвае. Думала: пройдзе. А яно далей - болей. Кепска зусім. Раніцаю скурчыцца ад болю, а выгляду не падае - і дачку пакорміць, і ў хаце прыбярэ, і на работу бяжыць...
Але колькі ж можна цярпець? Паехала Саня да доктара. Прыязджае - язва! Што?.. Як?..
Пайшла Марыля па людзях зноў. Маракавала ля Сані цэлае лета - і сок капусны давала, і сок бульбяны, якімі толькі зёлкамі ні паіла, а паправунку ніякага.
Памог праполіс, пра які яна дазналася ў Пінску, на рынку. Параіў адзін чалавек (дай яму Бог здароўя), ён і прадаў гэтага праполісу, нават пляшка спірту ў яго знайшлася для настою.
Расчуленая, Марыля накінула за лекі пяцёрку, але чалавек не ўзяў. «Мне, кажа, маладзіца, лішняга не трэба. Я на чужой бядзе багацця рабіць не збіраюся. Хай п'е на здароўе. А будзе лепшаць - прыязджай. Сам я не з Пінска, а з Падбалоцця. Чула такую вёску? Прыедзеш, папытаеш Мікіту-пчаляра, табе любы пакажа маю хату».
Ездзіла яна да таго добрага чалавека яшчэ двойчы: лекі яго памаглі Сані. Пакуль капаць бульбу, яна паправілася зусім.
Цяпер, праз гэтулькі гадоў, здаецца, што нічога страшнага і не было. А тады наперажывалася Марыля. Саню, бывае, суцяшае, крычыць на яе, каб дурныя думкі з галавы выкінула, а сама заснуць не можа. Плача - слёз не хапае.
Дзякаваць Богу, абышлося. У вёсцы ніхто нічога не заўважыў. А людской пагалоскі Марыля баялася не менш, чым праклятай язвы. Пусцяць якую паганую плётку - за тры гады не адмыешся.
Пра хваробу ведаў толькі Віктар. Прызналася яму Саня. Марыля дык нават насварылася была на дачку, навошта сказала - мужчыны ўсе аднолькавыя, любяць жонку, пакуль яна здаровая. Віктар, праўда, аказаўся маладзец. Не толькі ні за што не ўпікнуў Саню - як мог памагаў ёй: не даваў цяжка рабіць, заступаўся, калі свёкар спрабаваў бурчэць...
К зіме дачка з зяцем перабраліся ў сваю хату. Не трэба было больш нікому дагаджаць. Самі сабе гаспадары. Дый Марыля цяпер магла забегчы, памагчы, што трэба, - хата ж побач.
Гадоў з пяць жылі яны хораша, дружна. Саня, як і раней, працавала ў канторы, касірам. Віктар, каб мець больш вольнага часу і каня ў руках, уладкаваўся заўхозам у школу. За адно лета навазіў ён лесу і напілаваў гэтулькі дошак, што абгарадзіў сядзібу і яшчэ засталося. Другім летам на месцы дашчанага хлеўчука паставіў новы хлеў, не хлеў - стадолу, дзе пад адным дахам былі адрына, павець, стойлы для каровы, для свіней, асобныя катухі для курэй і гусей. І ўсё гэта пад шыферам, на цэментавым падмурку - як ні ў кога ў вёсцы. «От што значыць хадзяін!» Марыля не магла нарадавацца, нахваліцца сваім зяцем.
Віктар жа не толькі сваю сядзібу давёў да ладу, але і на іхнім двары знайшоў што зрабіць. Колькі й жылі яны з Кандратам, ля хлява ў іх была вечная гразь, якая хіба толькі і высыхала ў спякотлівае лета. Віктар падахвоціў Кандрата, пракапалі яны канаўку, спусцілі ваду, прывезлі пару вазоў жвіру, засыпалі лужыну. А зверху з цэментавых пліт, што засталіся ў Віктара ад хаты, выклалі дарожку, проста да хлява... Неяк зімою ўбачыў Віктар, што яна доіць або ў цемнаце, або пры газоўцы, - правёў электрычнасць у хлеў.
Не, на зяця Марыля нічога благога сказаць не магла. А вось дачка... Дачка яе, займеўшы сваю хату, сваю гаспадарку, стала мяняцца на вачах. Спярша, праўда, прасіла: «Можэ б, вы паглядзелі за дзецьмі, а то еду па грошы і вярнуса позно...» Адчуўшы яе пакладзістасць, не прасіла ўжо, а, бегучы раніцай на работу, адно толькі кідала ёй на хаду, іншы раз нават не пераступіўшы парога: «Мамо! Я не паспела выпаліць у печы, паглядзіце там...»
Далей - болей. Ужо стала загадваць: «Пакорміце свіней!», «Памыеце бялізну!», «Прыбераце ў хаце!».
Не раз хацела Марыля сказаць дачцэ, што ў яе і свайго клопату хапае, але, разважыўшы, адганяла крыўду прэч. Шкадавала Саню: яна, бедная, нацярпелася. Толькі й пабачыла свету, як сюды перабралася. Дый хто ёй паможа, калі не матка?
А Саня камандавала. Ды яшчэ і прыкрыквала: не так зрабіла, не туды ступіла! Аднаго разу, калі дачка стала павучаць яе, маўляў, хто ж гэтак робіць, дзіва, што ў вас ніколі парадку не было, Марыля не вытрымала, сказала:
- Усякая будзе гаспадыня, калі поўная скрыня.
- Ну от! - незадаволена гмыкнула Саня. - Пагавары з вамі. Калі не разумееце, дак хоць бы слухаліса.
- Аге ж... За добрым мужыком і ты разумная.
Такія прыкрыя сваркі ўзнікалі паміж імі ўсё часцей і часцей. Апошнім часам дык не тое што кожны дзень, а нават некалькі разоў на дзень. Асабліва пасля той размовы пра хату. І хаця «Жыгулі» яны ўсё адно купілі (знайшлі-такі грошы!), але Саня цяпер і на вочы не напускала яе.